Чуднаўскі цуд… …або Пра помнік Яну Баршчэўскаму

№ 42 (1481) 17.10.2020 - 23.10.2020 г

У сярэдзіне красавіка 2019 года ва ўкраінскім мястэчку Чуднаў, што на Жытоміршчыне, была зроблена сенсацыйная знаходка — надмагільная пліта аднаго са славутых сыноў беларускай літаратуры палачаніна Яна Баршчэўскага. Знаходцы было прысвечана нямала месца на старонках як замежных, так і беларускіх СМІ. Згадвала пра гэты артэфакт у адной з публікацый і “К” (гл. № 44, 2019 г.). А некалькі дзён таму прыйшла новая навіна: у Чуднаве быў усталяваны помнік аўтару “Шляхціца Завальні”. Падзея, вядома, не шэраговая, таму мы вырашылі распавесці і пра знаходку, і пра помнік, і ўвогуле пра ўсё. Ад самага пачатку.

/i/content/pi/cult/820/17540/8.jpgЗагадкавы Ян Баршчэўскі

“Незайздросны лёс выпаў на долю Яна Баршчэўскага. Бяспрэчна, таленавіты пісьменнік, ён усё жыццё імкнуўся да красы, да завоблачных вяршыняў паэзіі, але фартуна, часам узняўшы яго на прыступку вышэй за іншых, нярэдка без папярэджанняў кідала ўніз, у бездань.

І было так не толькі пры жыцці. Амаль паўтара стагоддзя пасля смерці Яна Баршчэўскага хвалі мора гісторыі беларускай літаратуры то ўздымалі яго на свой грэбень, то глыбока тапілі ў падводных вірах. Мусіць па гэтай прычыне і маем мы сёння так мала біяграфічных звестак пра Яна Баршчэўскага, не вельмі шмат ведаем пра ягоную творчасць і пра ягонае атачэнне. Што й гаварыць — дакладна нават і год нараджэння пісьменніка не вызначаны. Сапраўды, калі адзначаць 200-годдзе з дня ягонага нараджэння?” Так напісаў беларускі літаратуразнаўца Мікола Хаўстовіч у 1990 годзе, укладальнік выдання “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”.

Прайшло восемь гадоў і “Беларускі кнігазбор” выдаў том, прысвечаны Яну Баршчэўскаму. Усё той жа Мікола Хаўстовіч у прадмове піша наступнае: “Нягледзячы на шматлікія намаганні даследчыкаў, год нараджэння Яна Баршчэўскага з поўнай дакладнасцю высвятліць пакуль што не ўдалося. Адны з іх называюць 1790, другія — 1794, трэція — 1796 і 1797 гады. Аўтар гэтых радкоў на падставе знойдзеных дакументаў падаў у друк яшчэ адну дату — 16 снежня 1799 года. Але, як пераканаўча давёў Генадзь Кісялёў, гаворка ў тых дакументах ішла пра іншага Яна Баршчэўскага (Полымя, 1985, № 1). Такім чынам, пытанне пра год нараджэння пісьменніка застаецца адкрытым”.

/i/content/pi/cult/820/17540/9.jpgТакая шырокая “палітра” дат нараджэння нагадвае складанасці з датыроўкай часу прыходу на свет і Тадэвуша Рэйтана. Прапаноўваліся наступныя варыянты — 1741, 1742, 1746, 1752, 1757. Але нашымі намаганнямі ўдалося наблізіцца да сапраўднай даты ўдотык — кастрычнік або лістапад 1740. Дарэчы, згаданы Тадэвуш Рэйтан мае хоць і ўскоснае, але дачыненне да Яна Баршчэўскага. Менавіта дзякуючы гасціннасці ўнука роднай сястры Рэйтана, літаратара і вядомага грамадскага дзеяча Генрыка Равускага (Жавускага), Ян Баршчэўскі пражыў апошнія гады жыцця ў атмасферы сяброўства і спакою. Маёнтак Равускіх у Чуднаве быў зацішнай гаванню сярод таго бурнага мора жыцця, аб якім вышэй згадваў Мікола Хаўстовіч.

Што ж да таго, ці ўдалося беларускім даследчыкам за прамінулыя дваццаць два гады разгадаць, калі мы мелі шанец адзначыць 200-годдзе Яна Баршчэўскага, то тут усё не так сумна, як можа падацца. Бо сумеснымі намаганнямі гісторыкаў у даследванні паходжання і жыццярыса Яна Баршчэўскага ёсць значныя дасягненні. Напрыклад, удалося разабрацца ў радаводных гушчарах пісьменніка. Аказалася, што дзед Фёдар, бацька Ян і шматлікія браты і іншыя сваякі Баршчэўскага — амаль усе былі ўніяцкімі святарамі. Дарэчы, менавіта намаганнямі гісторыкаў Дзмітрыя Вінаходава і Дзяніса Лісейчыкава, якія немала высілкаў прыкладаюць для разблытвання таямніц Баршчэўскага, удалося даволі блізка падысці да даты ягонага нараджэння. Супастаўляючы розныя архіўныя звесткі, прапанавана наступная датыроўка — не раней 4 лістапада (15 лістапада па новаму стылю) 1792 года і не пазней за 15 студзеня (26 студзеня па новаму стылю) 1793-га.

Таксама гэтымі гісторыкамі вызначана месца нараджэння пісьменніка. Па замоўчванні лічыцца, што нарадзіўся ён у вёсцы Мурагі. Але, як вынікае з дакументаў у Мурагах, Баршчэўскія з’явіліся ўжо пасля нараджэння Яна. Па ўсёй верагоднасці, будучы пісьменнік прыйшоў на свет у вёсцы Няведра (блізу Невеля). Архіўныя знаходкі былі апублікаваны гісторыкамі ў некаторых альманахах.

Праўда знаходка надмагільнай пліты Яна Баршчэўскага ізноў, як камень кінуты ў ваду, выклікала пэўныя хваляванні ў стане гісторыкаў. Бо стваральнік эпітафіі з адной толькі яму вядомай прычыны напісаў, што на момант смерці Ян Баршчэўскі меў 70 гадоў. То-бок, нарадзіцца мусіў не ў 1792 — 1793 гадах, а ў 1781-м. Спадзяюся, што і гэтая загадка будзе разгадана.

Па кошце металалому

Вяртаючыся да надмагільнай пліты пісьменніка, неабходна больш падрабязна сказаць і пра яе лёс. У 2002 — 2003 гадах жыхар Чуднава Антон Прыходчанка, пракладаючы на сваім падворку газапровад, на глыбіні штыка рыдлёўкі наткнуўся на надмагілле. Хто і калі прывалок гэту пліту с разрабаваных каталіцкіх могілак, да якіх зусім блізка (метраў шэсцьсот), мы, відаць, ужо ніколі не даведаемся. А вельмі шкада, бо гэты “плітаноша” мог паказаць месца магілы Яна Баршчэўскага. Да 2019 года пліта знаходзілася ў “броўнаўскім руху”, перамяшчалася па падворку то ў хлеў, то ў будку для сабакі, бо ёй ніяк не знаходзілася прымянення. Даволі дзіўна, што за столькі часу гаспадар не зрабіў спробы высветліць, што напісана на ёй. І толькі дзякуючы цікаўнасці дачкі Антона Алены, якая “загугліла” імя, напісанае на пліце, выявілася, што тут, пад ланцугом дваровага сабакі, ляжыць сапраўдная сенсацыя.

Знаходкай адразу зацікавіліся прадстаўнікі мясцовай польскай грамады, якія за 500 грыўняў набылі пліту ў гаспадара, перавезлі на тэрыторыю дзеючага касцёла. На вялікі жаль беларусы даведаліся аб гэтым крыху пазней, калі пліта ўжо стала ўласнасцю палякаў. Што ў будучым прывяло да некаторага непаразумення.

Што ж было напісана на чыгуннай пліце, якая важыла каля 35 кілаграмаў?

JAN

BARSZCZEWSKI

MILOSNIK

BOGA

NATURY I LUDZI

PISARZ

NATCHNIEN

JCZUCIA

ZYL CNOTLIWIE

LAT 70.

UMARL

28.LUTEGO

1851 ROKU

У перакладзе гэты тэкст гучыць так: “Ян Баршчэўскі, любіўшы Бога, прыроду і людзей. Надхнённы і праніклівы пісьменнік. Дабрадзейна пражыў каля 70 гадоў. Памёр 28 лютага 1851 года”.

Цікава, што знаходка пліты актывізавала пошукі і адпаведных метрычных сведчанняў мясцовага касцёла. Хаця звесткі аб тым, што метрыка смерці Яна Баршчэўскага захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Жытомірскай вобласці з’явіліся на старонках беларускай газеты ЛІМ яшчэ 10 красавіка 1981 года (!). У 1983 годзе Генадзь Каханоўскі, які ініцыяваў пошукі метрыкі, таксама апублікаваў частку гэтага дакумента. І гэтыя ўрыўкі раптам пасеялі ў душах даследчыкаў жыцця і творчасці Баршчэўскага сумневы ў ягоным шляхецкім паходжанні. Толькі пасля знаходкі пліты метрыка была “знойдзена” другі раз і апублікавана цалкам. І выявілася, што сумневы былі дарэмнымі.

“1851 года Февраля 28 в М.Цуднове скончался Дворян Иоанн Барщевский от чахотки. Исповедовался и Св.Таинств приобщался. Свободного слостояния муж имевший от роду окола 54 лет Цудновской церкви прихожанин. Тело его преподобный отец Адам Пурышко Викарный Цудновской Церкви сего Марта 2 дня на Публичном Приходском Цудновском Кладбище похоронил”.

Як вынікае з метрыкі, Баршчэўскаму на гэты раз лёс адмераў “около 54 лет”. Бачна вялікая розніца паміж вынікамі даследавання пытання гісторыкамі, звесткамі з метрыкі смерці і надмагільнай пліты. Але, усё ж, шалі мусяць схіліцца да версіі, прапанаванай гісторыкамі Вінаходавым і Лісейчыкавым. Бо яны выкарысталі ўласныя сведчанні бацькі пісьменніка, які штогод рабіў пэўныя справаздачы. А вось на што абапіраліся складальнікі метрыкі і эпітафіі — невядома.

Дарэчы, пра фундатара пліты. На маю думку ім з’яўляецца пісьменнік граф Генрык Равускі (Жавускі), гаспадар сядзібы, у якога жыў Ян Баршчэўскі. На гэта ўскосна паказвае, як мне падаецца, “літаратурны стыль” эпітафіі. Ды і кошт помніка Баршчэўскаму быў, верагодна, не малы, мяркуючы па захаванай частцы. Таму наўрад ці прыяцелі беларускага пісьменніка, з якімі ён пазнаёміўся, вандруючы па ваколіцах Чуднава, праявілі б такі клопат пра яго памяць. Іншая справа сябра і “зямляк” Равускі. Трэба адзначыць і некаторае падабенства паміж імі. Абодва правялі значную частку жыцця на беларускіх землях. Абодва любілі наш край і пісалі пра яго. Абодва памерлі напрыканцы зімы (Равускі памёр 26 лютага 1866). Абодва былі пахаваны на чуднаўскіх могілках. Магілы абодвух былі сцёрты з твару зямлі часам і руплівымі месцічамі. І хто ведае, можа на падворках Чуднава хаваецца яшчэ адна сенсацыя…

Беларускім клопатам

Пасля таго, як суцішыўся шум вакол знаходкі пліты Яна Баршчэўскага, паднялася іншая хваля. На кон стала пытанне ўшанавання памяці пісьменніка. Беларускі бок, які прадстаўляў Фонд Марыі Магдалены Радзівіл, меў сваё меркаванне. А польскі бок, які хутка набыў надмагільную пліту, меркаваў па іншаму. Урэшце рэшт, як паведамляюць СМІ, сталася наступным чынам. Фонд (які ачольвае Алесь Сапега) і на рахунку якога ўсталёўка помніка славутаму берасцейцу Тадэвушу Касцюшку у Швейцарыі і іншыя праекты, вырабіў бюст Яна Баршчэўскага і разам з украінскімі мясцовымі ўладамі 12 верасня 2020 года ўрачыста адкрыў помнік у Чуднаве. Акурат у дзень горада. А польскі бок, сумесна з украінскімі ўладамі, плануе ўсталёўку знойдзенай пліты асобна.

На ўрачыстасці адкрыцця помніка людзей не бракавала, былі, вядома, і беларусы, мерапрыемства прайшло вельмі годна. Ды і надвор’е, як бачна па фотаздымках, сапраўднаму святу паспрыяла. Не лішне будзе дадаць, што ўладам горада Чуднаў былі перададзены вітальныя лісты ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага фонда культуры.

Ну, а мы прапануем усім, хто цікавіцца асобай Яна Баршчэўскага, зазірнуць на партал Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі. На якім, намаганнямі даследчыка Дзмітрыя Вінаходава і загадчыка аддзела рэдкай кнігі санкт-пецярбургскай РНБ Мікалая Мікалаева, створаны адмысловы сайт Яна Баршчэўскага.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар