“Распетаю буду маліцца душой...”

№ 37 (1476) 12.09.2020 - 19.09.2020 г

Стваральнікі фільма “Купала” звяртаюцца з заклікам да ўсіх прыхільнікаў беларускай культуры не глядзець і не распаўсюджваць пірацкую копію недапрацаванага кіно
На Дзень беларускага кіно ў снежні мінулага года планаваўся прэм’ерны паказ гучнага нацыянальнага фільма “Купала”. Прэм’еру перанеслі на нявызначаны тэрмін, міжнародныя кінафестывалі, на якія разлічвалі, з-за пандэміі адмяніліся. А недзе з тыдзень таму ў адным з тэлеграм-каналаў з’явілася пірацкая копія “Купалы”, прычым у чарнавым, недаробленым варыянце. Гэта абурыла і рэжысёра Уладзіміра Янкоўскага, і кінастудыю “Беларусьфільм”, і кінакрытыкаў.

Аднак нават у такім выглядзе стужка “Купала” выклікала вялікую цікавасць — нягледзячы на заклікі рэжысёра і акцёраў не глядзець гэты недапрацаваны варыянт і не псаваць сабе ўражанне, многія не вытрымалі. Бо і доўга чакалі, а яшчэ і не вераць, што карціну пра Янку Купалу і падзеі таго часу, якія ў нашым цяперашнім дні адгукаюцца так актуальна і балюча, мы ўбачым неўзабаве і без купюр.

/i/content/pi/cult/815/17459/5_4.jpg

— У інтэрнэт выкладзены рабочы матэрыял на стан кастрычніка мінулага года, — расказвае рэжысёр Уладзімір Янкоўскі. — Яшчэ не той мантаж, нязведзены гук, які мы потым даводзілі да бліскучага стану ў Празе, няма карэкцыі колераў, не паўсюль расстаўлена музыка, а камп’ютарнай графікі проста няма! Гэта не кіно, гэта паўфабрыкат. А людзі глядзяць. Для мяне як аўтара сітуацыя жахлівая. Можна правесці параўнанне, як пішацца сімфонія для ста інструментаў, а гучыць толькі тры. Я разумею пачуцці гледачоў, якім хутчэй хочацца ўбачыць. Але прашу, не глядзіце гэтую версію! Я хачу, каб вы атрымалі задавальненне ад сапраўднага фільма.

Паводле слоў генеральнага дырэктара “Беларусьфільма” Уладзіміра Карачэўскага, кінастудыя звярнулася на ўсе тэлеграм-каналы і іншыя пляцоўкі, па якіх фільм імгненна разляцеўся, з папярэджаннем пра незаконнасць распаўсюджвання гэтага кантэнту. Акрамя таго, зараз вядзецца ўнутранае расследаванне. “Тады было многа варыянтаў: штосьці дадавалася, штосьці перараблялася, штосьці ўзгаднялася. І на нейкім этапе копія трапіла не ў тыя рукі”, — гаворыць Уладзімір Карачэўскі.

Наконт сумненняў у тым, што кіно выйдзе ў пракат без новых купюр, Уладзімір Янкоўскі кажа: “Паслухайце, у такой версіі фільм быў прыняты на ўра і Міністэрствам культуры, і ўсімі астатнімі ўстановамі. Усё, фільм прынялі!” Дырэктар “Беларусьфільма” таксама катэгарычна адмаўляе магчымасць унясення новых правак у гатовую стужку.

/i/content/pi/cult/815/17459/5_1.jpg

Кадры з фільма.

Тым не менш, дата прэм’еры застаецца адкрытай, хаця рэжысёр Уладзімір Янкоўскі і меркаваў, што кіно стане цвіком сёлетняга кінафестывалю “Лістапад”. “Беларусьфільм” зараз вядзе працу над тым, каб наша нацыянальнае кіно ўсё ж трапіла і на іншыя міжнародныя фестывалі. Наконт пракату яго ў кінатэатрах пэўнай інфармацыі пакуль няма.

Ці паўплывае тое, што ў інтэрнэце з’явілася рабочая версія фільма, на яго будучы пракатны лёс? Уладзімір Карачэўскі кажа: “Я думаю, што тыя людзі, якія насамрэч паважаюць беларускую культуру, нават паглядзеўшы пірацкую копію, усё роўна прыйдуць у кінатэатр, каб пабачыць сапраўднае таленавітае кіно”.

Зварот да публікі апублікаваў і выканаўца ролі Янкі Купалы латвійскі артыст з беларускімі каранямі Мікалай Шэстак:

— Недзе з паўгода таму я пабачыў фінальную версію кіно. І чытаючы жахлівыя навіны з Беларусі, я разумею, наколькі яно рэзаніруе з сённяшнім днём. Але тое, што выкладзена ў інтэрнэт, не мае ніякага дачынення да таго, што рабілі і Уладзімір Янкоўскі, і ўся здымачная група. Мы просім і не глядзець, і не распаўсюджваць гэты варыянт. Мы спадзяемся, што зусім хутка мы ўсе разам пабачым наш фільм у новай Беларусі”.

/i/content/pi/cult/815/17459/5_2.jpg

Кадры з фільма.

Нагадаю, праца над стужкай пачалася два гады таму. Жанр можна акрэсліць як баёпік, а можна і як гістарычную драму. Фільм біяграфічны, расказвае пра жыццё нашага славутага паэта. Па сюжэце Янка Купала (Мікалай Шэстак), ужо немалады чалавек, спавядаецца сваёй маці. Яна быццам бы тут, побач з ім, хаця па праўдзе яны ўжо даўно не бачыліся. Такім чынам, паэт згадвае ўсё сваё жыццё — і дзяцінства, і пачатак літаратурнай дзейнасці, і ўдзел у змаганні за нацыянальнае адраджэнне, і рэпрэсіі савецкага часу… Многа значных менавіта для беларускага народа падзей і людзей мы пабачым у фільме, многае адгукнецца нам сёння ў сто разоў мацней, чым калі б прэм’ера адбылася год таму. Канешне, у стужцы ёсць спроба перадаць і ўнутраны, паэтычны свет Янкі Купалы, але ў аснове — жыццё паэта, якое перасяклося з шэрагам трагічных падзей — рэвалюцыяй, вайной, савецкім тэрорам.

Але ж знайшлося месца і для любоўнай лініі. Прыгажуню Паўліну Мядзёлку сыграла Вераніка Пляшкевіч, а роля жонкі паэта Уладзіславы дасталася Алене Гірынок. Абедзве актрысы добра вядомыя тэатралам, а яшчэ і аматарам тэлесерыялаў.

З-за таго, што сюжэт ахоплівае вялікі прамежак часу, ролю паэта выконваюць некалькі акцёраў, але цэнтральнае месца — маладога, дарослага, а потым ужо і сівога Янкі Купалы — у акцёра Мікалая Шэстака. Які неверагодным чынам знешне супаў з нашым беларускім паэтам, і чый твар яшчэ быў невядомы шырокаму гледачу. Прынамсі, так было б, калі б карціна па плане выйшла на экраны недзе год таму. Проста за гэты час Мікалай Шэстак паспеў зняцца ў тэлевізійным серыяле “Дзед Марозаў”, прычым зняцца ў галоўнай ролі. Хоць фармальна серыял і расійскай вытворчасці, але здымаўся ён у Беларусі, з беларускімі спецыялістамі і з практычна ўсімі беларускімі акцёрамі.

/i/content/pi/cult/815/17459/5_3.jpg

Кадры з фільма.

Прафесійнага акцёра Мікалая Шэстака стваральнікі фільма “Купала” два гады таму знайшлі ў Латвіі, у Рызе. У свой час ён працаваў у Тэатры лялек, у іншых тэатральных трупах, патроху здымаўся ў расійскім кіно. Роля Янкі Купалы — самая вялікая і самая значная для акцёра. Магчыма, невыпадкова Мікалай настолькі падыйшоў на ролю беларускага паэта — бо і сам беларус, бацька паходзіць з Беларусі. Як мы ў нашай газеце пісалі год таму: “Магію Шэстака — Купалы адзначыла і мастак-пастаноўшчык баёпіка Наталля Навоенка. Яна рабіла фатаграфіі акцёра на здымачнай пляцоўцы, і была ўражана яго знешнім і ўнутраным падабенствам да аўтара слынных вершаваных твораў. “Мне падавалася, што на мяне глядзіць сам Купала”, — прызнавалася Наталля”.

Рэжысёр Уладзімір Янкоўскі — сын народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР Расціслава Янкоўскага — калісьці праславіўся музычнымі кліпамі, потым зняў мноства тэлевізійных фільмаў і серыялаў. Пад час працы над фільмам ён казаў:

— Бацька марыў, каб я зняў вялікае кіно, бо бачыў мой патэнцыял. Да “Купалы” я зняў 21 тэлевізійны праект — серыялы, тэлефільмы, а для вялікага экрана гэта мая першая праца. На жаль, бацька крыху не дажыў да здзяйснення сваёй мары, але, я думаю, ён мне зараз дапамагае зверху.

Працаваў над фільмам Уладзімір з думкай, што яго праца павінна натхніць нас усіх задумацца: хто мы такія, што такое Беларусь? І вельмі хацеў, каб фільм “Купала” ва ўсіх нас абудзіў гарачыя патрыятычныя пачуцці.

Дарэчы, ад тых, хто бачыў гэты няхай яшчэ і недароблены варыянт, ужо давялося пачуць нямала захопленых словаў пра фільм, які трапляе аголеным нервам менавіта ў цяперашні час. І сапраўды, усе кажуць, што з задавальненнем паглядзяць кіно і другі раз ужо ў кінатэатры і ў якаснай фінальнай версіі.

Фота прадастаўлены Нацыянальнай кінастудыяй “Беларусьфільм”