Глеб Менскі — князь з чалавечым абліччам

№ 37 (1476) 12.09.2020 - 19.09.2020 г

Ідэя помніка князю старадаўняга Менеска Глебу Усяславічу лунала ў паветры не адзін год. Пазалетась яна ўвасобілася ў матэрыяле — пакуль яшчэ не самым трывалым. Далей распачалася цэлая чарада затрымак — па самых розных прычынах, галоўную з якіх нават і тлумачыць не трэба. Але хочацца верыць, што адкрыццё першага ў Мінску коннага помніка стане сапраўдным цвіком Дня горада — хай не гэтага, а наступнага. Які, хочацца верыць, пройдзе ў зусім іншых варунках — куды больш святочна, чым сёлета. І без вірусаў. Пра пакручастыя шляхі візуалізацыі асобы тысячагадовай даўніны, пра ўвагу да дэталяў — і асабліва гістарычных — і пра тое, што агульнае паміж каровай і Глебам Менскім, мы гутарым са скульптарам і ілюстратарам Мікалаем БАЙРАЧНЫМ.

 — Уявіце сабе, нібы вы апынуліся ў Менеску канца ХІ стагоддзя, — кажа суаўтар помніка Мікалай Іванавіч. — Гэта літаральна пару дзясяткаў малюткіх драўляных дамкоў, размешчаных на тым лапіку, дзе цяпер ваколіцы Палаца спорту. І хаткі тыя абкружаныя не вельмі надзейнымі гароднямі з некалькімі не надта высокімі вежамі. Гэта ж толькі нам здаецца, нібы ў раннім Сярэднявеччы было поўна рамантыкі. Насамрэч — бядота, галота… Мікраскапічны, па цяперашніх мерках, гарадок — а вакол рэкі, палі, лясы, балоты... Сонца ўстае, птушкі спяваюць — хараство неймавернае. І тут грукат капытоў — і на пагорку з’яўляецца вершнік у даспехах, а за ім — невялічкая дружына… Уявілі, так? Вось з такой маёй літаратурнай фантазіі і пачалася праца над помнікам.

/i/content/pi/cult/815/17456/3_1.jpg

Мікалай Байрачны ў сваёй майстэрні. Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Конкурс на гэты манумент быў бадай беспрэцэдэнтна высокім: ажно 17 заявак, шмат вельмі моцных. Праект Мікалая Байрачнага і Алега Купрыянава стаў папраўдзе лепшым з лепшых. Што магло нават трохі здзівіць: той жа Байрачны быў вядомы найперш як мастак камерны, а не “манументальны”. Зрэшты, зірнуўшы на будучы помнік нават на стадыі мадэлі, многія, думаецца, пагодзяцца, што журы не памылілася.

Пра князя Глеба вы хочаце запытаць? — пытае мяне спадар Мікалай, сустракаючы на парозе сваёй майстэрні, поўнай розных дзівосаў. — Дык ён жа даўно памёр! Амаль тысячу гадоў таму.

І, зразумела, смяецца.

— Менавіта. Адна справа — ляпіць свайго героя з натуры, а зусім іншая — увасабляць тую постаць, пра якую засталося два — тры слоўцы ў летапісе. І ніякай іканаграфіі!

— Не, ёсць адна ягоная, здавалася б, выява — але гэта няпэўна. Што да гістарычных крыніцаў… Тут я з вамі пагаджуся. Ну вось вядома, напрыклад, што ён спаліў Слуцк, змагаючыся з Манамахам. Не надта добры штрых да біяграфіі, ці не так?

— Але як тады наогул увасабляць гістарычную постаць?

— Наадварот, вельмі проста! Брак звестак дае плён фантазіі. І трохі парахаваўшы, ты разумееш, што Глеб не толькі ваяваў ды нешта там паліў, але і апекаваўся нашым з вамі горадам. Абараняў яго, будаваў сёе-тое… Дбаў пра нашых продкаў.

— Інакш бы яго тут не трымалі. Бо, як пішуць гісторыкі, тады панавала народная дэмакратыя, і дрэнныя князі выляталі бы коркі з бутэлькі шампанскага.

— Ну так. Мой вобраз Глеба — гэта вобраз адданага абаронцы свайго краю. Я мог бы, канешне, стварыць аблічча такога непахіснага ваяра — і аналагі ў нас ужо ёсць, у тым жа Полацку. Але… прабачце, гэта не маё. У мяне Глеб зусім іншы. Добры.

— Адпаведна, помнік — гэта суцэльны плён вашай творчай фантазіі?

— Ну не зусім. Там шмат дэталяў, якія можна доўга разглядаць, асэнсоўваць. І мне б вельмі хацелася, каб гледачы абмяркоўвалі, якія боты былі ў раннім Сярэднявеччы. Чаму страмёны з галоўкамі цмока?

/i/content/pi/cult/815/17456/3_2.jpg

— Не баіцеся крытыкі адносна недакладнасці?

— Наадварот, было б дужа карысна яе пачуць. Ведаеце, я чалавек… зацікаўлены. І калі на маім даляглядзе з’явілася постаць Глеба — дарэчы, задоўга да абвешчанага конкурсу — я прачытаў ці не ўсе наяўныя на гэты конт навуковыя дысертацыі. Шукаў і аналагі па розных краінах Еўропы. Прыкладам, ёсць багата помнікаў Жанне д’Арк, дзе былі адлюстраваныя ўсе гістарычныя нюансы. Думаў, яны мне дапамогуць вызначыць форму сядла. Але ўрэшце зразумеў, што не. Тыя помнікі паказваюць куды пазнейшую эпоху — гадоў гэтак на дзвесце. Значыць, шлях адзін — трэба шукаць сярод капаных рэчаў. І тут (як і ў многіх іншых выпадках) мне вельмі дапамаглі грунтоўныя працы расійскага археолага Анатоля Кірпічнікава — здаецца, лепей за яго ніхто не ведае, як выглядалі ўсходнеславянскія раннесярэднявечныя строі, зброя, даспехі. Усім раю азнаёміцца.

У выніку папярэдніх пошукаў, мая тэчка на камп’ютары, датычная гэтага помніка, стала “важыць” гігабайт гэтак трыццаць. Так што хай паспрачаюцца! Пакажу ім вось гэтую кальчугу (паказвае), якую я спецыяльна сплёў, каб з яе потым зняць форму. Упэўнены, што менавіта такія былі ў часы князя Глеба. Хаця пра тое, якую ён сам насіў, сказаць не наважуся.

— І ці даўно ў вас гэтая апантаная зацікаўленасць?

— Ведаеце, калі ў нас толькі з’явіліся гістарычныя рэканструктары, я быў у іх “аддзелам даведак”. Прыходзілі да мяне хлопцы з пытаннямі кшталту: а гэта як было, а як тое? Потым, праўда, яны болей за мяне сталі цяміць па сваёй тэме, кніг начытаўшыся. Але вельмі рады, што я даваў ім патрэбны штуршок.

Дый у нашай справе іначай, лічу, і немагчыма. Ну а як? Стварыць нейкі абстрактны сілуэт? Дарэчы, яшчэ важна вывучыць аналагі — а ў адной толькі Расіі апошнім часам багата конных помнікаў панаставілі. Канешне ж, паўтарацца нельга — бо свой герой мусіць мець і сваё скульптурнае аблічча. Каб вы ведалі, колькі разоў мне даводзілася перарабляць тыя ці іншыя дэталі, адмаўляцца ад выпрацаваных мной самім ідэй... Бо што паробіш: рукі ў розных людзей аднолькава працуюць, камбінацый тут не так і багата. Але ж падабенствы з тымі помнікамі, якія ўжо стаяць, лічу недапушчальнымі. Наш князь павінен быць унікальным!

— Ці шмат разоў вы перараблялі гэты помнік?

— Цалкам — разы два. А паколькі такая паўза ўзнікла, яшчэ трохі над ім папрацую. Бо яно ж як бывае: ты ўжо нібы сваёй працай задаволены, а зірнеш на яе праз паўгода — і тое табе не падабаецца, і гэтае. А як пачынаеш нешта ўдасканальваць — дык у выніку перарабляеш практычна ўсё. Зрэшты, мне гэта толькі ў задавальненне — рабіць тое, што ты ўмееш і любіш

— Конных помнікаў у Мінску дасюль няма, а зусім нядаўна не было і ва ўсёй Беларусі. Як вы думаеце, чаму?

— Ды праз нашую сціпласць. Менталітэт такі. У нас заўсёды ўзнікала пытанне: а ці вартыя дзеячы нашай гісторыі гэткай пашаны? Можа, нешта з імі “не так”? А вось у суседзяў сумневаў куды меней. Легендарны казак Харко — галаварэз яшчэ той. Але ж гэта не перашкодзіла ўшанаваць яго вобраз чатырохметровай скульптурай у Харкаве.

— Цікава, а ў вас такі грунтоўны падыход да ўсіх работ? Нават да знакамітага помніка карове на Камароўцы?

— Што вы, гэта цэлая была “апупея”! Я ўтрапёна вывучаў сельскагаспадарчую літаратуру, выбіраючы найбольш спрыяльную для такога выпадку пароду — каб была менавіта мяса-малочная. Хаця потым усё адно атрымаў шмат кепікаў — маўляў, нейкая яна няправільная: хударлявая, ці наадварот. А затым я засяродзіўся на этнаграфіі. Вы ж, пэўна, ведаеце — традыцыя вешаць на рог карове вянок паходзіць яшчэ з язычніцкіх часін. Прычым і кветкі там павінны быць адпаведныя: магу дакладна патлумачыць, якія. Праўда, потым я зразумеў, што з вянком на розе карова выглядае… нібы добра паддаўшы. Таму і вырашыў убраць яе як нявесту. Вось і атрымалася карова з каронай! Людзі кажуць, што за яе зручна ўхапіцца, калі залезеш.

— А ці падабаецца вам, калі людзі гэтак “засвойваюць” вашы творы?

— Ды на здароўе! Таго ж Глеба Менскага я хацеў рабіць у меншым памеры — набліжаным да чалавечага. “Манументальная прапаганда” — гэта наогул не пра мяне. Ва ўсіх формах. Помнік павінен быць для людзей — такое маё крэда! Вось і карова... На пачатку планавалася, што побач з ёй будзе падойнік і зэдлік — нават падгледзеў, па якой тэхналогіі іх у вёсцы рабілі. Каб кожны мог займець такое сюжэтнае фота: маўляў, ён тую худобу доіць. Але мне сказалі адказныя людзі: ды не, ні ў якім выпадку! Трэба, каб усё было сур’ёзна: гэта ж помнік карове. Помнік! “Помнік мясапрадукту?” — запытаў я. Вы тады ўжо ленінскую кепку на яе нацягніце!

— Наколькі цяжка вы перажываеце такія ўмяшальніцтвы ў творчую задуму?

— Прыкра, калі ўмешваюцца людзі некампетэнтныя, але надзеленыя пэўнымі паўнамоцтвамі. Кінуў нейкую фразу — мімаходзь, нават не задумваючыся — ды пайшоў сабе выказвацца на іншую тэму. А ты тут думай, што далей рабіць. Аднак я ўжо спакайней да гэтага стаўлюся. Пагатоў, з гадамі ты становішся… не тое каб мудрэйшым, але больш рахманым. Не так моцна шалееш.

На жаль, у нас валявыя рашэнні часта бываюць такімі: каб праз два месяцы ўжо стаяла! А тое і праз месяц, як было з каровай. І не заўсёды можна патлумачыць, чым абарочваюцца падобныя спешкі. Зрэшты, я надоечы ўспаміны Бенвенута Чэліні перачытваў — і магу вас запэўніць, што ў яго з Медзічы таксама адносіны былі ў нечым падобныя.

— Не так даўно вы з Юрыем Гудзіновічам зрабілі праект з папраўдзе эпатажнай назвай: “(Не)сучаснае мастацтва” — акурат на гэтую тэму. Усе мастакі навыперадкі даводзяць, што яны самыя што ні ёсць сучасныя, а вы — наадварот. Чаму?

— А таму, што я сучаснае мастацтва не люблю. Я люблю XVII стагоддзе. Люблю, каб рукамі было зроблена. Гэта азначае, што ты сёе-тое ўмееш — а не толькі мысліць. Падмаляваць “Моне Лізе” вусы — гэта анекдот, які запамінаецца на хвіліну.

— Ды не. Той твор Дюшана памятаюць ужо стагоддзе.

— Ну і добра. І такое мастацтва мае права на існаванне. Калі аўтар называе гэта мастацтвам — сцяг яму ў рукі! Я працую так, ён іначай… У гэтай разнастайнасці ўвесь цымус. Памятаю, бачыў неяк у Італіі: паўсюль машыны мармур пілуюць, а побач стаіць мужчына і хвацка робіць копію старадаўняй скульптуры. Нехта скажа: гэта ж не мастацтва, гэта звычайнае рамяство. А я яму адкажу: любое мастацтва на 90 працэнтаў складаецца менавіта з рамяства. Калі ты мастак, дык павінен нешта ўмець рабіць рукамі. Хаця цяпер большасць творцаў — размоўнага жанру. Яны здатныя суткамі распавядаць, пра што іх работы, прымяняючы мудрагелістую тэрміналогію. І гэта добра! Але не для мяне. Каб самога сябе паважаць, мне трэба сёе-тое ўмець рабіць рукамі.

— Па шчырасці, гэты праект падаўся мне цудоўным узорам менавіта сучаснага мастацтва. Там такая грунтоўная тэкставая частка — і складае яна, на маю думку, зусім не 10 працэнтаў, нават пры ўсёй выкшталцонасці саміх вырабаў! Чаго варты хаця б той уяўны дыялог паміж Чэліні і Медзічы… Адпаведна, вы таксама працуеце не толькі з матэрыялам, але і з сэнсамі.

— А як іначай? Той праект мы рабілі гадоў дзесяць — у вольны ад зараблення грошай час. Не глядзіце, што буклецік, які я вам падараваў — такі танюткі. Інакш у нас і не атрымліваецца. Вось і каб прыдумаць таго легкадумнага Шарля дэ Голя, які ў вас за спінай стаіць — а ён у Першую сусветную ў Шчучыне ў нямецкім палоне быў, захавалася нават яго смешнае фота з супавым апалонікам — нямала часу спатрэбілася. Але калі я зараз пра гэта пачну, то мы да раніцы прагаворым.