Дык вось на большасці тых рэпрадукцый былі класічныя краявіды рускіх мастакоў — Саўрасаў, Шышкін, Левітан… У той час, ва ўсіх адносінах, найбольш важным лічыўся сюжэтны жывапіс на ідэалагічна-вывераныя тэмы, чалавек паспаліты аздабляў свой побыт, сваю прыватную прастору не сцэнамі вайны і будаўніцтва, а немудрагелістымі выявамі бярозавых гаёў, рачулак, вясковых хат і ляснога гушчару. Так што краявід — гэта маргіналія “вялікага стылю”. У свядомасці паспалітага гледача ён часта на першым плане.
Выстава “Пейзаж. Светаўспрыманне”, што зараз праходзіць у нашым Нацыянальным мастацкім музеі, вярнула мяне ва ўспаміны дзяцінства. Тут прадстаўлены каля 20 работ беларускіх мастакоў з калекцыі музея, створаных ў другой палове мінулага стагоддзя. Напачатку згаданага перыяду менавіта традыцыі расійскага рэалізму ў версіі мастакоў-перасоўнікаў вызначалі стылістыку нашага жывапісу. Пазней сюды дадаліся ноткі суровага стылю і нацыянальнай рамантыкі. Усе мастакі, чые творы складаюць экспазіцыю, пакінулі заўважны след у беларускай культуры. Гэта Яўген Красоўскі, Канстанцін Касмачоў, Мікалай Казакевіч, Леанід Шчамялёў і іншыя. Творы эцюднага характару. Пра гэта сведчыць іх малы фармат і ўяўная “недаробленасць”. Гэта як дзённікавы запіс у нататніку, які можа стаць асновай нейкага аповеду ці рамана, а мо так і застанецца фіксацыяй хвіліннага настрою. Але нават і па гэтых жывапісных нататках можна прасачыць стылёвую эвалюцыю ў беларускім жывапісе другой паловы мінулага стагоддзя.
Выстава працуе да 27 верасня.