Купалаўскі ў прастоі

№ 34 (1473) 22.08.2020 - 29.08.2020 г

Запланаваны на 21 жніўня пачатак новага 101-га сезона ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы не адбыўся. Калектыў установы на дадзены момант адпраўлены ў прастой у сувязі з вытворчай неабходнасцю.

/i/content/pi/cult/812/17399/01.jpg18 жніўня Купалаўскі наведаў міністр культуры Юрый Бондар. Ён прадставіў калектыву часова выконваючага абавязкі генеральнага дырэктара ўстановы Валерыя Грамаду, які быў прызначаны на змену ўжо былому кіраўніку Паўлу Латушку, звольненаму па артыкуле 259 Працоўнага кодэкса. Спачатку вялікая частка каманды тэатра ў пратэст на змены напісала заявы аб звальненні. На дадзены момант прынятых рашэнняў аб гэтым няма.

19 і 20 жніўня ў будынку Купалаўскага праводзілася санітарна-эпідэміялагічная апрацоўка памяшканняў.

Тэрмін прастою тэатра пакуль невядомы.

Афіцыйна.
Паведамленне для прэсы

Аб сітуацыі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы

У сувязі са з’явіўшыміся ў Сеціве публікацыямі вакол сітуацыі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы Міністэрства культуры лічыць неабходным агучыць афіцыйную пазіцыю па гэтым пытанні.

18 жніўня 2020 года адбылася сустрэча міністра культуры Бондара Ю.П. з калектывам тэатра. У ходзе сустрэчы Юрый Бондар даў аргументаваныя тлумачэнні наконт звальнення былога генеральнага дырэктара тэатра Латушкі П.П., якое было праведзена ў адпаведнасці з працоўным заканадаўствам і кантрактам кіраўніка дзяржаўнай установы культуры.

Пры гэтым было асабліва падкрэслена, што выказванні і ўчынкі П.П.Латушкі з’яўляюцца ягонай асабістай пазіцыяй, якая не можа ўплываць на дзейнасць тэатра. Тэатр прызначаны выключна для заняткаў мастацтвам і не павінен ператварацца ў палітычны клуб.

Групе супрацоўнікаў, якія выказалі намер звольніцца ў знак “салідарнасці” з былым кіраўніком, было прапанавана падумаць над сваім рашэннем, каб не зламаць свой творчы і чалавечы лёс. На сённяшні дзень заяў аб звальненні на імя выконваючага абавязкі генеральнага дырэктара тэатра Грамады В.І. не паступала і рашэнняў аб звальненні супрацоўнікаў тэатра не прымалася.

У мэтах недапушчэння дэстабілізацыі дзейнасці тэатра і забеспячэння яго падрыхтоўкі да новага сезона ў тэатры з 19 жніўня 2020 года праводзіцца шэраг санітарна-эпідэміялагічных і іншых мерапрыемстваў. Дата пачатку новага тэатральнага сезона будзе вызначана пасля іх завяршэння.

Інфармацыя аб “сілавым захопе” будынка тэатра не адпавядае рэчаіснасці. Ахову будынка і прапускны рэжым забяспечваюць супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС у адпаведнасці з дагаворам, заключаным з тэатрам.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

/i/content/pi/cult/812/17399/02.jpg