Таямніцы Манюшкаў Частка XVII

№ 33 (1472) 15.08.2020 - 22.08.2020 г


(Працяг. Пачатак у №№ 12 —18, 20 —26, 28, 29, 31)

“І не будзь ты пасля ўсяго гэтага Ліцьвінам!”

На завяршэнне прэзентаванага шэрагу прапануем увазе чытача раздзел, прысвечаны самаму “казытліваму” пытанню радавода нашага земляка і вялікага музыканта Станіслава Манюшкі. Намаганнямі папярэднікаў-манюшказнаўцаў, збольшага гісторыя гэтая ўжо расказаная. Але маюцца ў ёй і некаторыя месцы, размытыя кроплямі расы, а таксама “прабелы”, якія варта запоўніць. Гэтым мы і зоймемся.

/i/content/pi/cult/811/17395/15_1.jpg

Панарама Вільні з Вількамірскага тракта. Малюнак Чэслава Манюшкі. 1840 год.

Вышэй я прывёў радок з першай біяграфіі Станіслава Манюшкі, выдадзенай у 1873 годзе сябрам музыканта Аляксандрам Валіцкім. Упершыню, на беларускай мове, кніга выйшла ў 2019 годзе стараннямі Камілы і Язэпа Янушкевічаў. Пішучы пра перасяленне Манюшкі з Вільні ў Варшаву, якое раскрывала перад талентам музыканта значна больш шырокія дзверы ў плане рэалізацыі, Валіцкі напісаў у каментарыях так: “Манюшка горача любіў Вільню, і не раз казаў, што не ўяўляе жыццё па-за ёю. Хоць ведаў места дасканала і досыць даўно, аднак любаваўся ім і бесперапынна захапляўся. Цудоўныя наваколлі места заўсёды так захаплялі яго, быццам ён бачыў іх упершыню, і іх наведванне было найлепшым адпачынкам. Нават звычайная прагулянка суцяшала яго, калі ён быў засмучаным ці ўсхваляваным. Калі аднойчы ў 1849 годзе небяспечна захварэла адно з ягоных дзетак, пасля некалькідзённай пакуты над калыскай, ён пайшоў з сябрам у Закрэт (цяперашні парк Вінгіс — З.Ю.). Стаўшы на месцы, адкуль паўставаў найпрыгожы краявід, доўга моўчкі ўзіраўся і са слязмі ў вачах, а праз некалькі хвілін супакоіўшыся, сеў на мураве і ўздыхнуўшы, прамовіў:“І не будзь ты пасля ўсяго гэтага Ліцьвінам!”.

Да тых словаў мы яшчэ вернемся. Пакуль жа нагадаем, што не толькі “значна больш шырокія магчымасці” гналі Станіслава Манюшку з роднай Вільні ў чужую Варшаву. Як мы ўжо тлумачылі ў папярэдніх частках “Таямніцаў Манюшкаў”, спружынай стаў варшаўскі музыкант Караль Штурм, які ўзяў шлюб з сястрой жонкі Станіслава — Аляксандры з Мюлераў. Штурм, пераехаўшы ў Вільню, меўся дапамагаць Манюшку ў музычных справах. Але неўзабаве стаў злосным ворагам і канкурэнтам новаму сваяку - і ўрэшце фактычна выжыў Манюшак з Вільні. Праўда, сам пасля гэтага пражыў толькі год ды памёр ад сухотаў. Але Манюшкі ў “раскіданае гняздо” ўжо не вярнуліся.

Родам з Падляшша

Згаданая фраза Станіслава Манюшкі нібы дае зразумець, што ён хацеў бы стаць “ліцьвінам” — а не з’яўляецца ім. Многія так і лічаць. Польскі прафесар-музыколаг Здзіслаў Яхмецкі (1882 — 1953) у 1921 годзе выдаў кнігу “Станіслаў Манюшка”, дзе, не вагаючыся, адразу зрабіў “праграмную заяву” - “Станіслаў Манюшка быў кроў з крыві і костка з косткі палякам”. Базуючы свае веды радавода кампазітара на кнізе Валіцкага, Яхмецкі дадае, што ягоны род паходзіць з сэрдца “польскіх ваколіц Бельскага павета Падляскай зямлі” і што першым, хто перасяліўся ў Літву, быў дзед кампазітара — таксама Станіслаў.

У 190-ую гадавіну нараджэння Станіслава Манюшкі аўтарытэтны прафесар Юзаф Марошак — дарэчы, родам з Падляшша — у суаўтарстве з музыкантам Рышардам Беднаркам выдаў кнігу “Станіслаў Манюшка і яго падляскі радавод”. Як і прафесар Яхмецкі, аўтары палічылі неабходным адразу даць зразумець чытачу, што прэтэнзіі ўсіх іншых краінаў на Манюшку — не болей чым дым. Дзеля гэтага быў выкарыстаны ўрывак з ліста музыканта да Юзафа Сікорскага ад 22 кастрычніка 1855 года: “Вер мне, дарагі Юзаф, не як Ліцьвіну, бо ім не з’яўляюся - гняздо наша у Падляссі, а ў галіне, якая адтуль на Літву вырушыла, я з’яўляюся толькі другім каленам”.

/i/content/pi/cult/811/17395/15_2.jpg

 

 

Герб Падляшскага ваяводства.

Уласна кажучы, любога чытача такая аргументацыя павінна пераканаць “у польскай крыві і польскай костцы” ўраджэнца Убеля, які ў двух кроках ад Мінска. Праўда, для вельмі далёкіх нашчадкаў Манюшкі, якія стварылі фонд яго імя, і Мінск, і Убель здаюцца самай што ні ёсць Польшчай. Пра гэта яны адкрыта заяўляюць на сваім сайце.

Шчыра выклаўшы аргументы на карысць “польскасці” кампазітара, прывядзем цяпер і довады на карысць яго беларускай крыві. Першы камень мы ўжо заклалі. У мінулай публікацыі гаворка вялася пра радавод маці Альжбеты з Маджарскіх. Сярод яе продкаў аказаліся нашы вельмі і вельмі старыя шляхецкія роды - Алізаровічы, Кандыбы, Станішэўскія і інш. Яны значна размылі г.зв. “армянскі след” — калі ён наогул быў, бо няма бясспрэчных доказаў “армянскасці” Яна Маджарскага, які распачаў літоўскую галіну рода. Дый самі Маджарскія лічылі сваім першапродкам Міхала, які паходзіў з Венгрыі і, служачы ў Аўстрыйскім войску, патрапіў у турэцкі палон.

Што тычыцца ўласна Манюшак, то і тут “польскасць” кампазітара ледзь не гвалтам прыцягваецца на суд. Асаблівую пікантнасць пытанню надае справа жонкі музыканта. Продкі Аляксандры Мюлер па мужчынскай лініі паходзілі або з Львова, або з Варшавы, або з Вільні. А адкуль родам бацькі яе маці — Закрэўскія — і сёння да канца невядома. Тым не менш, у адным са сваіх лістоў Аляксандра (ужо Манюшка), заявіла, што “як ліцьвінка”, яна за мужа будзе стаяць насмерць, не даючы яго ў крыўду.

/i/content/pi/cult/811/17395/15_3.jpg

Станіслаў Манюшка (дзед кампазітара). Малюнак Чэслава Манюшкі.

Кажучы пра сябе, што ён “не ліцьвін, бо з Падляшша”, Манюшка, відавочна, не казаў пра этнічнасць. Але прафесар Яхмецкі, які пісаў сваю кнігу ў часы найвышэйшага напалу патрыятычных жарсцяў у Польшчы, гэтую тэзу развіў. Бо адначасова такім чынам сцвярджалася адвечная польская прыналежнасць Падляшша (Беласточчына), якое было населенае пераважна беларусамі — іх і дасюль там багата.

Ну а зараз самы час распавесці пра тое, чаго, магчыма, не ведаў пра свой род і сваю прабацькаўшчыну сам Станіслаў Манюшка.

Рыцары з “вечнага горада”

Гісторыя гэтага краю пушчаў, балот, рэчак і зуброў вельмі няпростая. Населены калісьці яцвягамі, якія, сыходзячы ад крыжацкай навалы, з дазволу вялікіх князёў перабраліся ў ВКЛ і аселі паміж Слонімам і Гародняй, Падляшша доўгі час было “пусткай”. Прэтэнзіі на яго выказвалі ўсе суседзі, але ўрэшце рэшт перамагло княства. Каб замацаваць поспех, у гэтыя дзікія краі пачалі прасочвацца каланісты з блізкіх гарадзенскіх, ваўкавыскіх, берасцейскіх і віленскіх ваколіц. Той самы прафесар Марошак у адной са сваіх шматлікіх прац пісаў, напрыклад, што горад Кнышын заснаваны гарадзенскімі перасяленцамі Кнышэвічамі. Што і не дзіўна.

У дакументах рода яго пратапластам называюць Пятра Манюшку. Разам з прадстаўнікамі іншых шляхецкіх фамілій Ганядзкай парафіі, ён вымушаны быў бараніцца ад вялікага літоўскага канцлера Мікалая Радзівіла. Апошні, атрымаўшы гэтыя землі пасля бунта Міхала Глінскага, які ў 1508 годзе збег у Маскву, пажадаў абмежаваць волю мясцовых баяраў — іншымі словамі, зрабіць іх сваімі падданымі. Справа пацвярджэння правоў цягнулася даволі доўгі час і завяршылася толькі ў 1529 годзе. Вялікі князь Літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Стары (1467 — 1548) пацвердзіў баярскія правы Пятра Манюшкі. Дарэчы, у гэтым самым годзе была прынятая першая рэдакцыя Статута ВКЛ. А яшчэ пры Жыгімонце ў ВКЛ Рэфармацыя атрымала шырокі распаўсюд, што прывяло да вельмі добрых наступстваў.

У адзін час з Пятром жыў забельскі і ятвязскі войт Матыс Манюшка і сын ягоны Станско. 23 лютага 1505 года ў Берасці вялікі князь і кароль Аляксандр Ягелончык пацвердзіў свайму двараніну Мордасу Балатовічу (магчыма, паходжаннем з нашых татар) куплю забельскага і ятвязскага войтаўства ад Матыса Манюшкі. З кантэкста першых згадак Манюшак у Падляшшы вынікае, што яны павінны былі там з’явіцца не пазней за 1480-ыя гады. І, не выключана, Матыс і ёсць бацька Пятра. Падаецца лагічным, што ў дробныя мясцовыя ўраднікі на нядаўна здабытых землях павінны былі абірацца самыя лаяльныя да княства асобы.

/i/content/pi/cult/811/17395/15_4.jpg

Міхал Глінскі (пераможца татар пад Клецкам). З кнігі Антона Аляшчынскага. Каля 1843 года.

Падляшша заставалася ў ВКЛ да 1569 года. А потым, разам з украінскімі землямі, па ўмовах Люблінскай ўніі было “анэксаванае” Польскім каралеўствам. У адзін момант палова тэрыторыі ВКЛ, у свой час адваяваная вялікай крывёю ў ворагаў, без крыві перайшла пад чужую руку. Усіх ліцьвінаў, якім не пашчасціла жыць на тых землях, прымусілі скласці прысягу на вернасць Кароне Польскай. Безумоўна, такое не забылася. Таму да канца свайго існавання Рэч Паспалітая так і не стала “краінай адной нацыі”, і ўсе спробы далейшай інкарпарацыі нашых земляў у склад Польшчы былі марнымі. Нават у 1773 годзе Тадэвуш Рэйтан выступіў на сойме першай справай у абарону гонару ВКЛ, патрабаваўшы праводзіць чарговы сойм пад кіраўніцтвам маршалка-ліцьвіна.

Вось і атрымліваецца, што недзе ад 1480-ых (а, можа, і з ранейшых часоў) да 1569 года Манюшкі былі самымі сапраўднымі ліцьвінамі — бо Падляшша было часткай ВКЛ. У 1734 годзе нарадзіўся дзед музыканта Станіслаў Манюшка, які ў 1750 годзе, згодна з ягонымі ўспамінамі, пакінуў бацькоўскі дом і вырушыў у сталіцу ВКЛ Вільню. Не ў Варшаву, да якой было бліжэй, адправіўся шукаць шчасця юнак, а на радзіму продкаў.

А сямейнае паданне, згодна з якім іх продкі два браты-рыцары з прозвішчам Манэа, якія з XV ст. з Рыму перабраліся ў Польшчу, і па сукупнасці баявых заслуг атрымалі індыгенат (грамадзянства) і прозвішча Манюшкі, не вытрымлівае ніякай крытыкі. Хаця самім Манюшкам такая версія вельмі падабалася, бо надавала ім важнасці.Таму бацька кампазітара Чэслаў Манюшка на валуне, прысвечаным свайму брату, славутаму дабрадзею Дамініку, напісаў: “Манюшкі з Манэа”.

Працяг — у наступных нумарах "К".
Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар