Выстава арганізавана сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, Музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры і Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, якія прадаставілі рэдкія ды каштоўныя дакументы і прадметы са сваіх збораў. Спектаклі, рэпетыцыі, гастролі, драматургі, касцюмеры, рэжысёры, мастакі, акцёры - усе элементы і дзейныя асобы тэатральнага жыцця знайшлі сваё адлюстраванне ў экспазіцыі. Хаця акцэнт у ёй, як адзначаюць арганізатары выставы, зроблены на тое, каб паказаць закуліссе тэатра, даць наведвальніку магчымасць пабачыць тое, што зазвычай схавана ад вачэй гледача.
Трупа Дзяржаўнага тэатра Беларускай народнай рэспублікі. Мінск. 1918 год.
Гэты выставачны праект - не проста храналогія і сухі пералік фактаў, а спроба адлюстравання гісторыі нацыянальнага беларускага тэатра праз прызму жыцця людзей, біяграфіі якіх знітаваныя з тэатрам — сярод іх такія асобы, як драматург Францішак Аляхновіч, акцёры і рэжысёры Фларыян Ждановіч, Леў Літвінаў, Барыс Платонаў і іншыя. Асвятляюцца ў экспазіцыі падзеі не толькі мірных гадоў, але і лёс тэатра ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны: жыццё купалаўцаў у эвакуацыі ў Томску і дзейнасць тэатральных франтавых брыгад.
Дакументы аб гісторыі стварэння тэатра.
Сярод экспанатаў — арыгінальныя дакументы і паштоўкі, а таксама копіі здымкаў, тэатральныя праграмкі, біноклі, кнігі, прысвечаныя гісторыі ўстановы. Цікавы дакумент першай паловы ХХ стагоддзя, які паказвае, у тым ліку дарэвалюцыйную, гісторыю будучага БДТ1 праз прызму чалавечага лёсу — нататнічак з асабістымі запісамі білецёра тэатра Касілава, якія ён рабіў у 1906 — 1940 гадах. Таксама побач можна пабачыць самаробную скрыначку ад тэатральнага грыму, якой карыстаўся нехта з акцёраў тэатра ў 1950-ыя гады.
Графічныя работы Кацярыны Арлюк.
Лёсы Купалаўскага непарыўна звязаныя з жыццём Беларусі ў цэлым, са складанымі і неадназначнымі падзеямі ХХ стагоддзя. Будынак мінскага гарадскога тэатра быў узведзены агульнымі грамадскімі намаганнямі - на выставе экспануецца арыгінальны падпісны ліст з указаннем прозвішчаў ахвярадаўцаў і пазначэннем перададзеных імі сродкаў. Побач — шэраг паштовак пачатку ХХ стагоддзя, на якіх можна пабачыць, як выглядаў узведзены будынак у тыя часы. Тэатральны гмах неўзабаве зрабіўся пляцоўкай для вырашэння складаных надзённых грамадска-палітычных пытанняў. Так, менавіта тут адбыўся ў снежні 1917 года Першы Усебеларускі з’езд, які ў многім прадвызначыў далейшы накірунак гісторыі нашай краіны.
Графічныя работы Кацярыны Арлюк.
Аб важнай ролі тэатра ў тыя часы сведчыць таксама адзін з найкаштоўнейшых экспанатаў выставы — арыгінальны здымак удзельнікаў Першага з’езда ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту. Частка дакументаў распавядае аб праектах стварэння дзяржаўнага тэатра, якія прапаноўваліся Францішкам Аляхновічам і Фларыянам Ждановічам. Таксама можна пабачыць арыгіналы лістоў, якія накіроўваліся гэтымі дзеячамі ў дзяржаўныя органы Беларускай народнай рэспублікі па пытаннях арганізацыі тэатральнай дзейнасці.
Трупа Беларускага дзяржаўнага тэатра, урачыста адкрытага 14 верасня 1920 года, збольшага складалася з удзельнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, створанага ў красавіку 1917 года. Яго актыўнымі дзеячамі былі Фларыян Ждановіч, Ігнат Буйніцкі, Усевалад Фальскі, Уладзіслаў Галубок. Важная роля ў далейшым развіцці тэатра належыць Еўсцігнею Міровічу, які праз рэжысёрскую і педагагічную работу перадаваў моладзі досвед рэалістычнага тэатральнага мастацтва. Ва ўмовах нацыянальна-культурнага адраджэння 1920-ых гадоў у тэатры актыўна ствараліся пастаноўкі на гістарычным і фальклорным матэрыялах, шырока выкарыстоўваліся народныя спевы, танцы, музыка, этнаграфічныя побытавыя дэталі.
Далейшае развіццё тэатра заўжды працякала ў рэчышчы працэсаў, якія віравалі ў грамадстве. У спектаклях уздымаліся тэмы калектывізацыі і індустрыялізацыі, гераічнага змагання і трагедыі беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пачатку касмічнай эры.
Экспазіцыя мае таксама выдатны мастацкі складнік: спецыяльна для праекта куратарам выставы, супрацоўніцай навукова-фондавага падраздзялення Кацярынай Арлюк былі створаныя графічныя работы, у якіх праз мастацкія вобразы паказаны сюжэты тэатральнага жыцця і метафарычныя ўвасабленні асноўныхтэатральных прафесій: артыстка, касцюмер, рэжысёр, сцэнарыст і г.д. Іншая серыя графікі прысвечаная галоўным этапам гісторыі тэатра. Разам з музейна-прадметнай часткай гэтыя пазнавальныя мастацкія вобразы ствараюць непаўторную атмасферу пагружэння ў гісторыю гэтай установы, знакавай для ўсёй краіны.
Фота аўтара