Так гучаць словы сімвала Культуры беларускай нацыі, вялікага гуманіста Францыска Скарыны. Так рабілі нашы продкі, якія доўгія стагоддзі стваралі і назапашвалі сваю адметную культурную спадчыну, якую нам суджана зберагчы сёння і пранесці далей у будучыню. Так рабілі нашы дзяды і бацькі ў часіны ліхалеццяў, не шкадуючы жыцця свайго, бо “…людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць”. Гуманізм у сучасным грамадстве — гэта тая сіла, якая выратуе свет. Пацверджаннем таму радкі, якія ведае кожны з нас: “Мы, беларусы — мірныя людзі…” І гвалт ні ў якіх праявах ніколі не пераможа Любоў. Адбіткам рукі Скарыны асвечаны і сёлетні лагатып Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах, нацыянальнага свята матчынай мовы, бацькоўскіх запаветаў. І яго Бібліі, старонкі якой раскрыюцца ўжо ў дваццаць сёмы раз ў першую нядзелю верасня. “… У гэтай кнізе — усе законы і правы, якімі карыстаюцца людзі ў зямным жыцці…” — такі пасыл нашчадкам пакінуў славуты першаасветнік. Дык будзем жа вартыя сваіх продкаў, памятайма і аберагайма іх каштоўнасці — мір, згоду і спагаду да бліжняга, адмаўляючы насілле! Мір, а не насілле дазваляе годна жыць. Дык будзем яго ствараць у сваім агульным доме — Беларусі — разам!
У апошнія дні культурная грамадскасць не можа застацца ў баку ад тых падзей, што адбываюцца навокал. Калектывы буйных музеяў, тэатраў, музычных устаноў, мастакі, музыканты, артысты, выказалі сваю прынцыповую пазіцыю з заклікам спынення гвалту і забеспячэння правоў і свабод мірных грамадзян нашай краіны, гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Калектывы рэдакцый газеты “Культура” і часопіса “Мастацтва” далучаюцца да гэтых слоў, якія нам, журналістам культурнай сферы, немагчыма не падтрымаць.
Падчас публічных выказванняў супраць гвалту супрацоўнікі Вялікага тэатра Беларусі...
...Беларускай дзяржаўнай філармоніі…
…Нацыянальнага гістарычнага музея...
…Віцебскага тэатра “Лялька”.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ і дасланыя журналістам "К"