Аліса ці Алеся?
Натуральна, большасць мерапрыемстваў у бібліятэках Беларусі цяпер ладзіцца не ў рэальнай, а ў віртуальнай прасторы, пры дапамозе ўласных сайтаў і актыўнага ўзаемадзеяння з чытачамі ў сацыяльных сетках і папулярных мэсэнджарах.
Скажам, па словах дырэктара сеткі публічных бібліятэк Мсціслаўскага раёна Наталлі Сідарэнкавай, цягам апошніх месяцаў мясцовыя бібліятэкары размяшчалі ў інтэрнэце паведамленні пра выставы, а таксама ладзілі шматлікія конкурсы і віктарыны. Напрыклад, якраз у гэты час бібліятэкарамі ладзіцца конкурс краязнаўчай віктарыны “Аб той зямлі, дзе ты нарадзіўся...”, прысвечаны Году малой радзімы і 885-гадоваму юбілею Мсціслава.
Відэа праекта Рэчыцкай РСБ на канале YouTube.
Праўда, старонка ўстановы ў адной з сацыяльных сетак пакінула ў мяне дваістыя ўражанні. Справа ў тым, што пра дзень нараджэння французскага пісьменніка Аляксандра Дзюма на гэтай старонцы ў сацсетцы паведамляецца ажно чатырма абзацамі тэксту, а вось пра 120-гадовы юбілей беларускага пісьменніка Уладзіміра Дубоўкі — толькі трыма банальнымі сказамі, без канкрэтыкі, без назваў твораў, без згадкі этапаў яго пакручастага лёсу, у якім былі і рэпрэсіі, і змаганне за выданне сваіх кніг, і шмат чаго яшчэ.
Далей — болей. Якраз перад допісам пра Уладзіміра Дубоўку адміністратарам бібліятэчнай старонкі згадваецца пра пераклад на рускую мову славутага твора Льюіса Кэрала “Аліса ў краіне цудаў”, прыводзяцца цытаты з гэтых перакладаў, расказваецца пра рускіх перакладчыкаў. Але чамусьці зусім не згадваецца пра беларускі пераклад гэтага твора, які не так даўно быў ажыццёўлены айчыннымі перакладчыкамі Максам Шчурам (“Алесіны прыгоды ў Цудазем’і”) і Верай Бурлак (“Скрозь Люстэрка, і Што ўбачыла там Аліса”).
Відэа-ролікі на канале YouTube Кобрынскай РЦБ.
Мяркую, дзецям і ўвогуле ўсім чытачам старонкі Мсціслаўскай бібліятэкі ў сацыяльнай сетцы было б цікава даведацца, што той адметны персанаж, які ў рускім перакладзе займеў назву “Шолтай-Болтай”, па-беларуску называецца “Жаўтун-Баўтун”, а Алісу ў беларускім перакладзе Макса Шчура клічуць Алесяй... Ды і што казаць, цікавых слоў і прыкладаў у беларускіх перакладах — безліч. Іх бы абыграць у бібліятэчных конкурсах, у інтэрнэт-віктарынах, пазнаёміўшы дзяцей і дарослых з гэтай цудоўнай казкай, перакладзенай на беларускую мову. Але ж, як бачна, пра гэта на старонцы бібліятэкі, на жаль, няма ні слова. Можа, хаця б пасля гэтай маёй крытычнай рэмаркі што-небудзь зменіцца? Як кажуць, пажывём — пабачым.
Чытай, Рэчыца!
Віртуальнымі конкурсамі, выставамі і віктарынамі прыцягвае ўвагу інтэрнэт-наведвальнікаў і Рэчыцкая раённая сетка бібліятэк. Па словах дырэктара ўстановы Алесі Кардонавай, бібліятэкары не так даўно зладзілі конкурс “Лепшая фотазона ў маёй бібліятэцы”, а ўдзельнікі клуба творчых сустрэч “Стрыжань” прысвяцілі паэтычныя радкі сваёй малой радзіме ў рамках праекта “Роднай зямлі прыгажосць святая”. Дарэчы, ролік з нагоды завяршэння гэтага праекта можна паглядзець на YouTube-канале ўстановы #ЧытайRechitsa.
— Таксама хачу адзначыць, што на абласным аглядзе-конкурсе “Бібліятэка, неабходная грамадству”, гарадская дзіцячая бібліятэка імя А.П. Гайдара была адзначана Дыпломам III ступені ў намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем”, — кажа Алеся Кардонава. — Члены журы ацанілі высокую якасць прадэманстраваных нашымі бібліятэкарамі матэрыялаў пад агульнай назвай “Дзіцячая бібліятэка: сучасная, цікавая, неабходная”.
Старонка сайта Уздзенскай ЦРБ імя Паўлюка Труса.
Акрамя таго, па словах суразмоўцы, рэчыцкія бібліятэкары актыўна ладзяць выставы работ мясцовых мастакоў, прычым, як прафесіяналаў, так і мясцовых аматараў. Скажам, у ЦРБ да 31 жніўня будзе ісці выстава карцін Алены Віцебскай “Гэты свет, прыдуманы мною”, а ў гарадской бібліятэцы №1 цяпер можна паглядзець выставу Таісіі Палавінка “Дарыце людзям прыгажосць”.
Да слова, Алеся Кардонава, як, дарэчы, і яе калега з Мсціслава Наталля Сідарэнкава, запэўнілі мяне, што план платных паслуг пакуль што ўстановамі выконваецца, нягледзячы на тое, што колькасць наведвальнікаў бібліятэк з-за зразумелых прычын сёння значна зменшылася.
— Вялікім попытам карыстаюцца такія паслугі, як раздрукоўка, сканаванне тэксту, ламініраванне, — кажа кіраўнік Рэчыцкай раённай сеткі бібліятэк. — Акрамя таго, у нашых планах увесці платны чытацкі білет, па якім чытач, запісаны ў адну бібліятэку горада, аўтаматычна атрымае доступ да ўсіх іншых гарадскіх “кніжніц”.
Што ж, цалкам слушны падыход да развіцця бібліятэчнай справы. Балазе, прыклады падобнага адзінага білета — бібліятэчнага, музейнага, тэатральнага, — ёсць ужо і ў Беларусі, і за мяжой. Не варта і казаць, што падобны крэатыўны вопыт добра сябе зарэкамендаваў, таму і ў Рэчыцы гэтае ноу-хау, мяркую, прыйдзецца даспадобы ўсім людзям, ахвочым да цікавага чытання.
Крэатыўныя закладкі і “Нёманец”
Не адстаюць ад калег і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Так, напрыклад, у Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме сёння таксама шмат увагі надаюць віртуальным праектам.
— Скажам, бібліёграфы цэнтральнай раённай бібліятэкі нядаўна стварылі прэзентацыйны відэафільм “Працай уславілі край родны”, — кажа дырэктар установы Ларыса Легацюк. — Прэзентацыя, як і выданне бібліяграфічнага даведніка “Па працы і пашана”, з’яўляецца падвядзеннем вынікаў работы ў межах праекта “Славутыя імёны маёй малой радзімы”. Гэты відэа-ролік, як і некаторыя іншыя, напрыклад, з апошнімі навінкамі літаратуры, можна паглядзець на нашым YouTube-канале.
Старонка Мсціслаўскай ЦРБ у адной з сацыяльных сетак.
Цікава, што ў рамках 75-годдзя Вялікай Перамогі да Дня горада бібліёграфамі цэнтральнай раённай бібліятэкі былі распрацаваны закладкі-банеры пад назвай “Вуліцы, авеяныя славай: гісторыя Вялікай Айчыннай у назвах вуліц Кобрына” і “Хроніка вызвалення Кобрына”. Крэатыўныя закладкі змяшчаюць кароткую фактаграфічную інфармацыю, а адпаведны QR-код дазваляе зацікаўленаму чалавеку імгненна зайсці на сайт Кобрынскай РЦБС і атрымаць больш поўную інфармацыю па той або іншай тэме. Так што мясцовыя бібліятэкары з інтэрнэтам сябруюць даўно і вельмі паспяхова.
Як, бадай, і ўсе астатнія бібліятэкі і бібліятэкары Беларусі. Так, па словах дырэктара Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Труса Аксаны Драчан, бібліятэкары здаўна запісваюць відэаролікі, дэманструюць у інтэрнэце відэа-прэзентацыі сваіх выстаў і мерапрыемстваў.
— Напрыклад, у маі ў нас прайшоў дзень памяці Паўлюка Труса — нашага земляка, знакамітага беларускага пісьменніка, — пад назвай “Светлае імя Беларусі”, — кажа Аксана Драчан. — Дзея праходзіла ў відэафармаце, а ў рамках дня памяці была зладжана акцыя “Чытаем разам Паўлюка Труса”, у якой прынялі ўдзел чытачы і супрацоўнікі бібліятэкі ды раённага Дома культуры.
На сайце ўстановы, дарэчы, можна паглядзець разнастайныя віртуальныя выставы, прычым як персанальныя (прысвечаныя, скажам, акадэміку Васілю Пашкевічу ці мясцоваму святару, протаіерэю Міхаілу Навіцкаму, кананізаванаму Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы), так і тэматычныя (пра Музей аўтографа ЦРБ, пра рэпрэсаваных пісьменнікаў Уздзеншчыны ды многія іншыя).
Не магу не сказаць яшчэ вось пра што. Як вядома, Уздзеншчына — калыска для многіх песняроў, майстроў мастацкай прозы і паэтычнага радка.
— Багатую спадчыну землякоў-класікаў, што нарадзіліся на нашай, уздзенскай зямлі, перанялі і працягваюць сённяшнія творцы, удзельнікі літаратурнага аб’яднання “Нёманец”, — адзначыла Аксана Драчан. — З 1995 года творчая суполка створана на базе Уздзенскай ЦРБ і аб’ядноўвае мясцовых аматараў літаратуры, якія працуюць у самых розных літаратурных жанрах. А з 2004 года ў серыі “Бальзам жывых крыніц” наша бібліятэка выдае зборнікі аўтараў — удзельнікаў літаб’яднання.
Што ж, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, бібліятэкары раённых “кніжніц” працягваюць актыўна пазіцыянаваць сябе і сваю дзейнасцю як у рэальным, так і ў віртуальным свеце, прыцягваючы для гэтага ўсе магчымыя сродкі. Асабліва ўражвае тое, што планы платных паслуг, якія, як казалі мае суразмоўцы, так і не былі пакуль што скарэктаваны ў бок змяншэння, усё адно выконваюцца бібліятэкарамі. Хоць, зразумела, цяпер магчымасцяў для гэтага значна меней, чым, скажам, у зімовыя месяцы, калі пра каранавірус і яго наступствы яшчэ мала хто ведаў, а бібліятэчныя ўстановы наведваліся і дарослымі і дзецьмі без асаблівых перашкод (калі не лічыць, магчыма, снегападаў ці кепскага надвор’я) і забаронаў на масавыя мерапрыемствы.
І яшчэ. Як бачна, многае сёння залежыць ад прафесіяналаў бібліятэчнай сферы. Менавіта яны, профі, вырашаюць, як актыўна пазіцыянаваць сваю дзейнасць з дапамогай сацыяльных сетак, як узаемадзейнічаць праз інтэрнэт са сваімі калегамі ў Беларусі і за мяжой, пераймаючы паспяховы вопыт і прапагандуючы ўласныя здабыткі ў бібліятэчнай сферы, а таксама ствараюць свае бібліятэчныя суполкі для абмеркавання тых або іншых праблем з калегамі або чытачамі і наведвальнікамі. І гэтая заўважная і яскравая тэндэнцыя віртуальнага жыцця, якое наўпрост уплывае на жыццё рэальнае, пагадзіцеся, не можа не радаваць.