Як Том Соер плот фарбаваў
Розныя арганізацыі сталі прапаноўваць нам цікавыя праекты. Так, маладыя загадчыкі і бібліятэкары гарадскіх бібліятэк на чале з дырэктарам Вікторыяй Бусел ахвотна адгукнуліся на прапанову мясцовай арганізацыі БРСМ паўдзельнічаць у праекце “#ЗаСправу”.
Мы ўлічылі тое, што ўлетку дзеці праводзяць большую частку дня на вуліцы. Таму вырашылі пафарбаваць дзіцячую гульнявую пляцоўку і добраўпарадкаваць тэрыторыю каля яе. Памятаеце, як Том Соер плот фарбаваў? Прыкладна па такім вясёлым прынцыпе да бібліятэчнай працы далучыліся і маладыя мамы з бліжэйшых дамоў. Усе ўзброіліся пальчаткамі, фарбай, пэндзлікамі і добрым настроем. У выніку матулі за гадзіны плённай працы зрабілі цуд: дзіцячая пляцоўка якасна пераўтварылася вонкава. Калі фарбы высахлі (як доўга цягнуўся гэты час!), дзеці займелі цудоўнае месца адпачынку.
Кніжны відэафармат
Праект “Цвёрды пераплёт” можна назваць праектам надзеі. Надзеі на тое, што вернецца ранейшае даэпідэмічнае жыццё і чытачы зноў вярнуцца да кнігі і чытання. За праект узяліся мясцовая тэлекампанія “Ранак” і цэнтральная раённая бібліятэка. Дапамагаюць, натуральна, супрацоўнікі дарослых і дзіцячых устаноў горада. Тэхнічны бок забяспечваюць супрацоўнікі тэлекампаніі. Яны здымаюць відэаролікі (вядома, у бібліятэчным інтэр’еры), у іх бібліятэкары расказваюць пра цікавыя кнігі для дзяцей і дарослых, на якія трэба звярнуць увагу.
Дарэчы, расповеды будуюцца на творах, адабраных бібліятэкарамі на падставе асабістага густу.
Таты бываюць розныя, кнігі — таксама
Так, напрыклад, бібліятэкар гарадской дзіцячай бібліятэкі № 6 Ала Гаўрычкіна прапанавала дашкалятам, малодшым школьнікам і іх мамам не толькі кнігі ”Наадваротная мама”, “Таты бываюць розныя” Машы Рупасавай і Ксеніі Валахановіч, серыю кніг Алега Роя “Казачны патруль”, але і вельмі цікавыя выданні пазнавальнага характару. У іх ліку кніга брытанскай пісьменніцы Дэніс Медоус “Козачка Эма, альбо Магія творчасці”, што ўвайшла ў серыю “Лес сяброўства”. Маладыя матулі не па чутках знаёмыя з мноствам “як”? “чаму”? “навошта”? І часам такія пытанні маленькіх чамучак ставяць у тупік. Таму вельмі карыснай з’яўляецца кніга Марка Бейнье і Бертрана Фішу “Навука не сум. Вучоныя адказы на дзіцячыя пытанні”, якая тлумачыць многія з’явы ды сітуацыі: якога памеру кропля дажджу? чаму ад прышчэпак балюча? ці сапраўды ўзімку сонца грэе меней? і г.д.
Безумоўна, спадабаюцца дзятве і кнігі Холлі Вебб з серыі “Добрыя гісторыі пра звяркоў ”. А вось бібліятэкар дзіцячай раённай бібліятэкі Алена Кохна ў сваім відэааглядзе раіць кнігі для падлеткаў. Супрацоўніцы раённай бібліятэкі Святлана Цімафеева і Юлія Сліва спыніліся на захапляючых жаночых романах, у тым ліку і папулярнай беларускай пісьменніцы Наталлі Батраковай. Знятыя відэаролікі паказваюцца рэгулярна ў пазнавальных праграмах тэлеканала, а таксама выстаўлены ў сацыяльных сетках. Як сведчаць бібліятэкары, прапанаваныя ў межах праекта кнігі сталі карыстацца вялікай папулярнасцю ў чытачоў. На асобныя нават ёсць чарга.
Праект працягваецца. Наперадзе больш месяца лета і шмат спакуслівых прыгод: патрэбна толькі адкрыць кнігу. Ці не так?
Валянціна РАСОШАНКА, галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Светлагорскай раённай бібліятэкі