А пачалося ўсё з 2010 года, калі Сяржук Доўгушаў утварыў этна-гурт Vuraj і пачаў эксперыментаваць з палескім фальклорам. Эксперыменты прывялі да аўтарскага перастварэння аўтэнтыкі. Далей — болей. На базе этна-гурта была створана грамадская суполка “Этнатрадыцыя”, якую ўзначаліў таксама спадар Доўгушаў. А “Этнатрадыцыя” ў сваю чаргу спарадзіла праект “Традыцыйны строй”. Каардынатарам яго і стаў Віталь Чымбур — сябра “Этнатрадыцыі” і энергетык па прафесіі. Працэс цалкам лагічны. Аўтэнтыка ў фольк-рокавых спевах не магла не прывесці да аўтэнтыкі ў сцэнічных строях, і не толькі ў сцэнічных.
Сталых спонсараў у арганізацыі і праекта няма. Спадзяюся — пакуль. Асноўны прынцып дзейнасці, калі можна так сказаць, — валанцёрскі. Вось пра што распавядае Віталь Чымбур: “Вынік праекта “Традыцыйны строй” — першая онлайн-энцыклапедыя аўтэнтычных традыцыйных строяў Беларусі. Яна змесціць каля 154 відэакліпаў ды шэраг майстар-класаў. Да кожнага відэакліпа будзе далучана адмысловая інфармацыя з дэталёвым тлумачэннем рэгіянальных адметнасцяў. Энцыклапедыя прызначана і для недасведчанага карыстальніка. Эстэтычнае задавальненне дапаможа разуменню асаблівасцяў нашай традыцыі. А пераклад на англійскую мову прывабіць і міжнародную аўдыторыю”. Віталь Чымбур падкрэслівае, што каманда праекта заўжды гатова супрацоўнічаць з усімі ахвотнымі. А пакуль вядуцца навуковыя даследаванні, назапашваецца фальклорны матэрыял.
Фота прадастаўлена арганізатарамі праекта
Першыя вынікі праекта.