Сорак адзін год назад у Іране адбыўся сацыяльны выбух, які адгукнуўся рэхам не толькі ў рэгіёне, але, бадай, ва ўсім свеце. На змену канстытуцыйнай манархіі была ўсталявана рэспубліка, ідэалагічным падмуркам якой быў абвешчаны іслам. Выстава распавядае пра глыбокія карані іранскай цывілізацыі, а таксама пра падзеі, у выніку якіх паўстаў сённяшні Іран, паказвае рэчаіснасць гэтай краіны ў люстэрку мастацтва.
Да арганізацыі выставы прычынілася Культурнае прадстаўніцтва Пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран у нашай краіне. У экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі нязвыклай для беларускага вока прыроды, знакамітых помнікаў дойлідства, узоры традыцыйнага мастацтва і персідскай каліграфіі. І хоць за стылістыкай твораў стаіць не адно стагоддзе гісторыі, адчуваецца, што Іран — дынамічная краіна, адкрытая інавацыйным з’явам, у тым ліку і ў галіне культуры.
У рамках выставы плануецца майстар-клас па каліграфіі, што ўяўляе безумоўную цікавасць для беларускіх мастакоў, чыя спецыялізацыя — шрыфтавое мастацтва. Працаваць выстава будзе да 15 лютага.
Фота аўтара