У сваёй прамове міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар адзначыў, што ключавыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця культуры за мінулы год перавыкананыя ў разы. Дзяржава стварыла магутны базіс для дынамічнага развіцця галіны, а культура стала зарукай грамадскай бяспекі і суверэнітэту нашай краіны. Міністр прааналізаваў сітуацыю ў кожным з накірункаў сферы, адзначыўшы найбольш паспяховыя праекты.
Між іншага, былі адзначаныя станоўчыя тэндэнцыі ў рабоце кінастудыі “Беларусьфільм”.Кінастудыяй і іншымі вытворцамі з дзяржаўнай падтрымкай у Беларусі знята 29 фільмаў — на пяць больш, чым у 2018 годзе. Работы кінастудыі ўдзельнічалі ў 70 міжнародных кінафестывалях, дзе адзначаны 49 узнагародамі.
Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў за 2019 год папоўніўся 16 аб’ектамі спадчыны, у рэгіёнах актывізавалася праца па правядзенні культурных мерапрыемстваў, заснаваных на мясцовым унікальным матэрыяле. Наступным крокам у гэтым кірунку павінна стаць шырокая папулярызацыя мясцовых культурных брэндаў і самабытных традыцый, якія маюць вялікія перспектывы для развіцця культурна-пазнавальнага турызму.
У ліку найбольш значных падзей у мастацкім жыцці Беларусі 2020 года былі згаданыя 100-годдзе Нацыянальнага акадэмічнага тэатра Янкі Купалы і 100-годдзе аб’яднання УНОВИС. “Віцебск па праве лічыцца радзімай сучаснага авангарда. Гэтую тэму мы хацелі б пазіцыянаваць з пункту гледжання развіцця турыстычнага патэнцыялу”, — сказаў Юрый Бондар.
Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка засяродзіў увагу прысутных на тым, што калегія з’яўляецца адпраўным пунктам для вызначэння планаў пяцігодку і што варта зрабіць для выхаду на якасна новы ўзровень развіцця ўсёй галіны ды кожнай асобнай арганізацыі. Ігар Петрышэнка адзначыў неабходнасць узмацнення работы па падрыхтоўцы кіраўнічых кадраў у рэгіёнах, а таксама маладых творчых кадраў. Была звернутая ўвага і на патрэбу развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы культуры.
Напрыканцы калегіі адбылося ўзнагароджанне работнікаў культуры па выніках іх дзейнасці за 2019 год.
Больш падрабязна пра пасяджэнне выніковай калегіі Міністэрства культуры чытайце ў наступным нумары.
Фота Пётры ВАСІЛЕЎСКАГА
На здымках: Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар падчас калегіі, Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка на цырымоніі ўзнагароджання работнікаў культуры.