За гады існавання праз “Дударыкі” прайшлі сотні гімназістаў, для якіх любоў да Беларусі — не фальшывае слова, а трапная нота і пранізлівы гук. Гармонія музыкі нараджае гармонію душы. І неабавязкова стаць для гэтага прафесійным музыкантам (хоць гурт выхаваў іх тры дзясяткі), галоўнае, што ты зразумеў мажорнае гучанне роднай зямлі, і сэрца тваё пачало біцца з ім ва ўнісон.
Можна шмат казаць пра патрыятычнае выхаванне і нічога не атрымаць на выхадзе. А можна стварыць пры “Дударыках” музей беларускага побыту і музычных інструментаў, сабраць унікальныя рэчы (акарыны, дудкі, ражкі, цымбалы…) вядучых айчынных майстроў і ўключыць усё гэта ў рэпетыцыйна-канцэртны працэс. І любоў да Бацькаўшчыны набудзе рэальныя абрысы: дзевяць Гран-пры за пяць апошніх гадоў удзелу ў самых розных, але вельмі прэстыжных фэстах і конкурсах, дзве тысячы канцэртаў, 550 з іх — за мяжой. Толькі ў Італіі “Дударыкі” былі адзінаццаць разоў! Ведаюць пра іх у Тайвані, Партугаліі, Шатландыі, Германіі, Паўднёвай Карэі і Францыі. Дарэчы, свой канцэрт у Парыжы “Дударыкі” далі ў штаб-кватэры UNESCO. За такі экспарт нашай культуры, пагадзіцеся, не сорамна.
Прэмію калектыў атрымаў за важкія дасягненні ў галіне аматарскага мастацтва і прэзентацыю Беларусі на Міжнародным фэсце “Гармонік збірае сяброў” і Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. Між іншым, штогадовы фестываль гарманістаў прыдумаў таксама Дзмітрый Равенскі. Што ён прыдумае заўтра?