Дзейнасць апошніх і заключаецца ў тым, каб рабіць усё па накатанай схеме. З ініцыятывамі ў іх проста — іх мінімальная колькасць. А тыпавыя “каляды” ды “іваны купалы” народу будуць. Ды і колькі таго народу на іх ходзіць у вёсках? А план платных паслуг і па наведванні як-небудзь выканаецца. Туга смяротная бываць у такіх установах.
Энтузіясты ж — гэта наша ўсё. У бібліятэку да іх школьнікі ідуць, забыўшыся на час пра гаджэты; жадаючыя паступіць у дзіцячыя школы мастацтваў у чаргу выстройваюцца; у дамах рамёстваў вопытныя і юныя майстры гатовыя ці не начаваць; у музеях рэгулярна адкрываюцца новыя экспазіцыі, а ў дамах культуры — гурткі. І пра дэмаграфію ў такіх населеных пунктах ніхто не ўспамінае, і пра фінансаванне. Рамонту толькі энтузіясты чакаюць. І абнаўлення гукавага / светлавога абсталявання ды гардэроба сельскіх артыстаў.
А ў музыцы 2019-ы для краіны прайшоў і пад знакам ансамбля “Песняры”, якому “стукнула” пяцьдзясят гадоў. Газета “Культура” пра круглую дату, натуральна, не забылася, апублікаваўшы серыю інтэрв’ю з музыкантамі калектыву розных гадоў, юбілей быў адзначаны шэрагам прыкметных мерапрыемстваў — і за межамі Беларусі. Аднак, так ужо здарылася, што свята гэтае выйшла, як спяваецца ў вялікай песні, са слязамі на вачах — пайшлі з жыцця тры былых удзельнікі ВІА. Уключаючы Алега Молчана — чалавека, што на пэўным этапе стаў як бы рэаніматарам “Песняроў”. З яго сыходам беларуская культура сапраўды панесла цяжкую страту. Наогул, на жаль, на смерці музыкантаў адыходзячы год не пасквапіўся…
Умацоўваў свае пазіцыі сярод тынэйджараў Ціма Беларускіх. Асабіста мне, у сілу ўзросту і некалькі іншых музычных прыхільнасцяў, судзіць пра яго артыстычныя вартасці складана. Абмяжуюся тым, што задам у нікуды сакраментальнае пытанне — ці надоўга хопіць маладога выканаўцы?
Калі ж адштурхоўвацца ад выдадзеных альбомаў, то ў параўнанні з 2018-м работы здаліся мне цікавей. Да рэлізаў года занясу “Такая доўгая зіма” / “Балады. Найлепшае” (Віктар Шалкевіч), “Гул” (гурт “Петля пристрастия”), Hravitacyja (праект Volski), “Заварушыць біт” (гурт Trubetskoy) і “Самнамбула” (гурт Nizkiz). А тройка прызёраў майго хіт-параду выглядае так: 1 месца — Razok (Warsoba + Irena Kotvitskaya), 2-е — “Дрэва жыцця” (гурт Relikt), 3-е — Me, Mother (гурт Shuma). Прычым, заўважце, наколькі рознастылёвыя альбомы.
На жаль, на фінішы года прыпыніў працу адзін з двух спецыялізаваных музычных парталаў, што заставаліся ў айчыннай інтэрнэт-прасторы і мелі масавую аўдыторыю. Значыць, з яго знікненнем стане менш і на прэмію, заснавальнікам якой з’яўляўся рэсурс. Хто бы як ў свой час не іранізаваў над, скажам, Нацыянальнай музычнай прэміяй “Ліра” у галіне папулярнай музыкі, што непрыкметна адышла ў нябыт, але вось спыняе існаванне яе “калега”, і сумна становіцца: у нейкім кантэксце музычныя вынікі года будуць заставацца непадведзенымі, а годныя ўзнагарод артысты — без прызоў. Усё-ткі не ўтрымаўся 2019-ы і “свінню” падклаў. Ну а “белыя металічныя пацукі” у надыходзячым? Упэўнены, што гукі чароўнай флейты з беларускага карабля культуры прымусяць іх прыняць стваральны фрунт!