“Устань раней ды шагні далей”, “Быў бы сад, а салаўі прыляцяць”, “Малы жук, а вялікі гук”, “Гаспадарку весці — не барадой трэсці”, “Не той шчупак, што з вады сарваўся, а той, што ў вядры застаўся”, “У родным краю, як у раю”, “Абы бог да добры людзі, то ўсё добра будзе!” — гэтыя і іншыя мудрыя выслоўі былі ўпрыгожаны адмысловымі малюнкамі мастачкі Таццяны Быц. Але галоўнае, што адборам лепшых прыказак займаліся тыя людзі, якія ў пошуках выйсця са складаных жыццёвых сітуацый кожную з іх быццам “прымервалі” на сябе. Бо гэта быў праект Мінскага клубнага дома “Адкрытая душа” пры Беларускай асацыяцыі сацыяльных работнікаў па падтрымцы людзей з псіхічнымі расстройствамі. Наведвальнікі цэнтра перагледзелі каля 8 тысяч беларускіх прыказак-прымавак, адбіралі з іх найбольш цікавыя, абмяркоўвалі — і ўжо сам гэты працэс быў часткай рэабілітацыйнай працы. Бо для тых, хто адчувае сваю незапатрабаванасць і таму мае асаблівую патрэбу ў падтрымцы, вельмі важна атрымаць нармальныя чалавечыя зносіны, адчуванне сяброўства, уласнай значнасці, каштоўнасці сваіх дзеянняў.
У прэзентацыі календара, ініцыятыву выдання якога падтрымала кампанія А1, прыняў лідар гурта “Троіца” Іван Кірчук, працягнуўшы вечарыну паказам свайго монаспектакля “Дарожка мая…”. Дарэчы, ён таксама дапамагаў у канчатковым адборы, далучыўшыся да яго на адным з этапаў як адзін з найбольш дасведчаных знаўцаў беларускай духоўнай спадчыны. Сацыяльны праект з’яднаўся з падтрымкай нацыянальнай культуры, і ўсё разам прывяло да з’яўлення мастацкага эксклюзіву з выратавальна-лекавым адценнем.