Пукст у рэжыме хобі

№ 49 (1436) 07.12.2019 - 14.12.2019 г

Мэтр айчыннага андэрграўнду і постшансанье Сяргей ПУКСТ вядомы таксама і як шматгадовы вядоўца “Дыялогаў пра культуру” на Радыё “Культура”. Менавіта гэты фармат — нязмушанай і зацікаўленай гутаркі на розныя адстароненыя (але актуальныя) тэмы — я і вырашыў пераняць для нашай гутаркі.

/i/content/pi/cult/774/16716/016.JPG— Прапрацаваўшы столькі на Радыё “Культура”, ты, мабыць, можаш нешта сказаць пра цяперашнія культурныя трэнды і настроі…

— Наўрад ці. Я запрашаю ў эфір найперш тых, каго лічу цікавым — без залежнасці ад культурных трэндаў. Ізноў жа, што іх вызначае? Няўжо колькасць праглядаў на YouTube?

— Я ўсё ж пра іншыя трэнды. Мяне даўно мучыць пытанне: чаму ў нас даўно ўжо не з’яўлялася такіх шалёных, шчырых і непасрэдных музычных праектаў, якім у 90-я быў гурт “ОППА”?

— Ведаеш, тады ў нас усё рабілася праз прызму няўпэўненасці і збянтэжанасці. У мяне было поўнае адчуванне, што мы падманваем публіку.

— У публікі (прынамсі, у мяне) было іншае адчуванне…

— Вельмі дзіўна! У нас усё атрымлівалася спантанна, і ніхто не разумеў, што зараз адбудзецца.

— А хіба гэта дрэнна?

— Так. Калі ты імправізуеш, дык вырачаны выкарыстоўваць самыя банальныя хады — проста каб не памыліцца, не схібіць. Гэта такая пастка, у якую многія трапляюць і думаюць, нібы яны займаюцца музыкай. Я тады і не ведаў, што існуюць нейкія іншыя вымярэнні, што можна граць гукавымі ландшафтамі і аб’ёмамі. Падазраю, тады я знаходзіўся на ўзроўні развіцця сваёй публікі, якая таксама шмат чаго не ведала. Дый так і не даведалася, па вялікім рахунку.

Сёння тое смецце, якое з’яўлялася нашай канцэпцыяй — калі ты граеш усё, што заўгодна — трансфармавалася, па сутнасці, у такое самае смецце, толькі фармалізаванае. Не імправізацыю, а стылістычныя шаблоны. Гэта тое, што я называю апладненнем мастака стылем. Людзі, якія лічаць сябе знаўцамі, фармуюць яго каноны і тлумачаць потым маладзенькім хлопчыкам, што такое сюррэалізм або як граць постпанк. І яны дбайна засвойваюць адпаведныя прыёмы і тэматыку ды не імкнуцца выйсці па-за іх межы. Часам нехта дадае моцныя сродкі — збытковую экспрэсію, эксплуатацыю вобразаў “на злобу дня”. Але ўсё адно гэта пазбаўлены індывідуальнасці поп-прадукт.

— Нешта жорскі ты да свайго мінулага… Або сціплы.

— Хутчэй, пераборлівы. Літаральна ўчора пераслухоўваў старыя канцэрты Pukstband — і плакаў… ад гонару! Гэта ці не лепшае, што мне даводзілася чуць у жыцці! І ў такім падыходзе ёсць рацыя. Калі ты не лічыш тое, чым займаешся, чымсьці “зэ бэст” (прынамсі, паводле свайго асабістага меркавання) — тады проста няма сэнсу гэтым займацца.

— Раней самалюбства аўтара магло цешыць адчуванне, што ён робіць нешта новае — прынамсі, для свайго культурнага асяродку. А сёння такога ўяўлення, пэўна, ужо ні ў кога няма…

— Ані ўяўлення, ані памкнення. Насамрэч, рабіць новае — проста не ў трэндзе. Людзі ахвотней спажываюць нешта пазнавальнае, здатнае абудзіць іх успаміны. Гэта псіхалагічная арганізацыя большасці з нас — бо такі падыход проста камфортны. Ён працуе і ў музыцы: артыст імкнецца (можа быць, нават несвядома) выклікаць гаму знаёмых слухачам эмоцый. На сёння сістэма шоу-бізнесу гэта засвоіла і ўвасабляе ў вытворчасці канкрэтных культурных прадуктаў.

— Але ж дыяпазон навізны і сапраўды не бясконцы…

— Ну так. “Уліс” Джойса вычарпаў большасць літаратурных сродкаў, а Антон Вэберн — магчымасць музычных камбінацый. Сыходзячы з гэтага, камфортнай падаецца думка, што нічога фармальна новага ўжо і не зробіш. Але гэта — такі “спартыўна-статыстычны” падыход. Тут варта казаць і пра іншы крытэрый — наяўнасць аўтарскай задумы. А яе ніякімі канкрэтнымі велічынямі не вымераеш. Аднак… каму яна сёння патрэбная?

— Добра, задам тады вечнае пытанне: хто ў гэтым вінаваты? Раней вальнадумныя музыканты вінавацілі (у залежнасці ад краіны і эпохі) караля, кансерватыўных клерыкалаў або Камуністычную партыю. Сёння ж культурны рынак нагадвае вялізны супермаркет, дзе ёсць усё. Але ў ім нейкія тавары можна проста не заўважыць.

— Ідэалагічны ціск змяніўся камерцыйным, і ён яшчэ больш жорсткі. Каб разлічваць на нейкі поспех, ты можаш дазволіць сабе пакінуць толькі тыя свае ўласцівасці, якія добра прадаюцца. І прымаць такія рамкі свайго існавання — а яны бязлітасныя.

— Але сёння такія фактары, як мэйжар-лэйблы або буйныя прадзюсары, ужо страцілі абсалютную моц. Вунь хлопцы з вуліцы накшталт Макса Каржа раптам становяцца мегапапулярнымі — хай і не ствараючы пры гэтым ніякіх прынцыпова новых мастацкіх з’яваў. Дарэчы, ці не было ў цябе жадання запрасіць Каржа ў эфір?

— Не было. І не таму, што ён папулярны — гэта такая дзіцячая логіка. Я здатны разглядаць яго як феномен сацыяльны, але ні ў якім разе не эстэтычны. І спадзяюся, што ў душы гэты артыст куды больш цікавы і разнастайны, ніж у творчым вобразе. Са спачуваннем разумею, што ён мусіць гуляць па сваіх даволі жорсткіх правілах.

І таму куды з большай ахвотай запрашаю цудоўнага сонграйтэра .К (Гэта правільна — І.С.) — вельмі ўдзячны, што ён трэсся з Гродна ў марштрутцы, спяшаючыся на эфір. Як мне падаецца, гэты аўтар заслугоўвае куды болей увагі за Каржа — хаця б на ўзроўні маёй праграмы. І не ён адзін — у нас багата цікавых музыкантаў, якія існуюць у нейкім падвешаным стане. Электроншчык з Гомеля (((О))), цудоўная спявачка Duся… Тыя ж Света Бень, Арцём Залескі, вядома ж, Ягор Забелаў, Міхей Насарогаў, пры ўсіх да яго пытаннях… MorkvoЦвет — варты ўвагі гурт, “Сестричкин Луч”...

Атрымліваецца немалы спіс праектаў, дзе адчуваецца нейкае аўтарскае мысленне — што самае важнае. А вось медыярэсурсы для іх падтрымання — амаль нулявыя. Ёсць хіба нейкія прыватныя ініцыятывы, асобныя супольнасці, якія варацца ва ўласным соку і не аб’яднаныя інфраструктурай у асобную сетку. Усё вельмі лакальна і не выходзіць па-за межы вузкага кола. Раней быў прынамсі шэраг сістэмаўтваральных музычных сайтаў (тыя ж “Эксперты”), але яны сканалі адзін за адным, не знайшоўшы крыніц фінансавання. Бо структуры падтрымання альтэрнатыўных з’яваў у нас наогул вельмі кволыя.

— А што ты прапануеш? Прыняць Насарогава ў штат філармоніі ды плаціць яму стабільны заробак?

— Я даўно зразумеў, што трэба перавесці сваё творчае існаванне ў рэжым хобі, не задумваючыся пра ягоны камерцыйны аспект наогул. Гэта правільна і рацыянальна. У кожным разе, мае ж чалавек права вошкацца з машынай у гаражы або клеіць караблікі. А я займаюся музыкай. І такі падыход дае шмат перавагаў. Ты вольны рабіць тое, што хочаш, развіваць сябе настолькі, наколькі магчыма — прычым без шкоды для сацыяльных і сямейных абавязкаў. І такая асобасная рэструктурызацыя, на мой погляд, дае зусім нечаканыя чалавечыя рэзервы. А галоўнае — у цябе не будзе фрустрацый. Бо калі ты будзеш адразу арыентавацца на камерцыйны поспех (хаця мець бізнес-план не грэх) дык не толькі іх займееш, але і страціш нешта аўтарскае ды істотнае.

— Такі падыход не ў навінку. Ёсць цудоўны досвед існавання “нефармальных” мастакоў у савецкай сістэме, калі яны цыгам усяго жыцця стваралі на кухнях нейкія вартыя рэчы. А вось сёння такіх феноменаў куды меней.

— Розніца ў тым, што ў гэтых мастакоў было сваё асяроддзе, якое іх падтрымлівала — цэлая сістэма, што існавала паралельна афіцыйнай. Тады супрацьстаянне стварала легенды. А сёння мы існуем у рэальнасці, калі аўтарскае не з’яўляецца трэндам. Гэта твая асабістая справа, якой ты займаешся, як правіла, сам-насам, не надта трывожачы гэтым астатніх.

— А навошта ты стварыў столькі alter ego?

— Гэта было такое свядомае іміджавае самагубства — не чвартаванне, а растраенне. Яго мэта — адсяканне глядацкага шлейфа. Будучы і так чалавекам не надта папулярным, я хацеў яшчэ болей пазбавіцца папулярнасці. Чаму? Бо непапулярны артыст куды больш вольны — ён не сутыкаецца з ціскам публікі. І не мае страху быць пакараным бракам яе ўвагі ў выпадку нейкіх рэзкіх рухаў.

— Шансанье Георгій Дабро, рэпер у True Litwin Beat… Плюс яшчэ бадай акадэмічная музыка для фільмаў — не кажучы ўжо пра “класічнага” Пукста з электрагітарай. Прызнацца, усё гэта слаба спалучаецца ў адной асобе.

— Гэта розныя аспекты, у якіх мне хацелася сябе праявіць. І спроба выкарыстаць сродкі прамога дзеяння розных жанраў — скажам, рускага шансона і рэпа. True Litwin Beat — праект лагацэнтрычны, там ёсць эфект прамаказання. Калі раней мая творчасць была збудаваная на складаных вобразах, тут усё акурат прамаўляецца наўпрост. І гэта дае новы ўзровень свабоды. А Георгій — праект хутчэй акцёрскі, да музыкі ён мае хіба ўскоснае дачыненне.

— Цікава, ці ўспрымае нехта Георгія Дабро за чыстую манету? Ці былі запрашэнні на вяселлі і карпаратывы?

— Ды не. Камерцыйнага поспеху Георгій пакуль не зведаў. І справа вось у чым: яму не ўдаецца канкурыраваць з сапраўднымі шансанье, здатнымі ўстаць перад глядачкай на калена, раздзерці на сабе кашулю і з ходу прызнацца ў каханні. Гэта экстрамастацкі момант, не звязаны з якасцю матэрыялу.

— І такіх момантаў цяпер шмат…

— Так. У падручніку па маркетынгу гаворыцца, што якасць прадукту мае другаснае значэнне. Чалавек рэагуе на нейкія наўпроставыя эмацыйныя раздражняльнікі. Адсюль і тыя ж сеціўныя прыколы…

— Джойса са смартфона ў метро надта не пачытаеш — хаця я спрабаваў.

— Гэта так. Але можна чытаць, напрыклад, “Вікіпедыю”. Пагугліў нешта — і адразу заглытнуў порцыю ведаў. Тое, што цяпер даступны такі ўзровень самаразвіцця — гэта ж проста цуд! Сёння ты можаш паглядзець што заўгодна, патраціўшы дзве гадзіны свайго кароткага жыцця з толкам. Але пры такім аб’ёме інфармацыі вельмі цяжка пра нешта думаць хаця б хвілін 20. Атрымліваецца ментальны запінг, праз які ты бы наркаман губляеш сябе. І ў выніку — пры ўсім багацці выбару — мы абіраем паміж кока-колай і кока-колай.