Дырэктар установы Юрый Гільдзюк падчас прэс-канферэнцыі, якая папярэднічала гэтай праграме, адзначыў: для філармоніі вельмі важна, што іх канцэрты ўключаны ў культурную праграму II Еўрапейскіх гульняў, бо гэта дазволіць прадэманстраваць нашу краіну турыстам не толькі са спартыўнага боку.
Адной з найбольш значных падзей, прымеркаваных і да закрыцця сезона філармоніі, і да II Еўрапейскіх гульняў, з’яўляецца “Вялікі фартэпіянны марафон” 22 чэрвеня. Арцём Шаплыка, адзін з арганізатараў, распавёў, што ідэя сабраць лепшых піяністаў Беларусі, каб яны на працягу 12 гадзін (з 10.00 да 22.00) радавалі слухачоў шэдэўрамі класічнай музыкі, з’явілася некалькі гадоў таму. Тады сам спадар Шаплыка ўдзельнічаў у падобным марафоне ў Іспаніі. У дзень марафону ў філармоніі можна будзе не толькі паслухаць цудоўную музыку, але і выканаць яе самастойна — для ўсіх ахвотных паставяць свабоднае піяніна.
23 чэрвеня таксама адбудзецца канцэрт “Месячнае святло”, у якім аб’яднаюцца музыка, танец і мастацкае слова. Выступленні артыстаў будуць суправаджацца відэапраекцыямі.