Гэта і ўзноўленыя Тамарай Васюк архаічныя (і пры гэтым такія “хайтэкаўскія”!) формы даўняй керамікі; і старажытныя артэфакты ў графічнай версіі Рыгора Сітніцы — як сведчанне 1000-гадовай гісторыі беларускай дзяржаўнасці; роздум пра адвечныя каштоўнасці жыцця на палатне Леаніда Шчамялёва і пра месца рэлігіі і духоўнасці ў жыцці сучаснага чалавека — у жывапісным творы Уладзіміра Тоўсціка. Цудоўна дапасуецца вытанчанае ткацтва Алы Непачыловіч і абстрактныя металічныя пано Мікалая Кузьміча; габелены Наталлі Сухаверкавай, прысвечаныя зорнаму небу, і містыка беларускай зямлі на графічных аркушах Уладзіміра Васюка. Цэх скульптараў у экспазіцыі прадстаўляе Уладзімір Слабодчыкаў. Ягоная блізкая да абстракцыі пластыка мае рысы пазачасавасці, але ў ёй выразна выяўлена сучасная эстэтыка. А разам з творамі сучасных мастакоў на выставе прадстаўлены і музейныя артэфакты, якія ў кантэксце экспазіцыі набываюць сімвалічны сэнс — бы рэха мінуўшчыны.
Дарэчы, знаходзіцца Нацыянальны гістарычны музей непадалёку ад галоўнай арэны Гульняў.
Фота аўтара