Драматызм у маладых галасах

№ 18 (1405) 04.05.2019 - 10.05.2019 г

Невялікая зала Акадэміі музыкі цалкам запоўненая слухачамі. Настрой ва ўсіх прыўзняты — бо гэтая досыць сціплая па сваім маштабе падзея насамрэч мае гістарычнае значэнне (не варта баяцца гучных слоў там, дзе яны справядлівыя). Былі і хваляванні: як яно ўсё складзецца? Справа для нас новая (хаця самой оперы ўжо 170 гадоў), выканаўцы — зусім маладыя...

/i/content/pi/cult/743/16139/pages-12-13-S.jpg

/i/content/pi/cult/743/16139/IMG_5163-S.jpgХваляванні апынуліся дарэмнымі. Праўда, у самым пачатку трохі насцярожыла танцавальная сцэна: Чашнік надумаў пацешыць шляхетных гасцей з нагоды заручын сваёй дачкі з Янушам. Балетны дуэт выглядаў суперсучасна — гэта побач са шляхецкімі касцюмамі старадаўняга ўзору! Гістарычны каларыт у тэатры ўсё-такі яшчэ ніхто не адмяняў... Затое ўсё, што было далей, заслугоўвае толькі шчырай пахвальбы.

Цудоўная музыка Манюшкі, выдатны аркестр, сімпатычныя маладыя твары, выдатныя галасы, а галоўнае — старанне стваральнікаў спектакля і выканаўцаў перадаць як мага дакладней аўтарскую задуму, пракрасціся ў самыя глыбіні драматычных вобразаў… Усё гэта прымушала слухачоў перажываць трагедыю Галькі ўсур’ёз, часам нават да слёз.

Асобнае добрае слова — для маладых спевакоў. Опернае мастацтва патрабуе выдатных галасоў — і яны ў спектаклі гучалі. Але асабліва хочацца адзначыць, што вакальнае і драматычнае выкананне зліліся ў адзінае цэлае. Так, студэнт 2-га курса Руслан Маспанаў у ролі Чашніка выглядаў на сцэне мужчынам суровым і ганарлівым (як і належыць). А выйшаўшы ў залу, апынуўся пры бліжэйшым разглядзе зусім маладым чалавекам — які ўжо падае абяцанні стаць добрым артыстам. Студэнт 3-га курса Міхаіл Кляпец у ролі Ёнтака здолеў разглядзець у грубаватым сельскім хлопцы чуллівую душу і стварыў рамантычны яго вобраз. Добра атрымалася і паненка Соф’я — у выкананні студэнткі 4-га курса Дар’і Тарасевіч.

Але сапраўдным адкрыццём стала сама Галька — студэнтка 5-га курса Дар’я Валковіч. Ейнае сапрана, цудоўнае само па сабе, было для яе, здавалася, толькі сродкам перадачы душэўнага стану сваёй гераіні. (Гэта, верагодна, і ёсць найважнейшая рыса нашай оперна-драматычнай школы — у адрозненне, скажам, ад італьянскіх традыцый, калі спеваку важней паказаць на авансцэне, што ён выдатна “бярэ верхняе до”). Драматызм яе выканання быў узмоцнены тым, што на сцэне ў руках Галькі аказалася яе няшчаснае “дзіця” (што адсутнічала ў іншых сцэнічных увасабленнях гэтага вобраза).

Выдатна гучаў і хор хлопчыкаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Вольгі Іжык.

Кранальна выглядала група кітайскіх студэнтаў у эпізодах са з’яўленнем лірнікаў. Хоць трохі, але далучыліся і яны да нашай гісторыі і музычнай творчасці.

Увогуле, гэта трэба было чуць і бачыць... Застаецца толькі павіншаваць сябе з такой выдатнай падзеяй у нашай культуры.

Алена ЧЫЖЭЎСКАЯ,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі

Фота Сяргея СУЛАЯ