У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця форуму ў Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭкспа” прынялі ўдзел намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Жаўняк і міністр інфармацыі краіны Аляксандр Карлюкевіч. Уладзімір Жаўняк зачытаў прывітанне Кіраўніка краны Аляксандра Лукашэнкі да ўдзельнікаў выставы “СМІ ў Беларусі”. Асноўныя прыкметы сапраўды ўплывовых друкаваных і электронных выданняў, як падкрэслівае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, —дакладная грамадзянская пазіцыя, шчырасць, праўдзівасць. Толькі такой прэсе паверыць чытач. А поспех развіцця нацыянальнай журналістыкі застаецца адным з важнейшых фактараў інфармацыйнай суверэннасці Беларусі.
Аляксандр Карлюкевіч казаў пра тое, што мяняецца парадыгма журналістыкі, яе тэхнічныя сродкі, але нязменнымі застаюцца крытэрыі якасці СМІ: чытэльнасць, аналітычнасць, прыстойнасць.
У мерапрыемстве бяруць удзел больш за 50 сродкаў масавай інфармацыі: свае экспазіцыі прэзентуюць нацыянальныя тэлеканалы, інфармацыйныя агенцтвы, масава-палітычныя выданні, рэгіянальныя і галіновыя СМІ, адукацыйныя і дзіцячыя выданні, дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў Рэспубліцы Беларусь, FM-станцыі, недзяржаўныя СМІ.
Апрача Беларусі шырока прадстаўлены
Расія і Украіна, а таксама Азербайджан, Балгарыя, Германія, Грузія, Індыя, Кітай, Латвія, Літва, Турцыя. Сімвалічна, што сёлетняя выстава “СМІ ў Беларусі” прысвечана 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Году малой радзімы.
Адзін з важнейшых складнікаў мерапрыемства — узнагароджанне пераможцаў Нацыянальнага конкурсу “Залатая Літара”, што адбылося ўчора ўвечары. У конкурсе — 23 намінацыі. А заявак было пададзена больш за 300. З гэтай нагоды вельмі прыемна адзначыць, што двойчы лаўрэатамі конкурсу сталі нашы калегі з часопіса “Мастацтва”. У намінацыі “Найлепшы фатограф” дыплом лаўрэата атрымаў Сяргей Ждановіч, а сам часопіс адзначаны высокай узнагародай за лепшыя матэрыялы культурнай тэматыкі.
Выстава — яшчэ і падстава для абмеркавання надзённых журналісцкіх пытанняў. Сёлета праграма “СМІ ў Беларусі” багатая на семінары. Вось іх тэматыка: “Інфармацыйная работа ў сацыяльных сетках”, “Тэхналогіі Яндэкса для электронных СМІ. Інструменты манетызацыі сайтаў”, “Аўтарскае права ў СМІ: праблема рэгулявання”.
PR-тэхналогіі для журналістаў — дадатковы кампанент стасункаў з шырокай чытацкай аўдыторыяй. Зыходзячы з гэтага надзённага патрабавання 3 мая на выставе ўпершыню было абвешчана Днём піяру. У тэматычных мерапрыемствах бралі ўдзел PR-спецыялісты, журналісты, прэс-службы, дзяржаўныя і камерцыйныя арганізацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Падчас семінараў, канферэнцый, майстар-класаў і дыскусійных гутарак выпрацоўваліся тактыка і стратэгія эфектыўнага выкарыстання інавацыйных тэхналогій.
Сёння ж на выставе — Дзень дзяцей і моладзі, якім яна і завершыць сваю працу.