Край цмокаў ды рыцараў

№ 43 (1378) 27.10.2018 - 03.11.2018 г

Музейная прывабнасць навагрудскай прасторы
Калі вы знаходзіцеся ў складзе экскурсійнай тургрупы, якая дзесьці за гадзіну папярэдзіла кіраўніцтва кавярні ці рэстарана (такіх у горадзе больш чым з паўдзясятка набярэцца) пра свой візіт, дык вы атрымаеце комплексны абед за тры рублі. Пагадзіцеся, запеўка да артыкула пра горад-музей Навагрудак вельмі сімпатычная. Маўляў, вось яна, належная інфраструктура. Аднак, на мой погляд, усё павінна быць зручным не толькі для гасцей, але і для жыхароў таго паселішча, завулкі якога нагадваюць тэматычныя залы гістарычнай экспазіцыі і застаюцца пры гэтым утульнымі, незвычайнымі, цікавымі і прывабнымі.

/i/content/pi/cult/715/15635/13.jpg

З гісторыі пытання. Наколькі я ведаю, няма ў нашым заканадаўстве дэфініцыі “горад-музей”, не прапісаны і юрыдычныя тонкасці яго ўтварэння. Ёсць хіба паняцце комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці, якое
прадугледжвае захаванне ў гістарычным цэнтры старадаўніх будынкаў, навуковы нагляд за іх рэстаўрацыяй, а таксама пэўныя абмежаванні, датычныя знешняга выгляду розных сучасных аб’ектаў гарадскога асяроддзя кшталту прыпынкаў транспарту, рэкламных шчытоў ды іншай аздобы.

Некалі пытанне пра наданне Навагрудку статусу “Горада-музея” разглядалася на высокім узроўні. Ішла гаворка і пра канкрэтнае фінансаванне. Пра ўсталяванне коннага помніка першаму князю і першаму каралю Міндоўгу. Мастак Генадзь Буралкін зрабіў эскіз. Але было гэта даўнавата — яшчэ да эканамічнага крызісу.

Так атрымалася, што з таго часу трапляў я ў сталіцу Вялікага княства Літоўскага толькі похапкам ці праездам. А гэтая камандзіроўка пераканала, што змены ў горадзе адбыліся велізарныя. Дапамаглі кантакты з Еўрасаюзам, шматлікія прааанаўскія гранты, шчыльныя стасункі з прыватнікамі.

Застаецца дадаць, што мы — не першыя ў свеце. Даўно аднаўляецца, скажам, расійскі Выбарг. Мэты тыя самыя: павышэнне турыстычнай прывабнасці, арыенцір на турызм як бюджэтаўтваральны для горада фактар. Як паказвае практыка суседзяў, гэта справа не аднаго дзесяцігоддзя.

Міндоўг — на кані. І толькі так

Я — чалавек заможны. У сэнсе таго, што маю некалькі малых радзім. Ды і падчас камандзіровак так “укараняюся ў натуру”, што нават дахаты з’язджаць не хочацца. Зразумела, у спіс “родных” трапляюць далёка не ўсе гарады. Але Навагрудак — у ліку першых. Штосьці ёсць прыцягальнае ў яго насельніках, іх учынках, у гэтых ціхіх прысадах, дзе стомленая восеньская лістота золатам выкладае багетную раму замкаваму краявіду. Ёсць горад залаты…

Ля аўтавакзала Навагрудка ўсталяваны бюст Якуба Коласа. Наколькі ведаю, Янка Купала тыя мясціны наведваў, а Колас — не. Інтрыга! Ад вакзала да аддзела культуры вядзе вуліца Міцкевіча (імя на шыльдах не пазначана). Грэшнай справай падумаў, што ўшаноўваецца не Адам, а Канстанцін. Знаўцы абверглі версію катэгарычна: Колас у свой час выбіраўся ад мясцовай выбарчай акругі ў Вярхоўны Савет БССР. Вось і ўсё тлумачэнне “бюставай” загадкі. І гэта толькі адна маленькая гісторыя з вялікай гісторыі старадаўняга горада. Калі захочаце, вам распавядуць безліч легенд пра першага князя ВКЛ і першага караля на беларускіх абсягах, пра Адама Міцкевіча, Уладзіміра Высоцкага і зяця Трампа спадара Кушнера…

А колькі яўрэйскіх показак лунае паміж забудоў гістарычнага цэнтра! Яўрэяў амаль няма, а показкі — гэткія ж неўміручыя, як мясцовы брук. Згадаўся Міхаіл Велер — аўтар “Легенд Неўскага праспекта” і “Арбата”. Шкада страшэнна, што для Навагрудка такога кемлівага аўтара пакуль не знайшлося. Лішняй рэкламы ніколі не бывае. Навуковых трактатаў пра край хапае, а вось лёгкага лірычнага чытва (з прэзентацыйна-рэкламным акцэнтам) — пакуль бракуе.

Добра, што пытанне з таннымі абедамі для турыстычных груп, калі верыць галоўнаму спецыялісту мясцовага аддзела культуры Наталлі Жышко, паспяхова вырашаецца. А дзе вандроўніку жыць? Наколькі ведаю, у горадзе — дзве гасцініцы: камунгасаўская (на жаль, “імянны” нумар Высоцкага быў заняты, і я жыў у іншым) і прыватная. Узноўлены і гатэль “Еўропа”, але пакуль ён не працуе. Двух гатэляў для горада, з цікавосткамі якога можна знаёміцца не адзін тыдзень (а ёсць яшчэ і не менш прывабны раён) — яўна малавата.

У старшыні Навагрудскага райвыканкама Анатоля Маркевіча на гэты конт вельмі акрэсленая пазіцыя. Дапамагчы затрымаць транзітнага турыста павінен прыватны бізнес. Шчыльна супрацоўнічае з мясцовымі ўладамі мастак Кастусь Качан, які стварыў карцінную галерэю, а побач аднавіў дом, дзе плануюцца і гасцінічныя нумары. Па словах кіраўніка раёна, дваццаць гадоў стаяла без справы былая база перасоўнай мехкалоны. Горад прыняў яе ў камунальную ўласнасць і выставіў на аўкцыён. Прыдбаў аб’ект мясцовы прадпрымальнік, і тут ідзе праца па ўзвядзенні гасцінічнага комплексу. Ёсць намер перадаць у прыватныя рукі і дзяржаўны гатэль, які патрабуе “перараджэння”. Маўляў, прыватнік лепей ведае, што трэба кліенту, а што — не. Лагічна.

Спадар Анатоль паабяцаў, што помнік Міндоўгу на Цэнтральнай плошчы з’явіцца абавязкова. І абавязкова — конны. Да слова, Дом культуры на цэнтральнай плошчы доўгі час знаходзіўся ў аварыйным стане. Цяпер ён адрамантаваны.

Пабудзем Гуліверамі?

Бібліятэкары ўзялі мяне літаральна ў палон і не адпускалі пакуль усё не паказалі і не распавялі. Зрэшты, вельмі правільная тактыка. У адваротным выпадку розныя падазрэнні ўзнікаюць. Дык вось, у Навагрудку не было калі ім узнікаць. Але спачатку — чарговая легенда.

Цэнтральная раённая бібліятэка Навагрудка знаходзіцца на вуліцы 1 Мая (раней — 3 Мая, у гонар прыняцця ў Рэчы Паспалітай першай у Еўропе канстытуцыі), а бакавы яе фасад — на Замкавай. Рог будынка зрэзаны, тут знаходзіцца ўваход у бібліятэчны міні-музей міні-макетаў “Страчаная спадчына” (пра яго гаворка — трошкі ніжэй), а за польскім часам у гэтай камяніцы прадаваліся спіртныя напоі. Раней завядзёнка была такая: калі крама месцілася на Замкавай, наведвальнікамі яе маглі быць толькі жыхары Замкавай. А ў нашым выпадку крама дзвярыма выходзіла на скрыжаванне дзвюх вуліц. Значыць, мела права абслугоўваць жыхароў і той, і другой. Вось такі, можна сказаць, маркетынгавы ход.

За “Страчаную спадчыну” навагрудскія рупліўцы атрымалі прыз па выніках нядаўняга Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”.

— Такога вы нідзе не ўбачыце, — запэўніла дырэктар установы Ірына Царук.

І не памылілася. На падмурку навуковых даследаванняў быў створаны пластыкавы макет забудовы ўсяго гістарычнага цэнтра Навагрудка. Здымаю капялюш перад бібліятэкарамі за іх карпатлівую працу, якая працягваецца і па сёння. І тое, што ўжо ёсць, дае цудоўную магчымасць для самых розных інтэрактыўных гульняў, ад якіх не адмаўляюцца і дарослыя.

Прарывам бібліятэкараў вельмі натхніўся кіраўнік раёна Анатоль Маркевіч — і папрасіў спрычыніцца да агульнай справы школьнікаў горада ды раёна. Так узнік працяг бібліятэчнай экспазіцыі, які размясціўся пад адкрытым небам ля гасцініцы “Навагрудак”: тут з’явіліся копіі сядзібна-паркавага ансамбля Брахоцкіх у Вераскаве (арыгінал якога, на жаль, знаходзіцца ў жахлівым стане), Навагрудскіх езуіцкага калегіума і ратушы, палацавага комплексу Храптовічаў у Шчорсах — тых архітэктурных скарбаў, якія беззваротна зніклі з карты Навагрудчыны. Ходзіш паміж макетаў — і адчуваеш сябе Гуліверам.

Яшчэ адна гарадская гісторыя, якая паспела стаць легендарнай. Старшыня райвыканкама прапанаваў зрабіць алею ліхтароў ля Дома-музея Адама Міцкевіча. Ініцыятыву падхапілі і, можна сказаць, развілі гарадскія арганізацыі, прадпрыемствы і суполкі. Кожная прапанавала свой варыянт. Прапанавала і зрабіла. Да арыгінальных і маляўнічых месцаў горада дадалося яшчэ адно. Кожны ліхтар — непадобны на іншыя, але пачуцця эклектыкі не ўзнікае. Алея хутчэй нагадвае дэфіле модніц, у кожнай з якіх — свой самавіты куцюр’е. Мне, да прыкладу, вельмі спадабаўся ліхтар ад піянерскай суполкі. Нібыта на час у дзяцінства трапіў.

Неснабісцкі бамонд

Са спадаром Кастусём мы бачыліся, калі ён толькі прыступаў да вялікага навагрудскага будаўніцтва. Сёння ўжо ёсць на што паглядзець. На першым паверсе знаходзіцца, уласна, галерэя мастака. Качан — пейзажыст, на мой погляд, самадастатковы, а таму —паспяховы. У мяне, не мастацтвазнаўцы, крытэрый ацэнкі карціны адзіны: калі я хачу жыць ці знаходзіцца ў тым, што выяўлена на палатне, работа атрымалася. Яна настраёвая, прымушае думаць, суперажываць, вышукваць тыя сэнсы, пра якія аўтар і не здагадваецца. Усё гэта тычыцца і творчасці Кастуся Качана.

Хоць ён і з Навагрудскага раёна родам (жонка Жанна — таксама), але ў горадзе спачатку прыглядаліся да яго з недаверам. Мінуў час, і сям’я мастака стала сярод месцічаў сваёй. Жанна ладзіць мастацкія выставы, арганізуе музычныя і літаратурныя салоны. Часты яна госць і ў згаданай ужо бібліятэцы. А якую шыкоўную калекцыю каляровага шклянога посуду ёй удалося сабраць! Карацей, ёсць у Навагрудку свой бамонд! І вельмі прыемна, што на снабізм ён зусім не хварэе.

А спадар Кастусь па-ранейшаму сумяшчае мастакоўскі клопат з будаўнічым. Даводзіць да ладу яшчэ адзін будынак, які стане і музеем, і гатэлем адначасова. Прычым робіць гэта ў строгай адпаведнасці з першапачатковым выглядам фасадаў і вокнаў той камяніцы. Дарэчы, менавіта Кастусь Качан стаў ініцыятарам стварэння ў горадзе архітэктурнай камісіі, якая кантралявала б ход стыхійных рамонтаў старасвецкіх будынкаў, ставіла б рэкамендацыйную заслону эклектыцы і безгустоўю. Гэтую ініцыятыву цалкам падтрымлівае галоўны спецыяліст аддзела культуры Наталля Жышко.

Чарговае ўражанне — ад Уладзіміра Бузука, гаспадара сувенірнай крамы на Замкавай, галоўнага, на мой погляд, сувеніршчыка Навагрудка. Ягоная паветка літаральна нашпігаваная тымі ўзорамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія і маюць быць у першай сталіцы ВКЛ. Штампоўкай з азіяцкіх краін там нават і не пахне. Бузука забяспечваюць таварам дзясяткі рамеснікаў. І кожнага ён пастаянна наведвае, каб замовіць штосьці новае. Канкурэнцыя вымагае: непадалёк яшчэ адна сувенірная крама, таму трэба круціцца. Менавіта з гэтай прычыны Уладзімір пачаў супрацоўнічаць са слуцкімі спецыялістамі, якія вырабляюць вышыванкі. А лён пастаўляе яму Слонім. Усё тут прадумана да дробязяў. Цэннікі добра бачныя. Нават фірмовыя пакеты размалёўваюцца ўручную. Ды плюс — ветлівасць і гасціннасць гаспадара.

А што чакае патрабавальнага турыста за межамі горада? Касцёл Святога Казіміра ва Уселюбе — адзін з самых старажытных у Беларусі, рэшткі сядзібы Храптовічаў у Шчорсах, азёры Свіцязь і капліца Карповічаў ля Валеўкі (а побач знаходзілася сядзіба Чамброў — радзіма маці Міцкевіча); Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі манастыр у Гнесічах… Тут і месяца не хопіць, каб усё агледзець, усвядоміць ды запомніць.

Мястэчка Любча вядомае найперш сваім замкам, які цяпер аднаўляюць валанцёры. Дырэктар гарпасялковага дома культуры Віктар Новік лічыць замкавую прастору другой сцэнай. Разам з калегамі напісаў сцэнарый анімацыйнай праграмы “Любчанскі шпацыр Радзівілаў”, разлічаную і на дарослых, і на дзяцей. Самі пашылі касцюмы. Гэтая праграма стала звышзапатрабаванай сярод турыстаў. Кожнаму з іх хочацца спрычыніцца да вялікіх спраў, адчуць сябе князем і ўрэшце перамагчы цмока.

Гэты край звязаны і яшчэ з адным рыцарам — Уладзімірам Высоцкім, сябрам Віктара Турава. Знакаміты бард прыязджаў і на Літоўку, дзе здымаўся фільм “Сыны ідуць у бой”, да якога ён пісаў песні. Цяпер на беразе возера ладзіцца бардаўскі фэст. Аўтобусны прыпынак там упрыгожаны цытатамі ды барэльефамі сцэн з паэмы Міцкевіча “Гражына”. Гэта нібы прэлюдыя да размешчанага непадалёк Музея беларускага фэнтэзі — апошняга прытулку нашых цмокаў.

Знаёмцеся!

Чалавек-музей у горадзе-музеі

Дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча — чалавек далікатна датклівы. Напэўна, як і кожны спрактыкаваны музейшчык. Неяк пачаў Мікалай Паўлавіч высвятляць, адкуль ягонае прозвішча пайшло. Сам ён — з Вялікіх Вераб’евічаў. Пяць сем’яў там з прозвішчам Гайба. Усе — сваякі, але ніхто паходжання не ведае.

/i/content/pi/cult/715/15635/14.jpgТады Мікалай Паўлавіч інтэрнэт пачаў мучыць. І вось што атрымалася: Гайба — горад у Італіі, метэастанцыя ў Індыі, віла ў Іспаніі, возера ў Бразіліі. Маё асабістае меркаванне: Гайба — гэта чалавек “адусюль патрошку”. Проста Навагрудак для яго — асноўная малая радзіма.

А яшчэ ён літаратар, аўтар пяці гістарычных кніг і неблагіх вершаваных твораў. Санетаў мала, бо, па перакананні аўтара, добрага ў літаратуры не павінна быць шмат. Някепскі з яго атрымаўся і фатограф.

Мікалай Паўлавіч так даўно займаецца музейнай справай і даследуе жыццё ды творчасць Адама Міцкевіча, што ў горадзе іх пачалі атаясамліваць. Словазлучэнне “Музей Гайбы” я чуў за дзень некалькі разоў.

Як і Міцкевіч, Гайба па гараскопе — Казерог. Як і Міцкевіч, на пачатку жыццёвага шляху Гайба і не думаў стаць гуманітарыем. Хто распараджаецца нашым жыццём? Хто скіроўвае яго ў правільнае рэчышча? Я перакананы, што Мікалая Гайбу любіць Бог, і менавіта Ён натхняе музейшчыка і паэта на чарговы ўчынак.

За год Дом-музей наведвае ці не 30 тысяч экскурсантаў, ладная частка з якіх — замежнікі з самых розных краін, уключаючы нават Аўстралію і Бразілію. На жаль, на сярэднямесячны заробак дырэктара музея (да прыкрага сціплы) такі паказчык паўплываў неістотна.

А Мікалай Гайба працягвае адшукваць факты з жыцця Адама Міцкевіча. Заседжваецца ў сваім кабінеце па начах. Вартаўнікі кажуць, што пасля заходу сонца драўляная музейная лесвіца пастаянна рыпіць. Уражанне, маўляў, такое што Міцкевіч спускаецца да Гайбы, каб разам зрабіць чарговы экскурс у мінулае.

 

Замест заканчэння

Міндоўг на плошчы Леніна?

Толькі адзіная заўвага. Я не хацеў бы, каб у горадзе-музеі, дзе кожны каменьчык памятае крокі вядомых ва ўсім свеце асобаў, заставаліся вуліцы, названыя ў гонар тых людзей, якія ніколі ў Навагрудку не былі.

/i/content/pi/cult/715/15635/15.jpgНа Савецкай знаходзіцца сквер, дзе, паводле легендаў, спяваў Уладзімір Высоцкі. На Беларусі, па-мойму, пакуль няма вуліцы Уладзіміра Сямёнавіча. А такі факт толькі б дадаў Навагрудку прывабнасці. І конны Міндоўг на плошчы Леніна — гэта адно, а Міндоўг на Гандлёвай плошчы — зусім іншае.

Разумею, што праект па пераўтварэнні Навагрудка ў музей — доўгатэрміновы, разлічаны на дзясяткі гадоў рэалізацыі. І вырашаць пытанне па перайменаванні вуліц павінен не я, а найперш — жыхары слаўнага паселішча. Але як зацікаўлены госць, усё ж, наважыўся выказаць сваё меркаванне.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"