Колер любові вішнёвы. І не толькі

№ 41 (1376) 13.10.2018 - 20.10.2018 г

У Глыбоцкім раёне імкнуцца заставацца непадобнымі
Пагаворым пра любоў і ўлюбёнасць (каханне і закаханасць пакінем на другі раз). Менавіта гэтыя пачуцці, я перакананы, у свой час дазволілі мясцовым работнікам культуры на чале з Марыяй Паляк лідзіраваць у краіне па многіх пазіцыях. Мяркуйце самі: менавіта ў Глыбокім першымі з’явіліся метадычны цэнтр, раённы дом рамёстваў, гаспадарчая група (сіламі яе быў узведзены першы жылы дом для работнікаў культуры), школа маладых спецыялістаў… Інакш кажучы, яшчэ дзесяцігоддзі таму культура Глыбоччыны стала мадэльна-паказальнай для Беларусі. Выснова сказанаму — жалезабетонная: калі любіш справу, якой займаешся, калі любіш зямлю, на якой жывеш, дык і вынік шчыраванняў — заўжды адчувальны.

/i/content/pi/cult/713/15600/7.JPGСтаць першым — складана, быць першым — цяжэй удвая. Кіраўнік раёна Алег Морхат — чалавек мясцовы, ён даўно і глыбока ўсвядоміў, якімі выбітнымі постацямі слаўная глыбоцкая зямля. Прыклад кожнай і варта браць за аснову сённяшняй дзейнасці. Інакш кажучы, не толькі працаваць сумленна, але і генерыраваць ідэі ды рэалізоўваць іх з тым імпэтам, з якім у свой час рабілі справу знакамітыя землякі-папярэднікі.

Словам, старшыня Глыбоцкага райвыканкама не “замыліў” вока адно гаспадарчымі пытаннямі. Цудоўна ведае, што ў руплівага гаспадара не толькі бульба смачная, але і ручнікі на покуці — з адмысловым арнаментам. Па гэтым сялянскім прынцыпе і будуе сваю кіраўнічую справу. Таму на палетках, фермах, у вытворчых цэхах і ва ўстановах культуры — належны парадак.

Пра прыдарожную рэкламу культурных ды вытворчых дасягненняў, на выраб і ўстаноўку якой былі выкарыстаны толькі пазабюджэтныя сродкі, мы пісалі шмат. А вось пра астатнія праекты варта распавесці больш падрабязна. Ды яшчэ, як мне думаецца, з абавязковым уключэннем тых гістарычных персаналій, творчая спадчына якіх і па сёння натхняе мясцовых работнікаў культуры на крэатыў.

Горад-сад

Жыў-быў у гэтым краі павятовы аграном Баляслаў Лапыр. Не хацеў ён быць проста чыноўнікам, таму і заклаў у 1930-х на роднай Глыбоччыне вішнёвыя сады. Больш за тое, рабіў усё для таго, каб усвядомілі сяляне, што беларусы яны. Даваў карыстацца сваёй бібліятэкай, усяляк падтрымліваў беларускую мову. Нават арганізаваў драматычны гурток з асабліва таленавітых вяскоўцаў. А польскія саджанцы прыжыліся, вішня атрымалася зімаўстойлівай і надзвычай сакавітай. Кажуць, больш такой нідзе тады не было. Гістарычная памяць нарадзіла новую рэальнасць. Вось на гэтай урадлівай глебе і вырас “Вішнёвы фэст”.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама Людміла Карніловіч дапамагла ўзнавіць этапы тых падзей. У 2012 годзе сталіца ладзіла фінал рэспубліканскага конкурсу творчых работ па прасоўванні гарадоў і рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь. Праект “Вішнёвы фэст” заняў адно з прызавых месцаў. У якасці ўзнагароды рэкламнае агенцтва “Крынь” распрацавала для мерапрыемства некалькі лагатыпаў. Барон Мюнхаўзэн (цёзка па прозвішчы якога, як вядома, пахаваны ў Глыбокім) быў бы рады, бо на адным з варыянтаў фестывальнага сімвала змешчана ўвасабленне яго фантазіі: галава аленя, на рагах якога буяюць вішні. Але шляхам народнага галасавання быў абраны іншы лагатып: вішанькі-ноткі на нотным стане.

Першы фэст адбыўся ў 2013-м. Я не буду пра сцэнарныя хады і сюжэтныя лініі. Больш важным падаецца сацыяльны змест мерапрыемства. На ўскраіне Глыбокага (з боку Полацка) быў закладзены вішнёвы сад.

І ўжо вельмі хутка свята стала папраўдзе брэндавым. Летась яно зрабілася міжнародным. Дагэтуль грошы на яго правядзенне здабываліся на раённых суботніках. З мінулага года фэст падтрымліваюць Міністэрства культуры і аблвыканкам. Традыцыйнымі сталі конкурс гарманістаў, баяністаў, акардэаністаў “Вішнёвыя найгрышы” (пераможца атрымлівае баян вішнёвага колеру), этнавячоркі, навукова-практычныя канферэнцыі па садаводстве. А ў рэзідэнцыі Вішнёвай каралевы сёлета з’явіўся бюст Баляславу Лапыру.

Аказалася, што падобныя святы ладзяцца ў горадзе Увараве Тамбоўскай вобласці і пасёлку Грамячы Пермскага краю. Натуральна, дэлегацыі з гэтых “вішнёвых” паселішчаў бяруць удзел і ў глыбоцкім фэсце. А яшчэ прыязджаюць у Глыбокае госці з сямі рэгіёнаў Латвіі, двух — Літвы, з Грузіі, Украіны, Польшчы, Францыі. Летась з гэтай нагоды ў горадзе была закладзена дуброва сяброўства.

І яшчэ немалаважны момант. Гарадскую гасцініцу, якая раней магла шакаваць гасцей сваімі “выгодамі”, якасна адрамантавалі. Больш за тое, у наваколлі з’явілася плойма прыватных гатэльчыкаў і аграсядзіб. Раней такога актыўнага пашырэння гасцінічнага бізнесу ў райцэнтры не назіралася. Думаю, у перспектыве гэтая прыватная актыўнасць будзе толькі расці. Брэнд аказаўся працаздольным. І яшчэ адна карысць ад Вішнёвага фэсту, якую цяжка недаацаніць. Глыбокае сустракае гасцей, але і замежныя госці запрашаюць да сябе беларускіх сяброў. Глыбоцкая аматарская творчасць становіцца набыткам Грузіі, Францыі, Польшчы… У справе паяднання народаў свету культура робіць шмат.

Напрыканцы — чыста журналісцкае ўражанне. Выявы вішанак у райцэнтры паўсюль: на бардзюрах, фасадах, прыпынках, платах. Плюс — культ металічных кветкавых выяў. Адчуваеш сябе гэткім Нязнайкам у казачным Кветкавым горадзе. Поруч з надзвычайнай добразычлівасцю крамніц і неверагодным смакам мясцовага дыетычнага хлеба, адчуванне гэтае — больш чым пазітыўнае.

Цікава, калі схамянуцца японскія аматары сакуры? Іх удзел у Вішнёвым фэсце толькі дадасць праекту ўсходняй экзотыкі.

Анёл у натуральную велічыню

Другі колер глыбоцкай любові — нябесных, нават касмічных фарбаў. Так, гаворка пра Язэпа Драздовіча і ягоную любоў да мастацтва і вясковых людзей. Сёлета спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння мастака, астранома, краязнаўцы. Дата была адзначана 10 кастрычніка ў Падсвіллі. Чаму не ў засценку Пунькі, дзе Язэп Нарцызавіч нарадзіўся? Ды няма ўжо Пунек. Толькі пачатак ліпавай алеі застаўся. Там на вялізным валуне і быў адкрыты 10 кастрычніка памятны знак. Асноўныя ж мерапрыемствы прайшлі ў клубе Падсвілля. Менавіта ў гэтым паселішчы і развітаўся з жыццём знакаміты мастак і вандроўнік.

Падсвілле — пасёлак малады. Ягонаму развіццю паспрыяла чыгунка, што прайшла тут у 1904 годзе. Пра ўсё гэта мне распавяла краязнаўца і бібліятэкар з Падсвілля Святлана Яцкоўская. Чалавек — надзвычай цікавы, з ліку тых, хто любіць і справу сваю, і чытачоў. На жаль, не магу сказаць, што апошняя рыса ўласцівая кожнаму беларускаму бібліятэкару.

А пакуль — пра Драздовіча. У Падсвіллі засталіся сведкі таго, “як дзядзька Язэп прыгажосць рабіў людзям”. Праўда, называць сябе яны не хочуць па невядомых прычынах, ды і “прыгажосць” не надта імкнуцца паказваць. Справа ў тым, што Драздовіч не толькі маляванкамі славіўся, але і дзіцячымі цацкамі, якія рабіў з не меншым задавальненнем. Да прыкладу, тая кабета і па сёння мае фанернага анёла, “настаяшчага!” І я чамусьці веру, што падарожнік па планетах Драздовіч бачыў крылатых пасланнікаў Бога, нават сябраваў з імі. Тое, што непадуладна вачам шараговага люду, добра бачаць мастакі і дзеці. Дык вось, аказваецца, натуральны рост анёла — дзесьці з паўметра!

10 кастрычніка ў Падсвільскім доме культуры прайшла навуковая канферэнцыя. Пра спадчыну Драздовіча і сучасныя эксперыменты паводле творчасці вандроўнага мысляра распавялі вучоныя з Мінска, прадстаўнікі мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча, раённага дома рамёстваў і музея, краязнаўцы-педагогі.

Бібліятэчны ўрок малявання

Вернемся да спраў бібліятэчных. Святлана Яцкоўская не стамляецца казаць: “Бібліятэка — не крама, чэргаў у нас няма!” Між тым, трох наведвальнікаў чытальнай залы я заспеў. Уразіла не гэта. На бакавінах кніжных шафаў я заўважыў дзясяткі графічных накідаў. Кампазіцыя на аркушах — стандартная для пачаткоўца, які авалодвае алоўкам: куб, конус, шар, гульня светлаценяў. І пададзены работы ў храналагічным развіцці: спачатку нясмелыя, потым — больш упэўненыя, напрыканцы — даведзеныя амаль да дасканаласці.

Адкуль гэта ўсё? Пры бібліятэцы дзейнічае студыя выяўленчага мастацтва? Не. Аказваецца, Святлану Яцкоўскую зачапіла тое, як да паступлення ў мастацкае вучылішча рыхтаваўся былы школьнік Ваня Піскуновіч. Вось і вывесіла вынікі ягоных штудый. Усё ў адпаведнасці з філасофскімі высновамі Драздовіча : “Калі творчая мэта пастаўлена, трэба ісці да яе, не зважаючы ні на што”. Гэта ж тычыцца не толькі малявання, але і чытання. Таму малюнкі Івана глядзяцца поруч з кніжкамі досыць арганічна. І мяне такі падыход да выканання бібліятэчных абавязкаў уразіў вельмі.

Перачытаў апошні сказ і напалохаўся. Ці ж гэта стыль — “выкананне службовых абавязкаў”? Ды не! Проста любоў да прафесіі, проста любоў да чытачоў.

Эксперыменты з сувенірамі

У наступным годзе Глыбоцкаму раённаму дому рамёстваў — 30 гадоў. Не забывайцеся на тое, што ён самы стары на Беларусі. А працуюць там маладыя рамеснікі. Прычым такога высокага прафесійнага ўзроўню, які я рэдка дзе бачыў. І ў творчасці кожнага ўплыў Язэпа Драздовіча — неаспрэчны.

Да прыкладу, разьбяр Віктар Дудкевіч — спецыяліст і па буйных формах, і па дробных. Зрабіў драўляны веласіпед (можна катацца!), паўметровую лыжку (з анёла велічынёй) для ўжывання вішнёвага сочыва (самае тое!), спрабуе ўвесці ва ўжытак нацыянальны сувенір памерам з далонь: зграбны конік, гібрыд бусла і жаўрука, як сімвал прыгажосці ды ўрадлівасці хлебнай нівы. І ўсё ў майстра атрымліваецца, усё мае сэнс і выпраменьвае дабрыню. А з якім гумарам робіць Віктар падстаўкі для захоўвання бляшанак са згушчонкай! Не, трывіяльнае слова “падстаўкі” тут ніяк не падыходзіць. Ставіш бляшанку на стол — і разумееш, што яна зрабілася асновай звычайнай каровы. Хто ад такой адмовіцца, ведаючы, што “жывоцік” тут — зменны? А ёсць у Дудкевіча лялькі, здатныя рухацца. Вось пагрозліва махае рукамі-нагамі ваяўнічы касінер. А вось маленькі друкарскі станок, які выдае “на-гара” адбіткі скарынаўскага герба.

Адраджае гліняны посуд Глыбоччыны кераміст Арцём Фамін. Ужо цэлая шафа напоўнена бабачнікамі, смятаннікамі. Жонка ганчара Таццяна Фаміна (вось тут можна было б і пра каханне завесці гаворку, ды іншым разам) — метадыст па вырабе лялек, спецыялізуецца і на самых розных выявах Вішнёвіка — добрага духа Вішнёвага фэсту.

А дырэктар РДР Святлана Скавырка стварае маляванкі ў стылі Драздовіча, але на сучасную тэматыку. Вельмі арыгінальныя рэчы атрымліваюцца.

Я тут і пра палову здабыткаў мясцовых рамеснікаў не паспеў распавесці. А ёсць жа яшчэ і экспедыцыйная дзейнасць! Нядаўна, да прыкладу, была адшуканая шафа з выявамі папугаяў. Кажуць, любімая птушка шматаблічнага Язэпа Драздовіча.

 

Культурная каштоўнасць Наталля Нікіфаровіч

/i/content/pi/cult/713/15600/8.JPGА ў гэтым раздзельчыку варта згадаць Ігната Буйніцкага, які праславіў Глыбоччыну тым, што стварыў нацыянальны прафесійны тэатр і на сцэну вывеў “мужыцкі танец”. Але галоўны герой цяпер — не Буйніцкі, а прадаўжальніца ягонай справы. І колер любові цяпер — колеру зямлі. Спрадвеку яна карміла беларуса і жытам, і творчым натхненнем. Урэшце, не было б зямлі, дык і неба не было б. Аднак працягнем і пачнём здалёк.

З нядаўняга часу да Сцепаніды Лупач панадзіліся кулінары з Масквы. Справа ў тым, што Сцепаніда — унікум: пячэ іржаны хлеб без дражджэй, замест іх выкарыстоўвае хлебны квас. Такой тэхналогіі, нібыта, нідзе ў свеце больш няма. Вось і едуць кухары па адмысловы рэцэпт. А ўсяго ў раёне ёсць пяць элементаў нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў, якія маюць адпаведны статус: тэхналогія вырабу маслянага барана, нашэнне наміткі, маляваныя дываны, прыгатаванне клёцак з душамі (націск на другі склад), згаданая тэхналогія прыгатавання хлеба.

А спрычынілася да таго, каб зафіксаваць ды захаваць нематэрыяльныя элементы нашай нацыянальнай культуры, метадыст па народнай творчасці цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Наталля Нікіфаровіч. З гэтай нагоды жанчыны-калегі жартам называюць Наталлю Уладзіміраўну такім чынам — “нематэрыяльная культурная каштоўнасць Нікіфаровіч”. Давялося рашуча ўмяшацца. Якая такая “нематэрыяльная”? Спадарыня Нікіфаровіч — кабета вельмі матэрыяльная! Я нават больш скажу — прыгажуня! А жанчын нашых, да слова, час ад часу падпраўляць трэба, інакш заблытаюцца паміж любоўю ды каханнем… Аднак далей пойдзем.

У дзяцінстве Нікіфаровіч марыла стаць артысткай. Хацелася гэткай разняволенасці ў словах, рухах, учынках. Гэтае ўменне, па меркаванні Наталлі Уладзіміраўны — вышэйшая праява любові да жыцця. Марыла і стала. Справа ў тым, што метадычны клопат сам па сабе не надта спрыяе развіццю артыстычнасці. Таму, маючы досвед працы дырэктара СДК, Нікіфаровіч вырашае стварыць у 1997 годзе тэатр фальклору “Цярэшка”, які неўзабаве становіцца народным. За аснову дзейнасці ўзялі форму народнага тэатра Ігната Буйніцкага, дзе артысты яшчэ і танцавалі. Першай была калектыўна пастаўлена для сцэны гульня “Жаніцьба Цярэшкі”. Методыка займела працяг у выглядзе яркага тэатральнага відовішча.

“Цярэшка” — калектыў сінтэтычны. Тут работнікі культуры сяла не толькі танчаць, але і спяваюць, дэманструюць адметнасці традыцыйных абрадаў і самыя розныя ўзоры вуснай традыцыйнай творчасці. У тэатры — каля 20 чалавек. У творчай скарбонцы — неацэнны досвед сумяшчэння метадычных ведаў з іх сцэнічным перастварэннем.

Ці задаволена Нікіфаровіч? Паглядзіце на яе твар. Я даўно пераканаўся, што артыстызм для работніка культуры — якасць абавязковая. Артыстызм не толькі ў размове ці ўчынку, артыстызм нават у паставе!

Хто цяпер запярэчыць, што метадыст і артыстка Наталля Нікіфаровіч — не культурная каштоўнасць свайго горада, раёна і краіны?

Замест заканчэння

/i/content/pi/cult/713/15600/9.JPGПастаянны чытач запытаецца: а дзе ж праблемы, якія аўтар так любіць (бачыце, і тут без любові — нікуды) адшукваць? Адказ, напэўна, павінен быць такім: праблемы засталіся па-за межамі рознакаляровага жыцця Глыбоччыны.

І засталіся яны ў тых раёнах, дзе яркіх культурных акцый, мякка кажучы, малавата, дзе ўсё як ва ўсіх. Як вы думаеце, што там трэба рабіць? Правільна. Тэрмінова штосьці падправіць у любові ды ўлюбёнасці.

Між тым, кожны “Вішнёвы фэст” прыносіць у гарадскі пейзаж і ў свядомасць жыхароў штосьці новае. Побач з рэзідэнцыяй Вішнёвай каралевы, ля Кагальнага возера добраўпарадкоўваецца спуск да вады. І кожны ліхтар тут — як твор мастацтва. І вось што характэрна: з цягам часу спыніліся выпадкі хоць якіх праяў вандалізму! Людзі зразумелі, што фэст упрыгожвае і паляпшае іх жыццё.

А вам слабо прыдумаць штосьці падобнае, але сваё?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"