Фаліянт, зачытаны да дзірак

№ 35 (1370) 01.09.2018 - 06.09.2018 г

28 жніўня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя факсімільнага выдання першага “Буквара”.

/i/content/pi/cult/707/15479/4.JPGЯк адзначыў “К” намеснік дырэктара галоўнай бібліятэкі краіны Алесь Суша (на здымку), арыгінальнае выданне “Буквара” выйшла ў свет роўна 400 гадоў таму — у 1618 годзе ў друкарні Віленскага Святадухаўскага брацтва ў Еўі.

— Да непасрэднай рэалізацыі праекта па факсімільным выданні гэтага слыннага фаліянта далучыліся Пасольства Рэспублікі Беларусь у Вялікабрытаніі, БДУ і Бібліятэка Мідл Тэмпл у Лондане. Арганізацыйную падтрымку забяспечылі Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі і Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, а таксама Міжнародная асацыяцыя беларусістаў. Партнёрамі ў рэалізацыі праекта сталі “Белінвестбанк” ды Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця.

Факсіміле ўключае поўнакаляровае высакаякаснае ўзнаўленне “Буквара” памерам з арыгінал з захаваннем усіх дэфектаў і паметак, а таксама пераклад на сучасную мову і вынікі гісторыка-культурнага даследавання.

Акрамя адукацыйных задач, “Буквар” быў прызначаны для патрэб выхавання, якое ў той час грунтавалася на хрысціянскай сістэме каштоўнасцей. Менавіта з гэтай мэтай у якасці тэкстаў для чытання ўжываліся малітвы, рэлігійныя гімны, Сімвал веры, Божыя запаведзі, пропаведзі, пералік добрых якасцей чалавека і яго грахоў.

Увогуле, Еўеўскі “Буквар” — кніга невялікая, кампактная і зручная для навучання. На 52 старонках кожная літара кірылічнага алфавіта надрукавана паўуставам. Яе вонкавае афармленне нагадвае віленскія выданні Францыска Скарыны. Даследаванне апублікавана на беларускай, рускай і англійскай мовах, таму з духоўным багаццем нашых продкаў зможа пазнаёміцца і сусветнае грамадства.

Нагадаем, што ўсяго ў свеце захаваліся два асобнікі ўнікальнага выдання. Адна з кніг захоўваецца ў Бібліятэцы Мідл Тэмпл у Вялікабрытаніі, другая — у Каралеўскай бібліятэцы Даніі. На радзіме Буквара іх няма: як часта адбываецца з навучальнымі дапаможнікамі, іх проста “зачыталі да дзірак”. Але цяпер старадаўняе выданне назаўсёды вярнулася на Беларусь, хай і ў выглядзе факсіміле.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"