400 гадоў “Буквару”

№ 30 (1365) 28.07.2018 - 04.08.2018 г

24 ліпеня 1618 года быў выдадзены першы ў свеце “Буквар”. Чаму мы можам лічыць яго беларускім?

/i/content/pi/cult/702/15388/SAM_2254_opt.jpeg— “Буквар славянскай мовы” склалі манахі і выкладчыкі Віленскага праваслаўнага манастыра Святога Духа, а надрукаваны ён быў у мястэчку Еўе пад Вільняй, — паведаміў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша. — Гэта было адно са старадаўніх і ўплывовых беларускіх выдавецтваў у Вялікім княстве Літоўскім. Яно выпускала нямала кніг на царкоўнаславянскай, старабеларускай і польскай мовах.

У свеце захаваліся толькі два асобнікі першага “Буквара”: адзін з іх (няпоўны) знаходзіцца ў Каралеўскай бібліятэцы Даніі, а другі (поўны) — у Бібліятэцы Мідл Тэмпл у Вялікабрытаніі. Амаль ні ў аднаго з беларускіх даследчыкаў раней не было магчымасці ўбачыць “Буквар” на свае вочы, бо на радзіме ніводнага экземпляра не захавалася.

— Кніга мае ўдвая меншы за сучасныя выданні “Буквара” памер і налічвае каля 100 старонак, — адзначыў Алесь Суша. — Апрача адукацыйных задач, “Буквар” быў прызначаны для патрэбаў выхавання, якое ў той час грунтавалася на хрысціянскай сістэме каштоўнасцей. Менавіта з гэтай мэтай у склад выдання ўключаны шматлікія малітвы, рэлігійныя гімны, сімвал веры, Божыя запаветы, пропаведзі, пералік добрых якасцей чалавека і яго грахоў, а таксама іншыя шматлікія маральна-выхаваўчыя тэксты. Знешняя аздоба выдання моцна нагадвае віленскія выданні Францыска Скарыны.

Найбольш верагоднымі аўтарамі ці складальнікамі кнігі з’яўляюцца вядомыя беларускія праваслаўныя дзеячы Мялецій Сматрыцкі і Лявонцій Карповіч. Фінансавую падтрымку выданню аказаў князь Багдан Агінскі. Азнаёміцца з электроннай версіяй “Буквара” можна на сайце брытанскай бібліятэкі www.middletemple.org.uk.

Яшчэ ў сакавіку ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі адкрылася атракцыйная і захапляльная выстава буквароў усяго свету, але асноўныя мерапрыемствы да 400-годдзя буквара пачнуцца ў канцы жніўня — напярэдадні Дня ведаў і Дня беларускага пісьменства.

 

Эла Дзвінская