Канкрэтныя мэты “Вытокаў”

№ 18 (1353) 05.05.2018 - 11.05.2018 г

Мы шмат пісалі і пішам пра рэгіянальны фестываль народнай творчасці “Веснавыя колеры”, заснавальнікам якога стаў (светлая яму памяць!) колішні начальнік аддзела культуры Асіповіцкага райвыканкама Васіль Налівайка. Гэты, можна сказаць, імянны фэст займеў днямі стрыечнага брата: адкрыты фальклорны фестываль “Вытокі”. Ініцыятарам яго з'яўляецца сённяшні кіраўнік мясцовага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ірына Раманчук. Цудоўны доказ пераемнасці традыцый.

/i/content/pi/cult/690/15166/opt.jpeg“Веснавыя колеры” — з’ява шматжанравая. “Вытокі” — фэст з ярка адлюстраваным фальклорным зместам. І, што выключна важна, выйсце тых фальклорных крыніц знаходзіцца менавіта на асіповіцкай зямлі. Адсюль — і назва мерапрыемства. Наступная недругарадная акалічнасць у тым, што ўнутрыраённы фестывальны рух становіцца несупынным: у адзін год ладзяцца “Веснавыя колеры”, у другі — “Вытокі”.

Пра мэту фальклорнага фэсту распавядае дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы Асіповіцкага раёна Алена Загароўская:

— Мы вырашылі сабраць усе абрады, уласцівыя для нашай мясцовасці. Дый фальклорныя вышукі павінны набыць больш важкае гучанне. А першы адкрыты фальклорны фестываль “Вытокі” пройдзе 12 мая ў раённым цэнтры культуры і дасугу. Дакладней кажучы, трэці этап фестывальнага конкурсу ў наступную суботу будзе мець вынікам паўнамаштабны гала-канцэрт. Распавяду і пра два папярэднія этапы. Падчас першага мы праглядалі сцэнарны матэрыял, падрыхтаваны нашымі клубнікамі. А другі выкарысталі для аб’езду ўстаноў культуры раёна і адбору лепшых творчых калектываў. Мы нават не чакалі, што ўрэшце атрымаецца. Вельмі шмат праяў вуснай народнай творчасці: казкі, легенды, паданні па-майстэрску выконваюць і сталыя, і малыя. І ўвогуле, вельмі шмат матэрыялу. З’явілася магчымасць увесці намінацыі: “Фрагмент абраду”, “Вусная творчасць і спевы без акампанементу”. Песням тым па дзвесце гадоў…

/i/content/pi/cult/690/15166/6.jpgАлена Уладзіміраўна дадала, што леташні год для раённай культуры быў з фальклорным ухілам. І не дарэмна. Адшуканы праявы нават такіх абрадаў, якія ў раёне і не мелі шырокага распаўсюду. Так, у вёсцы Карытнае народны ансамбль народнай песні “Сваякі” падрыхтаваў фрагмент абраду “Вялікдзень”. А народны ансамбль народнай песні “Рэчанькі” са Свіслачы здзівіў “Яблычным спасам”.

Прыкладна гадоў праз дзесяць у асіповіцкіх работнікаў культуры з’явіцца магчымасць выдаць кнігу і зняць дакументальны фільм пра абрадавае непадабенства Асіповіччыны.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"