“Веснавыя колеры” — з’ява шматжанравая. “Вытокі” — фэст з ярка адлюстраваным фальклорным зместам. І, што выключна важна, выйсце тых фальклорных крыніц знаходзіцца менавіта на асіповіцкай зямлі. Адсюль — і назва мерапрыемства. Наступная недругарадная акалічнасць у тым, што ўнутрыраённы фестывальны рух становіцца несупынным: у адзін год ладзяцца “Веснавыя колеры”, у другі — “Вытокі”.
Пра мэту фальклорнага фэсту распавядае дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы Асіповіцкага раёна Алена Загароўская:
— Мы вырашылі сабраць усе абрады, уласцівыя для нашай мясцовасці. Дый фальклорныя вышукі павінны набыць больш важкае гучанне. А першы адкрыты фальклорны фестываль “Вытокі” пройдзе 12 мая ў раённым цэнтры культуры і дасугу. Дакладней кажучы, трэці этап фестывальнага конкурсу ў наступную суботу будзе мець вынікам паўнамаштабны гала-канцэрт. Распавяду і пра два папярэднія этапы. Падчас першага мы праглядалі сцэнарны матэрыял, падрыхтаваны нашымі клубнікамі. А другі выкарысталі для аб’езду ўстаноў культуры раёна і адбору лепшых творчых калектываў. Мы нават не чакалі, што ўрэшце атрымаецца. Вельмі шмат праяў вуснай народнай творчасці: казкі, легенды, паданні па-майстэрску выконваюць і сталыя, і малыя. І ўвогуле, вельмі шмат матэрыялу. З’явілася магчымасць увесці намінацыі: “Фрагмент абраду”, “Вусная творчасць і спевы без акампанементу”. Песням тым па дзвесце гадоў…
Алена Уладзіміраўна дадала, што леташні год для раённай культуры быў з фальклорным ухілам. І не дарэмна. Адшуканы праявы нават такіх абрадаў, якія ў раёне і не мелі шырокага распаўсюду. Так, у вёсцы Карытнае народны ансамбль народнай песні “Сваякі” падрыхтаваў фрагмент абраду “Вялікдзень”. А народны ансамбль народнай песні “Рэчанькі” са Свіслачы здзівіў “Яблычным спасам”.
Прыкладна гадоў праз дзесяць у асіповіцкіх работнікаў культуры з’явіцца магчымасць выдаць кнігу і зняць дакументальны фільм пра абрадавае непадабенства Асіповіччыны.