Чамусьці ў майстэрні на вока адразу трапілі дзіцячыя малюнкі. “Гэта майго ўнука”, — патлумачыў Міхаіл Самойлавіч. І само сабою ўзнікла першае пытанне:
— Ці не бачыце свайго ўнука ў будучыні мастаком?
— Гэта як жыццё складзецца. Ён толькі ў першы клас пайшоў. У такім узросце ўсе малююць. Ды і хопіць мо ўжо ў мастацтве Басалыгаў! Я, мой брат, мой сын з нявесткаю… Дачка пра мастацтва артыкулы піша. У нас уся сям’я такая. Маці мая была выдатнай ткачыхай. Калі ў мастацтва і ўнукаў пацягне, дык перашкаджаць не стану, але і гвалтам пхаць у той бок не буду. Такі выбар чалавек робіць свядома, уяўляючы, чым гэта абернецца.
— А чым яно можа абярнуцца?
— Мастацтва — гэта добраахвотная катарга. Мне так калісьці Міхаіл Андрэевіч Савіцкі казаў. І так яно і ёсць. У мяне ў жыцці ніколі не было ні выхадных дзён, ні адпачынку. Пры тым, што я чалавек свабодны, і ніхто мяне ні да чаго не прымушае. Зрэшты, я разумею тых, хто не хоча асабліва “замарочвацца”. Напісаў за два дні нацюрморт, аднёс у салон — і маеш сякую-такую капейчыну. А я шматфігурную батальную кампазіцыю малюю год. Калі маю працу над вобразамі Караткевіча прасачыць у часе ад задумы да рэалізацыі, дык атрымаюцца дзесяцігоддзі! Падобна на тое, што такія, як я, хутка вымруць бы тыя маманты!
— На сур’ёзнае мастацтва попыту няма?
— Ёсць. Але яно не цэніцца так, як мае быць. Спашлюся, да прыкладу, на творчасць Віктара Сташчанюка. Ён маляваў помнікі дойлідства, рабіў навукова дакладныя гістарычныя рэканструкцыі. Цяпер, калі яго ўжо з намі няма, ягоныя творы друкуюць часцей за чые іншыя. А пры жыцці ён за гэта нічога не меў.
— А чаму вы ўзяліся за ілюстраванне Караткевіча?
— Гэта было нейкае пакліканне. “Дзікае паляванне караля Стаха” я рабіў, не маючы замовы. Але была ўпэўненасць, што гэта патрэбна, што гэта ў любым выпадку не прападзе. У той час якраз была вялікая пературбацыя ў выдавецкай справе. Ніяк не маглі вызначыць, хто на чым мусіць засяродзіцца — на якой тэматыцы, хто які чытацкі асяродак павінен абслугоўваць. У адным выдавецтве мой “Стах” паўгода ляжаў, потым у другім… Пры тым, што ўсе білі сябе ў грудзі,
абяцалі надрукаваць. Маўляў, гэта якраз тое, што патрэбна чытачу. А выйшла кніга ўжо ў трэцім выдавецтве. У “Беларусі”. Ім я прапанаваў выдаць і кнігу “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, за аздобу якой узяўся пасля “Стаха”.
— Вас вынік задаволіў?
— Працытую вядомы выраз: “Хацелі як лепей, атрымалася як заўжды”. Пачнём з таго, што ў “Дзікае паляванне…” не ўключылі галоўную ілюстрацыю — выяву самога палявання.
— Чаму?
— Забыліся. Я тады прыхварэў і не мог гэтую справу пракантраляваць. Кнігу пабачыў гатовай. Я разумею, што мастаку цяжка дагадзіць. Але ілюстрацыі і да першай, і да другой кнігі Караткевіча я рабіў, арыентуючыся на большы фармат. Каб потым пры друкаванні іх трошачку зменшыць. Максімум на чвэрць. А іх амаль на палову зменшылі. Так твары персанажаў рассыпаліся як гарох.
— А калі вы ўпершыню даведаліся, што ёсць у Беларусі такі пісьменнік — Караткевіч?
— У 1960-я. Мы з братам тады ў выдавецтве паштоўкі рабілі. Я неяк разгаварыўся з загадчыкам аддзела пра жыццё, пра літаратуру. А ён і кажа: я табе дам кнігу на два дні. Кніга наўпрост з друкарні, непераплеценая. Вокладкі няма, першых старонак — таксама. Вось тады я ўпершыню пачуў, што ёсць такі магутны пісьменнік. “Дзікае паляванне караля Стаха” прачытаў на адным дыханні і вярнуў ужо назаўтра. Такой літаратуры на беларускай мове дагэтуль не было. Тады ж я паспрабаваў нешта на тэму “Дзікага палявання…” намаляваць, але па тым часе ў мяне яшчэ не было належнага майстэрства ці досведу. Аднак я сказаў сабе, што рана ці позна да гэтай кнігі вярнуся.
— Караткевіч бачыў вашы ілюстрацыі да ягоных твораў?
— Тыя першыя сціплыя малюнкі я яму не паказваў. Са свайго досведу ведаю, што пісьменніку трэба паказваць толькі гатовую работу. А да выхаду ў свет “Дзікага палявання…” з маімі ілюстрацыямі ён не дажыў. А ўвогуле ў яго былі клопаты больш сур’ёзныя, чым аздоба сваіх кніг. Ад дасведчаных людзей чуў, што Караткевіч рукапісы дома не трымаў, хаваў у знаёмых. Так бы мовіць, на ўсялякі выпадак.
— Вы праілюстравалі дзве кнігі Караткевіча. Каб мелі магчымасць, якая стала б трэцяй?
— “Каласы пад сярпом тваім”. Але баюся, сёння я такую маштабную працу проста фізічна не пацягну. Ведаеце, калі справа скончана, у маім выпадку — калі кніга выйшла з друку, праходзіць час — і ўжо бачыш усё іншымі вачыма. Сёе-тое сёння зрабіў бы інакш. Калі можна было б, я зноў вярнуўся б да “Дзікага палявання...”, зрабіў бы некалькі дзясяткаў новых ілюстрацый у дадатак да існых. Гэты твор настолькі вобразна насычаны, што ілюстраваць у ім можна літаральна кожную старонку.
— Бывае, што ілюстратары потым робяць станковыя работы паводле аздобы кніг. Так, Арлен Кашкурэвіч пасля працы над творамі Быкава стварыў серыю цудоўных станковых аркушаў. Вам не прыходзіла думка вярнуцца да вобразаў Караткевіча ў новым фармаце?
— У мяне ёсць аркуш “Ладдзя роспачы”, у якім адбіліся мае развагі пра ХХ стагоддзе. Натхніў мяне менавіта Караткевіч, але ягонага рамантызму ў гэтым творы няма. Я думаю, з часам мы будзем знаходзіць у яго творах шмат такога, што не сказана наўпрост, але прысутнічае ў падтэксце. Чытаць і перачытваць іх можна бясконца.
Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА