— Як гэта сталася, Ірына Анатольеўна?
— У мяне цётка малявала, а дваюрадная сястра дык увогуле Санкт-Пецярбургскую акадэмію мастацтваў скончыла. Так што я спачатку мастаком хацела стаць. Прыехала ў 1980 годзе з роднай Магілёўшчыны паступаць у Бабруйскае мастацкае вучылішча. А ў той год набору на мастака не было. Вось так і вырашыла стаць разьбяром. Тым больш сцізорыкам пастаянна нейкія фігуркі выразала (Бог ужо тады намякаў, што прафесія мне прадвызначана). Драўніну з плота брала, маці ўсё не магла зразумець, хто ж яго пастаянна псуе… А конкурс пры паступленні быў, вы не паверыце, дзесяць чалавек на месца! Але ж паступіла.
— З мужам у Бабруйску пазнаёміліся?
— Так. У Валодзі трайная спецыялізацыя была: не толькі разьбяра па дрэве, але яшчэ інкрустатара і сталяра. Хлопцаў, натуральна, было сярод будучых разьбяроў шмат, а дзяўчат — толькі тры. У прафесіі, наколькі ведаю, доўга яны не затрымаліся.
— Як далей складваўся ваш лёс?
— Пасля размеркавання разам з Уладзімірам трапіла ў Камянюкі, у штат супрацоўнікаў Белавежскай пушчы. Афармлялі сядзібу Дзеда Мароза, упрыгожвалі іншыя збудаванні. Стала брыгадзірам рэзчыкаў.
— Сярод вашых інструментаў — бензапіла, сякера, стамескі. Рукі не баляць?
— Няпроста, канечне, але я амаль усё жыццё займалася спортам. Хоць і ў перадпенсійным узросце, але мужчынам не саступаю. Кіраваць брыгадай таксама было складана. І прыкрыкваць даводзілася. Спакваля ўсё наладзілася. Потым, у 2004 годзе, стала кіраваць раённым домам рамёстваў. Не толькі вучыла дзяцей, але і брала ўдзел у шматлікіх плэнэрах, у тым ліку ў Швецыі, Польшы.
— Ваш любімы герой драўлянай скульптуры?
— Выява фрэйліны ў Ружанах. Рабіць гістарычныя асобы заўжды цікава, хоць і доўга. Заглыбляешся ў мінуўшчыну, шукаеш у бібліятэцы, музеі патрэбныя матэрыялы, каб і ў вопратцы не памыліцца, і ў іншых, не менш важных дэталях.
— Якія пароды дрэў улюбёныя?
— Для вялікай скульптуры прыдатны дуб, для дробных рэчаў і пано — ліпа, якая апрацоўваецца без праблем. Беларуская лыжка ў адрозненне ад, скажам, рускай — больш лёгкая, упрыгожаная кветкамі, арнаментам. Да слова, адну з ікон падаравала Алексію ІІ — Патрыярху Маскоўскаму і ўсёй Русі.
— У сваёй сям’і разьбу па дрэве вы ці не ў ранг рэлігіі ўзвялі…
— Можна і так сказаць. Дачка Алена — таксама разьбяр. Гэта яна цяпер кіруе домам рамёстваў, а я — малодшы навуковы супрацоўнік, у маім гуртку — 12 дзяцей. Многія — вельмі таленавітыя.
— Свой асабісты цагляны дом усёй сям’ёй аздаблялі?
— Пайду на пенсію — пачну аздабляць. Цяпер для гэтага часу няма. А вось кладку сцен сама рабіла. Валодзя толькі цэглу падносіў.