Цікавей за прыгодніцкі серыял

№ 7 (1342) 18.02.2018 - 26.02.2018 г

(Працяг. Пачатак у № 6.) 4 лютага 1809 года, падчас руска-шведскай вайны, вядомай таксама як Фінляндская вайна, галоўнакамандуючы фінляндскай арміяй генерал ад інфантэрыі Багдан Кнорынг прапанаваў марскому міністру Расійскай імперыі адміралу Паўлу Чычагаву кандыдатуру кіраўніка пабудовы флатыліі ў горадзе Улеаборгу. Ім меўся стаць капітан-лейтэнант Ігнат Марцінкевіч, “от ревности которого должно равномерно ожидать совершенных успехов”. Да таго часу брат нашага класіка ўжо праявіў сябе ў бітвах і паходах, меў узнагароды і аўтарытэт. Таму на яго і ўсклалі пачэсную ды адказную місію.

/i/content/pi/cult/679/14970/22.JPGБура

Кананерскія лодкі — гэта своеасаблівы аналаг сучасных катараў. Невялічкія парусна-веславыя судны мелі па некалькі гармат. Расійскай імперыі на той час яны былі моцна патрэбныя — як для ўтрымання толькі што заваяваных фінскіх земляў, так і на выпадак буйнамаштабнай вайны з Напалеонам, чые амбіцыі несупынна раслі.

Усяго ў “нованабытай Фінляндыі” расійскі ўрад планаваў пабудаваць 58 кананірскіх лодак коштам 406 тысяч рублёў асігнацыямі. З гэтай сумы на долю Ігната выпала 84 тысячы рублёў, якіх павінна было хапіць на пабудову 18 лодак. Тэрмін выканання вызначылі даволі сціслы — да 1 жніўня 1809 года.

Ігнат Марцінкевіч без прамаруджвання правёў “разведку на мясцовасці”, даведаўся, дзе знаходзяцца верфі, дзе можна нарыхтаваць карабельны лес, а дзе наняць неабходных майстроў. 18 ліпеня ён адрапартаваў, што ім пабудаваны: “5 лодак улаборскіх, 5 тарнейскіх, 1 шведская, дэсантнае і яшчэ транспартнае малое судна”, але для іх патрэбны такелаж і ветразі. Таксама адсутнічалі і карабельныя каманды, хаця паводле рапартаў яны даўно былі на месцы.

12 верасня Марцінкевіч напісаў Чычагаву, што пабудаваў не толькі ўсе замоўленыя лодкі, але нават і незапланаваныя — што, натуральна, запатрабавала дадатковых выдаткаў. Акрамя таго, грошы былі неабходныя і на закупку прадуктаў, дастаўку ўзбраення, а таксама на заробак камандам. У выніку, Ігнат атрымаў агулам 176 450 рублёў. Аднак неўзабаве адбылася падзея, якая сур’ёзна паўплывала на яго будучыню.

Неўзабаве пасля пабудовы улеаборгская флатылія, якая складалася з 17-ці кананірскіх лодак, правіянцкага і дэсантнага судна, была пастаўленая на зімоўку ў бяспечным месцы, закрытым з усіх бакоў ад вятроў. 27 кастрычніка раптам узняўся моцны вецер, які спараджаў хвалі вышынёю ажно ў 8 сажань.

У сваім рапарце Ігнат Марцінкевіч пісаў: “Тыя астравы, якія былі абароненыя, пакрыліся вадой і лёдам, нанесенымі з морам. Праз гэтыя выспы панесла лёд і прыбіла да судоў”. Карабельныя канаты рваліся адзін за адным. Кананірскія лодкі пачалі дрэйфаваць, напорваючыся на камяні і атрымліваючы пашкоджанні.

Па словах Марцінкевіча, вынік стыхійнага бедства для флатыліі быў катастрафічны: уся яна патанула, як і многія гандлёвыя суды. “Ніхто з жыхароў не прыгадвае такой паводкі”, — піша ён.

Куды падзеліся грошы?

Праўда, датклівыя царскія чыноўнікі эмацыйнаму рапарту Марцінкевіча не паверылі ды распачалі ўласнае даследаванне. У чыесьці галовы ўжо тады, пэўна, закралася думка: а што калі афіцэр выкарыстоўвае навалу як сродак схаваць уласнае махлярства?

І сапраўды, допыт сведак той павадкі выявіў зусім іншую, не такую драматычную карціну: “У рапарце Мартынкевіча паказана, што ўсё, што стаялі на стапелях суда, былі патоплены вадою, пра што пыталіся пры грамадзянскім чыноўніку жыхароў той выспы, якія сцвярджаюць, што паводка распасціралася ля берагу не больш за 6-ці сажань, судны ж пастаўленыя на стапелях у дзве лініі, з якіх паводкай захоплівала толькі да паловы судоў першай лініі, другая ж палова заставалася на сушы, што ж тычыцца другой лініі, то да гэтай вада не даходзіла, а таму ў дзень гэты суды і не маглі быць патопленыя”.

Што ж адбылося насамрэч 27 кастрычніка 1809 года, сказаць цяжка. Як і пра лёс тых кананірскіх лодак, што быццам былі патоплены. Як адзначылі следчыя, Марцінкевіч атрымаў ад камандзіра Свеаборгскай крэпасці прадпісанне “ўсе пашкоджанні і страты агледзець і неадкладна прыступіць да выпраўлення судоў. Пра суму страт адрапартаваць. Што было зроблена ім вельмі павярхоўна”.

Кіраўніцтва дарэмна чакала да канца 1809 года падрабязнай справаздачы аб тым, куды сышла немалая сума грошай. А ў пачатку 1810 года, калі Марцінкевіч ужо быў адхілены ад сваіх абавязкаў, у марское кіраўніцтва пачалі прыходзіць скаргі ад мясцовых уладаў аб стратах, нанесеных Ігнатам: ён рабіў пазыкі і не вяртаў, не аплачваў набытыя прадукты і матэрыялы, не плаціў заробак...

Справаздачу Ігнат прадставіў толькі ў сакавіку, калі ўжо працавала следчая камісія. Сумы ў іх фігуруюць па тых часах папраўдзе касмічныя. З правераных следчымі ведамасцяў вынікае, што Марцінкевічу “адпушчана было 173 675 рублёў 36 капеек і ім самім было занята без данясення начальству ў розных партыкулярных людзей і Улеабургскага казначэйства 101 952 рублі 12 капеек, усяго ж 275 627 рублёў 48 капеек, з якіх у справаздачах паказаны 269 785 рублёў 39 капеек. Звыш таго, забраны ім лес і матэрыялы ў розных прадаўцоў на 67 339 рублёў 27 капеек”.

Пра матывы, якімі кіраваўся Ігнат Марцінкевіч, мы пакуль нічога не ведаем. Ці быў ён такім ужо нядбайным і нядобрасумленным? Ці сапраўды краў дзяржаўныя грошы — і куды іх у такім разе падзеў? Адказаў на гэтыя пытанні пакуль няма.

Але можна меркаваць, што дыму без агню не бывае. Агулам матэрыялы следства займаюць болей за тысячу аркушаў. Датклівыя сышчыкі праводзілі допыты, карпатліва правяралі бухгалтэрыю, адсочваючы лёс кожнай дзяржаўнай капейчыны. У выніку, удалося ўстанавіць, што большую частку грошай Марцінкевіч усё ж патраціў на справу. Аднак і недалік склаў прыстойную суму.

Вырак — расстраляць!

Прысуд, вынесены 25 красавіка, вылучаўся безапеляцыйнай жорсткасцю: “Падсудны капітан-лейтэнант Мартынкевіч (у Расіі гэтае прозвішча часцей пісалі праз літару “т”, а не “ц”, і менавіта варыянт “Мартынкевич” чытаецца ў асабістым подпісы Ігната — З.Д.) знаходзіўся на службе пасля выпуску з гардэмарынаў Марскога кадэцкага корпуса ў мічманы ў 1788 годзе, у цяперашнім званні з 1804 года, з дваран польскай нацыі, 40 гадоў, сялян не мае, у кампаніях і бітвах удзельнічаў, мае ордэн св. Георгія 4 ступені і св. Уладзіміра 4 ступені з бантам. Ваенны суд па абставінах справы гэтай Мартынкевіча вінаватым знаходзіць і прысуджае да спагнання з яго на карысць казны і на пазыкоўцаў задавальненне 19 283 рублі 56 капеек, пазбавіўшы яго ордэна і адабраўшы афіцэрскія чыны, патэнты, яго расстраляць”.

Сам Ігнат у гэты час знаходзіўся пад арыштам на гаўптвахце ў горадзе Свеаборгу. Пасля вынясення прысуду ў яго заставалася апошняя надзея — на апеляцыю. Марцінкевіч спрабаваў апраўдацца: “Калі і здарыўся які недагляд па маёй службе, то гэта было зроблена не з намерам, але толькі дбаючы, каб аказаць паслугу майму Гасудару, а асабліва ў такіх крытычных ваенных абставінах”. Акрамя таго, спасылаючыся на сваё дрэннае здароўе, Ігнат прасіў перавесці яго ў Санкт-Пецярбург.

Цэлы месяц ён правёў паміж жыццём і смерцю. 24 мая найвышэйшая судова-крымінальная інстанцыя ваеннага ведамства — Генерал-аўдатарыят — пастанавіла: пазбавіўшы Марцінкевіча ўсіх чыноў і ордэнаў, запісаць у матросы з аддачай усіх даўгоў. Але галоўнае ён захаваў жыццё! А 19 283 рублі 56 капеек (між іншым, кошт добрага маёнтка!) — справа нажыўная.

І сапраўды, паколькі прэтэнзій да яго болей не было, можна меркаваць, што Ігнат Марцінкевіч разлічыўся. Магчыма, дапамог яму ў гэтым уплывовы і заможны дзядзька — мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч.

Зміцер ДРОЗД, гісторык, архівіст