Птушка на каванай жырандолі

№ 49 (1332) 08.12.2017 - 16.12.2017 г

Баранавіцкі раён: гаспадар пачынае і выйграе
Хтосьці скажа, што назва гэтага артыкула праставатая. Запярэчу. Яна якраз — пра знакавыя рэчы, што сталі для раёна сімваламі паяднання традыцыі і сучаснасці ў народным мастацтве. Чалавек-легенда Паўлюк Багрым стварыў, як кажуць, два знакамітыя вершы: адзін у слове — “Зайграй, зайграй, хлопча малы”, другі — у метале: жырандолю для касцёла ў Крошыне. Яна і па сёння здзіўляе багаццем аўтарскай фантазіі. Па каванай аздобе рвуцца ўверх жаўрукі, што ўвасабляюць неўтаймоўнасць творчых памкненняў. Але хопіць лірыкі.

/i/content/pi/cult/669/14786/12.jpg

Летась на Баранавіччыне упершыню прайшло раённае свята кавальства “Крошынскі перазвон”. Кіраўніцтва рэгіёна вырашыла зрабіць падзею асноўным рэзанансным брэндам баранавіцкай зямлі. Каб летуценная асоба Багрыма не забывалася, каб адраджалася старадаўняе рамяство. У Крошыне і без гэтага ёсць што паказаць заезджаму госцю, але кашу маслам не сапсуеш…

Дазволю сабе асабісты каментарый пра стан культурных спраў у згаданым раёне, адным з самых буйных на Брэстчыне. Мяне гэтае становішча апошнім часам крыху турбавала. Занадта ўжо актыўнай была ратацыя кадраў раённага аддзела (пра гарадскі мы сёння і згадваць не будзем) ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. А частая змена кіраўнікоў не магла не выклікаць пэўнай ліхаманкі ў падначаленых шэрагах. Амаль цалкам перарвалася творчая сувязь аддзела з нашай рэдакцыяй. Да месца згадаць тут і Моўчадзь, клубная ўстанова якой пад час нашых камандзіровак была двойчы зачынена ў рабочы час без належных на тое прычын. Што адбылося потым, мне, шчыра кажучы, спадабалася. Кіраваць аддзелам пачала былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Аксана Шчэрба — дзяўчына прынцыповая, мэтанакіраваная, па-добраму амбіцыйная. Старшыня райвыканкама Васіль Хвацік адразу адчуў, што ў раёне ёсць работнікі культуры са сваімі ідэямі і жаданнямі. А першыя свае кантакты з падначаленымі Шчэрба пачала з разбору працоўнай дысцыпліны, на якім згадваліся і крытычныя публікацыі “Культуры”. Урэшце, менавіта Аксана Аляксандраўна запрасіла мяне прыехаць ў раён, каб на ўласныя вочы пераканацца ў імклівасці брэндавай актывізацыі, бо гэткая ж сітуацыя, як у Крошыне, назіраецца і ў іншых буйных і не вельмі паселішчах рэгіёна. Пэўныя мы наведалі. Вось што атрымалася.

 Мінск — Баранавіцкі раён Брэстчыны — Мінск / Фота аўтара

 

Увасабленне ідэй

Пабольш сяброў займець

Турэцкі аматар каванага жалеза прыехаў да сябра на Баранавіччыну і ўбачыў біг-борд пры дарозе, які распавядаў, што ёсць у раёне не абы-які цэнтр рамёстваў. Так у Русіно з’явіліся першыя замежныя наведвальнікі. Мы часта пішам пра Русіно, бо заўжды ёсць пра што пісаць. На двух гектарах былога школьнага лесапаркавага падворка, у музейным памяшканні пры раённым цэнтры рамёстваў канцэнтруюцца веды і прыклады з гісторыі ўвогуле і з гісторыі развіцця мясцовых рамёстваў у прыватнасці. Пра пасеку, вуллі ды борці і штогадовыя гарантаваныя “ўраджаі” мёду мы пісалі. Пра кузню, ганчарню і паркавую алею драўляных міфічных істот — таксама. Што з’явілася новага? Інтэр’ер і печка — у доме традыцыйных абрадаў. Экспазіцыя, прысвечаная гісторыі земляробства, — на двух паверхах старадаўняга млына. Драўляныя выявы рамеснікаў як вынік леташняга пленэру рэзчыкаў. Зімовая рэзідэнцыя… не, не Дзеда Мароза, а менавіта беларускага Зюзі, за што мясцовым супрацоўнікам асаблівы рэспект!

Але асноўны набытак цэнтра рамёстваў — ягоны новы кіраўнік Сяргей Седач. Ён калісьці пачынаў тут навуковым супрацоўнікам. Цяпер — вядзе рэй. Якім павінен быць гаспадар у сферы культуры? Цягам часу я прыйшоў да цвёрдай высновы: творцам і арганізатарам адначасова. У штаце цэнтра — 15 гаспадароў, нават тэхнічныя работнікі малююць і выдумляюць. У выніку рэканструяваны баранавіцкі строй, ладзяцца рэгулярныя экспедыцыі, кола сяброў пастаянна павялічваецца, бо ва ўстановы ёсць свой сайт. Плюс — “сарафанная пагалоска” пра цэнтр, якая гуляе па сацыяльных сетках гэтак жа вольна, як вясёлы гарманіст — па жаночым інтэрнаце. А інтэрнэт — не інтэрнат. Тут інфармацыйныя магчымасці — бязмежныя. Вось і расце тое кола сяброў, а план па аказанні паслуг — перавыконваецца. Ледзь не забыўся на свойскую дробную жывёлу цэнтра — сабачку і ката — Воцата ды Маянэза. Дарэчы, пра катоў мы яшчэ паразважаем…

Апошняя задумка Седача — утварэнне пад адкрытым небам парку мінікопій мясцовых помнікаў архітэктуры, у тым ліку і маёнтка ў Ястрэмбелі. Дарэчы, у яго з’явіўся канкрэтны гаспадар — Андрэй Сянько. У гэтым будынку ён мяркуе стварыць музей. Як мне сказалі, праектна-каштарысная дакументацыя — рыхтуецца. Значыць, турыстычныя маршруты ад Русіно будуць пракладзены і ў музейны Ястрамбель…

А біг-борд ля дарогі на Русіно каштуе 250 рублёў.

Спець, патанчыць ды паслухаць жаўрукоў

Далейшая гаворка пра гаспадароў ды брэнды немагчымая без згадкі пра Алену Вілента і Наталлю Ціран з Перхавічаў. Першая кіруе Цэнтрам культуры і народнай творчасці, другая — бібліятэкай. Абедзве апантаныя мясцовым фальклорам. Ён — частка іхняга жыцця і асноўны сродак самавыяўлення. У фальклорнага гурта “Сяброўкі” ёсць калектыў-спадарожнік “Крынічка”. Асноўная кропка прыкладання сіл абедзвюх кабет — фальклор. Алена Казіміраўна накіравала на яго вывучэнне і замацаванне намаганні аж васьмі клубных аб’яднанняў. Удзельнікі гуртка дэкаратыўна-прыкладной творчасці вырабілі стылізаваныя нацыянальныя касцюмы для клубных калектываў мастацкай самадзейнасці. Вышыўкай ды ткацтвам упрыгожаны калідоры, пакоі, нават сцэна ўстановы. Усе мясцовыя абрады — жывыя ў той ступені, у якой на сёння яны могуць такімі быць. Я паслухаў кабет з “Сябровак”, паглядзеў на танцы, якія разам з дарослымі выконвалі Маша і Зоя Сярэдзіны з “Крынічкі”, і мяне ўпершыню за гэтыя тыдні, праведзеныя без камандзіровак у Мінску, адпусцілі ўсе мае праблемы і клопаты. Нейкімі дробнымі яны падаліся ў параўнанні з задуменным спевам 75-гадовай Марыі Малахвей, якой падпявалі кабеты. Фальклор — таксама рэлігія, высокае пакліканне якой разумееш толькі з гадамі.

Доказы гэтаму я і ў бібліятэцы адшукаў. Тут мяне прыняла ў свае абдымкі Наталля Ціран, запэўніла, што яе прозвішча — самае бібліятэчнае, інакш чытачоў паменее. Наталля Сяргееўна збірае рэцэпты нацыянальных страў, выдае кулінарныя кніжкі (адна з першых займела сертыфікат на карыстанне камп’ютарнай тэхнікай, таму ў выдавецкай справе разбіраецца), разам з чытачамі ўшчыльную займаецца краязнаўствам. Усе шыльды і шыльдачкі аформлены ў бібліятэцы на беларускай мове. Лішне казаць, што Ціран — таксама ў складзе “Сябровак”. Хтосьці скажа, што такіх “фальклорных” клубаў ды бібліятэк па Беларусі — незлічона. Так. І гэта наш ці не самы каштоўны набытак. Але ў кожнай такой установе, балазе, спяваюць па-свойму, і, скажам, тлустыя блінцы ад Наталлі Ціран існуюць як жанр таксама ў адзіным экзэмпляры. Банальная выснова: у кожнага гаспадара — свая гаспадарка.

Галоўная постаць Крошына — дырэктар СДК Юрый Пшаўлоцкі. Асоба, трэба зазначыць, легендарная. Шкада, але па тым часе быў Юрый Станіслававіч на санаторным адпачынку. Ледзь яго туды выправілі. Але ён ці не штодня тэлефанаваў у родную ўстанову. Асноўны недахоп работніка культуры — адсутнасць умення адпачываць. Давай яму працу, дый годзе. Пшаўлоцкі — такі.

Мы пісалі ў свой час пра тое, што менавіта Юрый Станіслававіч ператварыў сталоўку ля СДК у дыскатэчнае памяшканне з музейнай рэтра-выставай старых музычных інструментаў і апаратуры савецкага часу. Многія з экспанатаў дзейнічаюць. Гэткім жа “гаспадарчым” чынам круглую залу для ўрачыстасцяў прыстасавалі пад экспазіцыю сцэнічных касцюмаў розных рэгіёнаў Беларусі. Такога я нідзе не бачыў. А яшчэ ён ладзіць у Крошыне раённае фальклорнае свята, з’яўляецца кіраўніком народнага ансамбля песні “Крушына з Крошына”. Пра кавальскае свята пад жаўруковыя спевы я ўжо казаў. Цяпер у СДК вядзецца работа па падрыхтоўцы новага пакоя пад студыю гуказапісу. Словам, такія ўстановы называюць у нас “мадэльнымі”, чытай — брэндавымі. Прыязджайце, вучыцеся. Прынамсі, Пшаўлоцкі так і робіць: адшуквае досвед і па раёне, і па вобласці. Шкада, што мы з ім не сустрэліся…

Сваё месцейка знайсці

Моўчадзь, натуральна, я не мог абмінуць. Карцела ўрэшце даведацца, а што там, за сценамі былой сінагогі робіцца? Так, менавіта ў гэтым будынку месціцца СДК. Дык вось, доўгачаканы для мяне момант наступіў, дзверы ў клуб гэтым разам былі адчынены, але… унутраны выгляд установы культуры — не надта каб парадаваў: усё старэнькае, святло — цьмянае па прычыне, відаць, завірухі з мокрага снегу. Я ўдзячны начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аксане Шчэрба. Яна ведала, што я ўбачу ў Моўчадзі, і не замінала гэтаму. Толькі запэўніла, што ў наступным годзе распачнецца капітальны рамонт клубнай установы.

Дырэктар СДК Яўгенія Шахаўцова мае немалы досвед працы ў сферы культуры. І ў якасці творцы паспела зрабіць нібыта шмат: калідоры і пакоі ўстановы ўпрыгожаны цікавымі тэматычнымі фотазонамі, дзейнічае майстэрня па вырабе сцэнічных касцюмаў… Прэтэнзія ў мяне да Яўгеніі Яўгенаўны адна — няма ў Моўчадзі яркіх праектаў, скіраваных на працу з рознаўзроставымі групамі насельніцтва, напрыклад, з моладдзю, няма брэндавай, так бы мовіць, афарбоўкі ў арганізацыйнай дзейнасці. Скажам, супрацоўнічае СДК з домам-інтэрнатам (менавіта там Яўгенія і была, калі мы з Канстанцінам Антановічам безнадзейна спрабавалі наведаць яе ўстанову), а побач знаходзіцца ўнікальная крыніца. І ніякім чынам не згадваецца яна ў рабочых планах клуба. Між тым, работнікі культуры Слаўгарадскага раёна, пра шчыраванні якіх пісаў у першым артыкуле рубрыкі, пад сваю Блакітную крыніцу нават грант атрымалі і ладзяць там святы ды фестывалі. У Баранавіцкім раёне да такой формы працы толькі падступаюцца. А непадалёк ад Моўчадскага СДК, калі памяць не падводзіць, ёсць і закінуты млын. Ён таксама ніяк не задзейнічаны для тэатралізацый, анімацый, іншых нестандартных дзей, якія пакуль не разнастайваюць спіс дзяжурных клубных мерапрыемстваў. На фоне тых устаноў культуры, гаворка пра яскравыя творчыя адметнасці якіх вялася вышэй, праграма мінімум Моўчадскага СДК выглядае больш чым сціпла. З’ява, будзем спадзявацца, часовая.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"