З “Новай зямлёй” усё па-новаму?

№ 40 (1323) 07.10.2017 - 13.10.2017 г

Брэсцкі абласны тэатр лялек адкрыў 55-ы сезон гучна і канцэпцыйна — “Новай зямлёй” паводле Якуба Коласа ў пастаноўцы нядаўна прызначанага галоўнага рэжысёра Аляксандра Янушкевіча.

/i/content/pi/cult/659/14611/13.jpg

Планавалася, што назва спектакля будзе асацыявацца з вяртаннем тэатра ў рэканструяваны будынак. Пераезд адклаўся яшчэ мінімум як на год, і назва аказалася скіравана не да абноўленай сцэны, а да творчай глебы — новага перыяду ў жыцці тэатра, што пачынаецца з дзейнасцю маладога галоўнага рэжысёра. Аляксандр Янушкевіч — знакавая асоба ў нашай тэатральнай прасторы. Брэст для яго, ураджэнца Гродна, — чарговая “новая зямля”. Колішні выпускнік майстэрні знакамітага Аляксея Ляляўскага, ён стаў вядомы практычна адразу, паставіўшы ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек шэраг адметных прац: для дарослых — “Вянчанне”, “Дзяды”, для дзяцей — “Малыш і Карлсан, які жыве на даху”, “Воўк і сямёра казлянятаў” і іншыя. Былі ў яго нашумелыя спектаклі ў Расіі, калі ён станавіўся намінантам найпрэстыжнай расійскай тэатральнай прэміі “Залатая маска”, і два гады мастацкага кіраўніцтва Пермскім тэатрам лялек, калі тую прэмію атрымаў. Многія не верылі, што ён вернецца ў родную Беларусь. А ён не толькі пагадзіўся на запрашэнне, што сыходзіла з Брэста, але і звярнуўся да нацыянальнай класікі.

Вершаваная паэма Якуба Коласа ў разнастайных інсцэніроўках неаднойчы трапляла на тэатральныя падмосткі. Ставілася нават аднайменная опера Юрыя Семянякі, дзе вялізная ўвага надавалася магутным харавым сцэнам. У цяперашнім прачытанні коласаўскай кнігі, што прымеркавана да 135-годдзя з дня народзінаў паэта, вельмі многае зроблена зусім іначай: па-новаму, нечакана і вельмі ўражвальна. Эпічная паэма не проста скарочана. Яе тэкст перапрацаваны, “ператасаваны”, аўтарскія прамовы размеркаваны між дзеючымі асобамі, некаторыя фрагменты перанесены. Знакамітыя радкі “Мой родны кут”, якімі пачынаецца арыгінал, узнікаюць толькі ў канцы першай дзеі — як вучэбная дыктоўка хлопцам-лялькам. Фіналам усяго спектакля становіцца не смерць Міхала, а яго маналог пра зямлю, які гучыць сапраўдным гімнам зямлі беларускай.

Пры ўсіх зменах і перастаноўках драматургія спектакля, у параўнанні з паэмай, набыла асаблівую мэтанакіраванасць і кампактнасць, надаўшы разгорту дзеяння добры тэмпарытм. Чытанне вершаў не ператвараецца ў “патэтычныя завыванні”, здольныя ўсыпіць сваёй паслядоўнай размеранасцю. Захоўваючы тэкст, рэжысёр вымушае артыстаў прытрымлівацца натуральнага маўлення, блізкага размоўнай гаворцы. І знаходзіць настолькі верную інтанацыю, што вершы часам успрымаюцца звычайнымі побытавымі размовамі, хіба што зрэдку рытмізаванымі. У кожнага з цэнтральных персанажаў — свой тэмп, свае асаблівасці прамоў, залежныя ад характару героя: вельмі імпульсіўны Міхал (Раман Пархач), больш рамантычны Антоні (Канстанцін Крыштаповіч), дзелавая, рэалістычная Ганна (Лілія Верста).

Імклівасць развіцця шмат у чым вынікае таксама з суцэльнага фантану бліскучых мастацкіх вынаходніцтваў, што ахопліваюць радасцю творчых адкрыццяў і прэтэндуюць на статус падзей. Фантазія стваральнікаў (мастак — Таццяна Нерсісян) не ведае межаў. Эстэтыка тэатра лялек злучаецца не толькі з гульнёй, здольнай ажывіць любы прадмет, але і са спрадвечным славянскім паганствам, абагаўленнем прыродных з’яў і наваколля.

/i/content/pi/cult/659/14611/12.jpgЛета прадстаўлена топ-мадэллю: прыгажуня Юлія Абеднікава, загадкава ахінутая нейкай посцілкай, павольна выходзіць на сцэну — і рассцілае дыванок з зеляніны ды кветак. Зіма (Святлана Шутак) падобна да роставай лялькі снежнай гурбы, аздобленай белым аб’ёмным арнаментам і прарэзамі для кісцяў рук, каб можна было сыпаць белую замець. Хмары (тыя ж артысткі і Марта Жмінько) увасоблены праз дзіўныя капялюшыкі-чалмы на галовах, зробленыя з накручанага, пакамечанага цюлю, у якім цвіркаюць лямпачкі-маланкі. Вялікдзень — праз два вялізныя яйкі, упрыгожаныя шырокім “паясом” з карцін біблейскай тэматыкі, ды смешную роставую курыцу, з якой нарэшце “выскоквае” маленечкае яечка. Візуалізавана і Хвароба (Алена Паляшэнка), якая дрыгае вокам, наўмысна “глытае” словы ды размалёўвае вусны безгустоўнай памадай. Нябожчык нагадвае памерлае спілаванае дрэва без кроны, ды з магутнымі каранямі, што быццам зацягваюць яго ў зямлю. Шчупак без цяжкасці ператвараецца ў Русалку (Руслана Сакалова). Стол — у вазок, а потым — у труну. Пан на кані (Уладзімір Цевасян) асацыюецца з помнікам. Воўк (Юрый Цесля) аказваецца ваўкалакам. Чым не хорар? Продаж-купля зямлі вырашана праз скрыні з розным змесцівам: каменьчыкі, пясок, гліна — чарназём. Пасевы адзначаны адпаведнымі шыльдачкамі, бы на вопытным участку па вывядзенні новых гатункаў раслін. А сцэна “Гарэлка” ўвогуле магла б стаць асобным канцэртным нумарам. Герой рухаецца за дзяўчынай, якая раз-пораз працягвае яму чарку, вымаючы яе з самых патайных месцаў і вымушаючы яго апускацца ўсё ніжэй, пакуль той не зваліцца долу. І тут выскоквае белы сабака, пачынае аблізваць п’янага: ці то рэальнасць, ці то белая гарачка.

Аб’ёмныя фігуры суседнічаюць з плоскімі, часам набліжанымі да тэатра ценяў. Рысы постмадэрну і сімвалізму яднаюцца з элементамі гіперрэалізму. Перад антрактам на стол выстаўляюцца рэальныя прысмакі, што напаўняюць залу смачным пахам. А ў пачатку другой дзеі героі вядуць дыялогі, спрытна з’ядаючы тую гарачую бульбу. Выкарыстаны прыём паралельнага дзеяння — вельмі жыццёвае поліфанічнае сумяшчэнне: на другім плане — навучанне дзятвы нанятым Дарэктарам, на першым — абмеркаванне бацькамі хатніх клопатаў-праблем. Народныя традыцыі спалучаны са старажытнагрэчаскай міфалогіяй. Вось Дзед Юрка (Іван Герасевіч) плыве ў чоўне (“Дзяды”). Але раптам аказваецца, што гэта царства мёртвых, рака Сцікс і дзве вялізныя фігуры — Харона.

Гэтак жа “ачалавечана”, набліжана да сялянскага побыту хрысціянства. Цяжарная Ганна ў сцэне “Каляды” раптам паўстае Дзевай Марыяй, што нараджае немаўлятку. Чырвоны кут з абразом у хаце Міхала зроблены накшталт тантамарэскі: праз выраз у шырме, пастаўленай вуглом, выглядае Святы (Андрэй Палянскі). Ён жыва рэагуе на падзеі, удзельнічае ў жыцці сям’і, менавіта з яго вуснаў злятае вестка пра смерць ляснічага. Гэта так па-беларуску! Узгадаем, што нашы абразы часцяком маляваліся са сваіх жа вяскоўцаў. А ў паэме ёсць словы: “Бог тут над зямлёю / прайшоў і глянуў міласціва”. Так што спектакль — усяго толькі ўважлівае стаўленне да закладзенага паэтам-класікам і нацыянальнымі традыцыямі, а затым паслядоўнае выкладанне гэтага на мове тэатра, не пазбягаючы гумару, уласцівага і паэме і, шырэй, беларусам.

Янушкевіч-рэжысёр раней успрымаўся як творца найперш трагедыйнага таленту. Пра гэта сведчаць не толькі яго спектаклі для дарослых, уключаючы “Эдыпа” і “Тоўсты сшытак” пра Другую сусветную, але і некаторыя, здавалася б, “ранішнікі” з зусім не дзіцячымі падтэкстамі (“Асцярожна, свіння”, “Залаты ключык, ці Прыгоды Бураціна” і іншыя). Таму і ад “Новай зямлі” чакалася яе трагедыйная сутнасць — як цалкам відавочная, так і “схаваная”, на якую звычайна не зважалі ў школе. Калі “спраектаваць” лёс герояў надалей, стане зразумела, што заўчасная смерць Міхала — гэта насамрэч яго выратаванне: у 1923-м, завяршаючы паэму, пісьменнік яшчэ не ведаў, што праз некалькі гадоў з-за выпакутаванага кавалка зямлі Міхала могуць прызнаць “кулаком”, “ворагам народа” і адправіць у сталінскія лагеры.

Спектакль не абмінуў тэму “савецкай будучыні”. Сцэна “Панская пацеха” наўпрост асацыюецца з паляваннем Брэжнева ды іншых тагачасных кіраўнікоў у Белавежскай пушчы. А ў першым маналозе пра зямлю, які ўзнікае на “стоп-кадры” (сцэна “Мара”), перад намі праплываюць “жывыя скульптуры” з выявамі снапа, вясла, вогнішча, сонца, лаўровага вянку, маланкі. Яны падобныя да антычных статуй і адначасова нагадваюць выступленні агітбрыгад “сіняблузнікаў” і іх паслядоўнікаў.

Нягледзячы на раку крыві ў паляванні, калі замест падстрэленага цецярука падае чалавек, агульная танальнасць гэтых сцэн і ўсяго спектакля зусім не змрочная — наадварот, вельмі светлая, пранікнёная, часам настальгічная. Адпаведны настрой стварае музыка Аляксандра Літвіноўскага — шматаблічная і разнастайная. Тут ёсць працяглыя харальныя гучанні, народныя найгрышы так званай “траістай музыкі”, дзе задзейнічаны тры інструменты, апрацаваныя кампазітарам цытаты народных песень. Але нідзе няма лубка, таго “сувенірнага” фолька, які, пры ўсёй сваёй распаўсюджанасці, насамрэч не мае дачынення ні да традыцыйнай, ні да акадэмічнай культуры. Музыкі вельмі многа, яна амаль не змаўкае. Ідзе не толькі “ў такт”, але і насуперак агульнаму тону сцэны, утвараючы спалучэнне кантрасных пластоў. Менавіта праз гэта ўзнікае шчымлівасць фінала, выклікаючы непадробныя слёзы глядзельнай залы. Хвароба Міхала суправаджаецца харалам, дапоўненым званочкамі на дзвюх нотах. Смерць — алеатарычным фрагментам, знаходжанне ў труне — папраўдзе страшнымі гучаннямі, пасля якіх ідуць плачы-прычытанні. А пахаванне — самай, бадай, прыгожай лірычнай тэмай, поўнай узвышанага спакою і святла. Менавіта яна і надае апошняму маналогу памерлага-ўваскросшага Міхала рысы гімнічнасці.

Спектакль не пакідае абыякавым. Яго кідкая, крэатыўная форма падачы хрэстаматыйнага матэрыялу можа прыцягнуць як фестывальную, так і шырокую публіку. Без прымусу настроіць гледачоў на далейшую працу розуму: і на паглыбленае прачытанне поўнага тэксту паэмы, і на паўторны прагляд спектакля, і на ўдумлівае асэнсаванне прачытанага і ўбачанага.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"