Ці паўстане эрмітаж для Драздовіча?

№ 40 (1323) 07.10.2017 - 13.10.2017 г

У Заслаўі ў хуткім часе мае з’явіцца новы музейны аб’ект, які з поўным правам можна назваць нашым Эрмітажам. Пэўны час таму “К” ужо пісала пра лёс гэтага флігеля сядзібы Пшаздзецкіх, і было тое даўнавата (гл. № 20 (991) 2011 г.). На жаль, праз брак фінансавання ўсе прамінулыя гады будынак так і прастаяў у аварыйным стане. Нарэшце, у яго ўласніка — Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе” — з’явіўся партнёр. Прыватная камерцыйная ўстанова праявіла інтарэс да рэалізацыі праекта па рэстаўрацыі і музеефікацыі эрмітажу і выдаткавала на гэта даволі значныя грошы.

/i/content/pi/cult/659/14604/4.jpg

Рэшткі родавага гнязда

Адзін з найбольш старажытных гарадоў Беларусі адметны не толькі Рагнедай ды Ізяславам. Цікавай старонкай гісторыі Заслаўя з’яўляецца і XVIII стагоддзе, калі яно належала магнатам Пшаздзецкім. І хаця род паходзіў з земляў Польшчы, дый сам горад ён набыў выключна дзеля атрымання графскага тытулу — а Заслаўе тады было сталіцай графства, — менавіта тут Пшаздзецкія стварылі сваё радавое гняздо. Іх нашчадкі, раскіданыя па свеце, і дагэтуль з цеплынёй згадваюць пра гэтыя мясціны. На жаль, ад шыкоўнага маёнтка амаль нічога не засталося — толькі той самы эрмітаж ды сціплыя парэшткі батанічнага саду: усяго некалькі дрэваў.

— Варта памятаць, што такое эрмітаж і дзеля чаго ён быў створаны, — тлумачыць намеснік дырэктара музея-запаведніка Яўген Кавалёў. — Гэта месца для адасаблення ад будзённых клопатаў і знаёмства з мастацтвам. У флігелі былі бібліятэка, невялічкая канцэртная пляцоўка і, натуральна, карцінная галерэя. Усё згодна з еўрапейскай традыцыяй!

Яшчэ ў 2011 годзе, калі камяніца была толькі перададзеная музею-запаведніку, актыўна ішло абмеркаванне яе далейшага лёсу. Прапаноў гучала шмат: арганізацыя там арт-рэзідэнцыі для мастакоў, правядзенне пленэраў сучаснага мастацтва, стварэнне парка скульптуры... Зрэшты, найбольш мэтазгоднай выглядала ідэя стварэння ў эрмітажы музея гісторыі Заслаўя — балазе, колішнія ўладальнікі горада Пшаздзецкія сыгралі ў ёй не апошнюю ролю. Але ў выніку ў будынку было вырашана размясціць музей маляваных дываноў.

— Наша калекцыя маляванак — самая вялікая не толькі ў Беларусі, але, магчыма, і ва ўсёй Еўропе! — не хавае гонару галоўны захавальнік фондаў музея-запаведніка Аляксандр Рак. — Тым больш, яе вартасцю можна назваць не толькі колькасць адзінак, але і іх якасны падбор. Таму лагічна і натуральна нарэшце стварыць для яе годную экспазіцыю, каб разгарнуць гэтую прыгажосць ва ўсёй красе. Перакананы, што паўстанне такога музею стане даволі моцным стымулам для далейшага развіцця нашага горада.

У той самы час, заслаўская калекцыя дываноў ужо даволі добра вядомая зацікаўленым людзям як у Беларусі, так і нават па-за яе межамі — найперш дзякуючы актыўнай рабоце музейшчыкаў, якія не толькі збіраюць артэфакты, але і актыўна іх выстаўляюць. Тым не менш, кіраўніцтва ўстановы не баіцца, што маляванкі ўжо намулялі вока, і новы музей застанецца без гледачоў.

— Многія з нашых дываноў дасюль ніколі не выстаўляліся, пра іх пакуль ведаюць толькі самі музейшчыкі, — кажа Яўген Кавалёў. — Таму не сумнявайцеся, што ў новай экспазіцыі будзе шмат адкрыццяў нават для спецыялістаў. Больш за тое — нам важна не проста запоўніць выставачную прастору метадам шпалернай развескі па ўсіх магчымых вертыкальных паверхнях. Маляваныя дываны — гэта даволі сур’ёзнае і глыбокае явішча ў традыцыйнай беларускай культуры, і будучая экспазіцыя мае стаць не толькі яе адбіткам, але і навуковым даследаваннем. Прынамсі, на дадзены момант у канцэпцыю музея маляваных дываноў закладзены менавіта такі падыход.

— Да ўсяго, наша калекцыя пастаянна папаўняецца новымі паступленнямі: і музейныя супрацоўнікі дагэтуль прывозяць з экспедыцый дываны, і самі людзі часта іх прыносяць у музей, — дадае Аляксандр Рак. — Таму ніводзін чалавек не можа сказаць, што ён усё бачыў.

Ужо без статусу

Рамонтыя работы ў эрмітажы ўжо актыўна вядуцца. На дадзены момант заменены кроквы і дах, якія засталіся яшчэ з 1930-х гадоў — з часоў, калі ў будынку быў размешчаны памежны атрад і майстэрні па рамонце зброі і вайсковага рыштунку.

— Толькі на распрацоўку праекта і ўсёй астатняй суправаджальнай дакументацыі сышло больш за год, — распавядае Яўген Кавалёў. — Але, хаця пэўныя зрухі заўважныя, працы яшчэ больш, чым проста шмат.

Паралельна з рэканструкцыяй будынка ідзе і дэталёвая распрацоўка канцэпцыі яго развіцця. А таксама — вывучэнне гісторыі. Бо менавіта падчас рамонтных работ могуць быць зробленыя новыя адкрыцці.

— У нас наперадзе — рэканструкцыя падлогі, — кажа Аляксандр Рак. — Гэта дасць нам магчымасць правесці дадатковыя натурныя даследаванні і ўдакладніць, ці сапраўды дадзены будынак з’яўляўся часткай палацавага комплексу. Бо, нягледзячы на высновы археолага Алега Трусава і мастацтвазнаўцы Таццяны Гаранскай, раз-пораз гучаць галасы пра брак доказнай базы.

У выніку, аб’ект, у свой час унесены ў Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як складнік гісторыка-культурнай каштоўнасці другой катэгорыі “Гістарычны цэнтр г. Заслаўе”, не так даўно страціў адпаведны статус.

— У 2015 годзе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь выступіла з тлумачэннямі, што дадзены будынак не ўваходзіць у склад гістарычнага цэнтра горада і, значыць, аўтаматычна пазбаўляецца статусу каштоўнасці, — распавядае Яўген Кавалёў. — Вядома, з аднаго боку, гэта спрашчае нашу задачу, бо здымае шмат пытанняў з узгадненнем дакументацыі пры правядзенні рамонтных прац. З іншага боку, самі з сябе мы не здымаем адказнасці за іх якасць і адпаведнасць тым падыходам, якія неабходныя пры рабоце са спадчынай. А пасля правядзення дадатковых даследаванняў — як натурных, так і архіўных, — мы, магчыма, будзем ставіць пытанне пра ўключэнне ў Дзяржспіс і самога эрмітажу, і той унікальнай калекцыі маляваных дываноў, якая там будзе экспанавацца.

Кантрабандысты пакуль без музея

Між іншым, эрмітаж — не адзіны аб’ект у Заслаўі, які пазбавіўся статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Са старых драўляных дамкоў міжваеннай пары ў цэнтры гарадка таксама не так даўно паздымалі ахоўныя шыльды. Хаця яшчэ параўнальна нядаўна ў іх планавалі зрабіць музейныя экспазіцыі, прысвечаныя гісторыі памежнага некалі горада, які — разам з ужо “польскім” Ракавам — да 1939 года лічыўся сталіцай кантрабандыстаў і шпіёнаў.

 — І нават мы ў музеі-запаведніку пра зняцце статусу даведаліся “па факце”, — кажа Аляксандр Рак. — Вядома, музеефікацыя гэтых дамкоў вымагала вялікіх грошай: перадусім трэба было рассяліць людзей, якія ў іх жылі, затым правесці капітальны рамонт, укласці грошы ў стварэнне экспазіцый, але… у выніку, у Заслаўі мог бы з’явіцца яшчэ адзін аб’ект для турыстаў.

Пакуль жа і гэты цікавы этап мінуўшчыны горада, і многія іншыя (напрыклад, выданне Сымонам Будным Бібліі ў 1574 годзе) музейнымі сродкамі належным чынам не адлюстраваныя. Ідэя стварэння музея гісторыі Заслаўя вісіць у паветры ўжо не першае дзесяцігоддзе, і такія планы па-ранейшаму актуальныя. На думку Яўгена Кавалёва, размяшчацца ён павінен у самім гістарычным цэнтры.

— Не сумняюся, гэта істотна павялічыць плынь турыстаў, — перакананы намеснік дырэктара. — Увогуле, што тычыцца стратэгіі развіцця Заслаўя, то асабіста маё меркаванне — яго трэба пераўтвараць не проста ў горад-музей, але і ў горад музеяў! Ужо шмат чаго для гэтага было зроблена раней, але варта такую работу працягваць.

Музей дываноў плануюць адкрыць ужо ў наступным годзе, па завяршэнні рамонтных работ. Таксама ў бліжэйшых планах — музей “Местачковая ятка”, назва якога гаворыць сама за сябе. Ёсць і іншыя ідэі, якія супрацоўнікі пакуль не агучваюць. Ды і ўвогуле — перспектыўных задумаў у нетрах гэтай установы заўсёды нараджалася ў дастатку.

— Але наша работа не прынясе належных вынікаў, калі паралельна з музейнай не будзе развівацца і ўся турыстычная інфраструктура горада, — дадае Яўген Кавалёў. — Тым больш, што Заслаўе — горад-спадарожнік Мінска, і спадарожнік менавіта рэкрэацыйна-турыстычны. Са свайго боку, мы робім усё ад нас залежнае, але…

Дарэчы, пра развіццё горада і яго турыстычнага патэнцыялу. Яшчэ ў 1980-я — пачатку 1990-х гг., калі ў Заслаўі быў толькі створаны музей-запаведнік, ён сапраўды актыўна развіваўся і прывабліваў натоўпы турыстаў: ад электрычкі цэлыя “дэманстрацыі” ішлі, каб паглядзець горад і наведаць яго музей. Менавіта тады супольная нефармальная арганізацыя месцічаў і музейшчыкаў “Камітэт карыстальнікаў” дамаглася, каб Заслаўю былі вернуты гістарычныя назвы вуліц, каб захавалася іх трасіроўка — а разам з ёю і сам дух старажытнага гарадка.

Цяпер жа не ўсё радуе наведвальніка: у гістарычным цэнтры ўвечары можа не гарэць бадай ніводнага ліхтара! Затое, там панаставілі дзіўныя і аляпаватыя лаўкі-альтанкі ў форме “сэрца”, якія ніяк не спрыяюць адчуванню адмысловага genius loci. Ды і мясцовая адміністрацыя, падобна, нават не ведае, што старажытны пляц пад яе вокнамі спакон веку называецца Рынкавы — ва ўсіх афішах згадваецца нейкая Цэнтральная плошча, якой не існуе ў мясцовай тапаграфіі…

Часам з’яўляецца адчуванне, што горад пакуль не вельмі па-сяброўску сустракае сваіх гасцей — ён іх асабліва не чакае і не спрабуе сябе раскрыць, прадэманстраваць свае старажытныя карані. Дык пра якое развіццё турыстычнага патэнцыялу тады можна весці гаворку?

Генадзь ВОХІН