Хэштэг #рэвіталізацыя

№ 38 (1321) 22.09.2017 - 27.09.2017 г

Як тэкстыльную індустрыю пераўтварыць у турыстычную
Лодзь фабрычную многія бачылі, нават не выязджаючы ў Польшчу: намінаваны ў 1976 годзе на “Оскар” фільм Анджэя Вайды “Зямля запаветная” маляўніча выяўляе фабрыкі знакамітага некалі прамысловага цэнтра. Тыя коміны, што былі адзнакай багацця (чым больш іх дыміць над мануфактурай, тым больш грошай у яе ўладальніка), сёння сталі сімвалам горада і здалёк бачнымі пазнакамі арт-кластараў. Цэнтр ваяводства, які не так даўно імкліва пусцеў, пазбавіўшыся сваёй фабрычнай артэрыі, напачатку ХХІ стагоддзя пачаў зноў квітнець на вачах. І ўсё гэта дзякуючы прадуманай праграме рэвіталізацыі — у тым ліку і з культурнай “прышчэпкай” — былых прамысловых аб’ектаў.

/i/content/pi/cult/657/14574/7.jpgКоміны былых дасягненняў

Амбасада Рэспублікі Польшча ў нашай краіне запрасіла журналістаў айчынных мас-медыя на азнаямленчы візіт у Лодзь — пабрацім Мінска. Горад, заснаваны ў ХІІІ стагоддзі, у 1820 годзе быў афіцыйна названы фабрычным. І сапраўды, невялікае мястэчка на вачах ператваралася ў цэнтр тэкстыльнай прамысловасці. Гэты перыяд апісаны ў рамане нобелеўскага лаўрэата Уладзіслава Рэйманта, які стаў літаратурнай асновай кінастужкі Вайды. Толькі апынуўшыся ля тых велічных сцен, што патрапілі ў кадры польскага кінакласіка, разумееш маштабы прамысловай рэвалюцыі: фабрычныя гіганты займалі дзясяткі гектараў, рэкорд жа пабіла баваўняная фабрыка Карла Шэйблера, якая раскінулася на 500 га — па сутнасці, на 14% тэрыторыі горада!

І ўсё ж, прамысловы размах не змог забяспечыць Лодзі бясхмарнае жыццё. У выніку новых эканамічных павеваў фабрыкі сталі занепадаць, і неўзабаве калісьці залатаносныя будынкі паглядалі на новых жыхароў горада пустымі вачніцамі вокан. Тады надламаныя адсутнасцю жыцця фасады і кульгавыя лесвіцы цешылі вока адно толькі студэнтаў вядомай на ўвесь свет кінашколы Лодзі (сённяшнюю вышэйшую Дзяржаўную школу кіно, тэлебачання і тэатра імя Леона Шылера скончылі ў свой час такія знакамітасці, як Раман Паланскі, Кшыштаф Занусі і той жа Анджэй Вайда).

Над адным з буйнейшых горадоў Польшчы дамоклавым мячом вісеў лёс амерыканскага Дэтройта, але ў ХХІ стагоддзі палякі знайшлі свой адметны шлях: у Лодзі ва ўсіх на вуснах слова “рэвіталізацыя”, якое ў дадзеным выпадку азначае наданне індустрыяльным аб’ектам новага жыцця.

Арт-прастора замест станкоў

/i/content/pi/cult/657/14574/6.jpgНепадалёк ад асноўнай турыстычнай вуліцы Пётркоўскай пуставала фабрыка Ізраэля Пазнаньскага. Калі палацу фабрыканта — эклектычнаму лодзенскаму “Луўру” —яшчэ ў 1975 годзе знайшлі прымяненне ў якасці Музея гісторыі горада, то прамысловыя карпусы былога гіганта былі незапатрабаванымі амаль да Міленіума. Тады тэрыторыю выкупіла французская кампанія і занялася карпатлівай рэвіталізацыяй цэхаў. У выніку адкрылася “Мануфактура” — комплекс з 13 гістарычных будынкаў і навабуду гандлёвага цэнтру. За 11 гадоў свайго існавання яна паспела атрымаць прэстыжную ўзнагароду Польскай турыстычнай арганізацыі і ўвайшла ў склад сеткі ERIH (Еўрапейскі маршрут індустрыяльнай спадчыны).

Відавочна, што поспех комплексу — у ідэальным спалучэнні камерцыйных аб’ектаў з культурнымі ўстановамі. Мяркуйце самі: сёння ў друкарні, дзе калісьці наносілі фарбавыя адбіткі на тканіны, побач з танцавальнымі студыямі, інтэрактыўным музеем навукі, іншымі турыстычна-забаўляльнымі цікавосткамі дзейнічае змястоўны Музей фабрыкі са 140-гадовымі ткацкімі станкамі. Шмат старадаўніх будынкаў займаюць рэстараны, сувенірныя крамы, фітнэс-цэнтры. У прадзільным цэху, дзе некалі Вайда здымаў уражвальныя прамысловыя сцэны, — эксклюзіўны гатэль і канферэнц-цэнтр. На тэрыторыі ёсць таксама шматзальны кінатэатр, тэатральная пляцоўка, названы вышэй Музей горада Лодзі з цудоўнай лаўндж-зонай у садах палаца Пазнаньскага і Музей мастацтваў MS2.

Апошні месціцца ў былым ткацкім цэху, прапануючы наведвальнікам калекцыю сучаснага мастацтва. У ёй, дарэчы, нямала работ Уладзіслава Страмінскага — знакамітага авангардыста і тэарэтыка ўнізма, які нарадзіўся ў Мінску. Калекцыя сучаснага мастацтва таксама прадстаўлена і ў палацы Пазнаньскага, дзе беларусам будуць асабліва цікавыя арыгіналы Марка Шагала.

У “Мануфактуры” я бачу магчымую будучыню для вуліцы Кастрычніцкай у Мінску, для шматлікіх беларускіх райцэнтраў з закінутымі прамысловымі будынкамі, якім так і не знаходзіцца прымянення. Зразумела, Лодзь — не першапраходзец у рэвіталізацыі індустрыяльных аб’ектаў: з варыянтамі іх перапрафілявання можна сутыкнуцца ў многіх краінах свету. Сутнасць польскага ўзору  — у падтрымцы камерцыйнымі ўстановамі культурных феноменаў. Гэта той выпадак, калі грошы, укладзеныя адной кампаніяй, пачынаюць прыцягваць у горад дадатковае фінансаванне з розных крыніц, якое накіроўваецца на іншыя тамтэйшыя праекты. У выніку, горад паступова змяняе сваё аблічча і культурнае напаўненне.

Электрастанцыя ад Дэвіда Лінча

Будынак першай гарадской электрастанцыі Мінска разабралі пад узвядзенне гатэлю, які дасюль так і не адкрыўся. У цэнтры Лодзі выспа непрацуючай электрастанцыі, якая давала гораду энергію з 1907 па 2001 год, доўгі час муляла вока гараджанам.

Журналісты з Беларусі сталі аднымі з першых наведвальнікаў перабудаванага аб’екту: для шырокай публікі цэнтр яшчэ не адкрыты. Муры электрастанцыі і комін пакінулі ў першапачатковым выглядзе, упісаўшы іх у сучасную архітэктуру. Рэвіталізацыя закранула не толькі будынак, але і вялікую прылеглую тэрыторыю, на якой з’явіліся рэкрэацыйныя зоны і арт-аб’екты ў індустрыяльным стылі. Праект даверылі вядомаму архітэктару з Люксембурга Робу Крые. Той падчас працы шмат раіўся з польскімі і замежнымі дызайнерамі, а таксама з выдатнымі дзеячамі мастацтва — у прыватнасці, з самім Дэвідам Лінчам!

Кіраўнік аддзела маркетынгу ЕС-1 Міхал Кендэрскі распавядае, што комплекс гатовы недзе на 70%: “Працуе ўжо ўсходняе крыло з канферэнц-заламі для дзелавых сустрэч, заходняе крыло з інтэрактыўным Музеем навукі і тэхнікі, які дазволіць дзецям і дарослым даведацца пра здабычу энергіі, пра розныя хімічныя і фізічныя працэсы. Яшчэ праз два гады завершыцца будаўніцтва Нацыянальнага цэнтра кінамастацтва”. Нездарма назва цалкам гучыць, як “ЕС-1 — Лодзь — Горад культуры”.

Яшчэ тут будзе дзейнічаць найсучасныя планетарый і кінатэатр, тэатральная пляцоўка, цэнтр коміксаў і камп’ютарных гульняў. Былую машынную залу пакінулі амаль не кранутай, толькі пад самай столлю дадалі шкляную канструкцыю для бізнес-перамоў. Па словах спадара Міхала, кафля на сценах і падлозе захавалася са старых часоў, месцы, дзе раней стаяла прамысловае абсталяванне, абазначаны драўлянымі насціламі. Асабліва ўражвае арыгінальная дубовая лесвіца з парэнчамі ў стылі арт-нуво. Сёння яна стала дэкарацыяй для шматфункцыянальнага памяшкання: тут можна даваць спектаклі, ладзіць канферэнцыі ці навукова-асветніцкія выставы.

Пакуль велічная тэрыторыя пустуе, аднак нешта мне падказвае, што электрастанцыя, якая яшчэ дзясятак гадоў таму псавала аблічча цэнтра, у хуткім часе стане адметнасцю горада, па якой Лодзь будуць пазнаваць у свеце.

Схаваць вакзал, каб…

…знайсці ў цэнтры горада тэрыторыю ў 100 гектараў пад новыя аб’екты. Напрыклад, для мерапрыемстваў выставы International EXPO-2022, на правядзенне якой Лодзь падала заяву і стала асноўным кандыдатам — нароўных з аргентынскім Буэнас-Айрасам і амерыканскім Мінеапалісам. Як паведаміла журналістам супрацоўнік аддзела EXPO-2022 мэрыі Лодзі Марта Пжывара, перабудова чыгуначнай станцыі “Лодзь фабрычная” падаравала гараджанам не толькі самы сучасны вакзал у Еўропе, але і абшар, на якім ствараецца новы цэнтр старадаўняга горада. “Гэта дае нам рады збалансаваць для гараджан працоўныя магчымасці і культурны адпачынак. А ў дачыненні да EXPO — сканцэнтраваць асноўныя мерапрыемствы міжнароднай выставы на адной тэрыторыі”, — дадала суразмоўца.

Першы віцэ-мэр Лодзі Томаш Трэла бачыць у магчымай перамозе шыкоўны патэнцыял: “Дадатковае фінансаванне паскорыць перапрафіляванне і рэстаўрацыю былых прамысловых комплексаў. 80% будынкаў, якія рыхтуюць да міжнароднай падзеі, будуць надалей эксплуатавацца горадам. Да ўсяго, сусветная падзея прывядзе ў Лодзь шмат турыстаў”.

Ужо сёння пры грашовай падтрымцы Еўрасаюза рэвіталізацыя пашырылася з адзінкавых аб’ектаў на цэлыя кварталы. У новым цэнтры ўзводзіцца “Брама места” — бізнес-цэнтр з прыцэлам на буйныя кампаніі, што прывядуць за сабой у Лодзь новыя інвестыцыі. Стварэнне годнай інфраструктуры прывабіла ў горад, які знаходзіцца ўсяго ў гадзіне язды ад Варшавы, сур’ёзных гульцоў. У Лодзі пачалі адкрывацца філіялы вялікіх кампаній, і гэта змяніла характар міграцыйных працэсаў: 20 гадоў таму мясцовыя жыхары за лепшай доляй цягнуліся ў сталіцу, сёння ж многія офісныя работнікі прыязджаюць з Варшавы ў цэнтр суседняга ваяводства. Вось яшчэ адзін просты сакрэт, як выратаваць малыя беларускія гарады ад відавочнай залежнасці ад Мінска.

Разумею, што ў Барысаве, Слуцку ці іншым беларускім райцэнтры не той размах прамысловых аб’ектаў ды крыніц фінансавання (у параўнанні з Еўрасаюзам), але прыклад Лодзі ўсё адно можа быць для нас карысным. Багатая гісторыя і наватарскі погляд на захаванне прамысловай спадчыны здатныя прыцягнуць у горад людскія рэсурсы, пазабюджэтнае фінансаванне і адначасова даць штуршок для новага вітку развіцця культурных аб’ектаў па-за межамі сталіцы.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"