Канал як алегорыя

№ 38 (1321) 22.09.2017 - 27.09.2017 г

Тры гады таму даводзілася ладзіць трансгранічны прэс-велатур, скразной лініяй сюжэту якога стаў Аўгустоўскі канал. На яго беларускай частцы было, мякка кажучы, нешматлюдна. Таму помнік інжынернай думкі нагадаў мне нейкі складаны і карысны агрэгат, які, аднак, пакуль прастойвае ў гаражы. Бо, як выявілася, мала толькі аднавіць — трэба яшчэ і знайсці адпаведнае турыстычнаму попыту прыстасаванне. Невялікі адрэзак канала наўрад ці здатны стаць самадастатковым тураб’ектам. А вось калі злучыць беларускую і польскую часткі — тады водны шлях стане ўвасобленай алегорыяй цеснага супрацоўніцтва паміж краінамі.

Сёлета пабываў у тых мясцінах ізноў — і, як падалося, пэўны прагрэс відавочны. У кожным разе, канал усё часцей становіцца цэнтрам культурных і грамадскіх падзей. Прычым той імідж, які даволі паслядоўна (хай, можа, і не надта актыўна) ствараецца вакол канала, цалкам трапляе ў сусветныя трэнды: міжэтнічны дыялог, экалагічнасць і дэмакратычнасць у побыце.

Што асабліва прыемна, у авангардзе гэтых працэсаў — гродзенскія работнікі культуры. Сёлета іх традыцыйны фестываль “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў” узбуйніўся, увабраўшы ў сябе некалькі рэгіянальных імпрэзаў і, у дадатак, дапоўніўся велапрабегам, ініцыяваным прадстаўніком ПРААН у Беларусі Санакам Самарасінхам. Як прызнаўся дыпламат, месца для гэтай ініцыятывы было шмат у чым абумоўлена яго асабістымі ўпадабаннямі: спадар Санака з першага погляду палюбіў Гродна і стаў нярэдка наведвацца туды з сям’ёй у вольны час. Аднойчы старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў запрасіў яго на Аўгустоўскі канал.

— Калі вы запрашаеце ў госці ланкійца, будзьце пэўныя, што ён прыхопіць з сабою сяброў, — пажартаваў спадар Санака. — Сёння я іх прывёз сюды ажно чатырыста!

Паўдзельнічаць у велапрабегу маглі ўсе ахвотныя. У іх ліку апынуліся міністры і шматлікія дыпламаты, якія ў сваіх велатрыко і шлемах мала вылучаліся ў пярэстым шэрагу раварыстаў. І калі канал замацуе рэпутацыю гэткага месца для сустрэч у фармаце “без гальштукаў”, гэта будзе моцны плюс для яго іміджу ў вачах простых турыстаў.

Турызм на канале яшчэ не набыў “прамысловых маштабаў”, адпаведных укладзеным у яго рэканструкцыю рэсурсам. Гэта здарыцца тады, калі па воднай артэрыі з рэгулярнасцю электрычак пачнуць хадзіць катэры з Гродна ў Аўгустаў — а ў тым, што такі арыгінальны спосаб перасячэння мяжы будзе запатрабаваным і беларусамі, і палякамі, і транзітнікамі, не выпадае і сумнявацца. Так, мары-мары, але… ізноў жа, зрухі ёсць. Падобнае падарожжа ўжо прапануе адна турфірма (што праўда, польская). Ды і берагі нашай часткі канала паціху становяцца падобнымі на тую.

І ў Польшчы, і ў нас акцэнт зроблены не на вялікія туркомплексы (калі не памыляюся, усе інвестпраекты па будаўніцтве апошніх паспяхова праваліліся, і… можа, яно да лепшага?), а на ўтульныя і ціхія аграсядзібы, адасобленыя ад навакольнага свету. Прайшоўшы ад канала пару соцень метраў па лесе, трапляю ў адну з іх — “Тартак”. Яе гаспадар Андрэй пару гадоў таму ўцёк з тлумнага горада, вырашыўшы кардынальна памяняць сферу дзейнасці. Збудаваў на маляўнічым узгорку дом, упрыгожыў яго сцены малюнкамі дачкі ды стаў прымаць гасцей. Нястачы ў іх не адчувае, асабліва пасля ўвядзення пяцідзённага “бязвізу” для замежнікаў.

— Думаю, ужо неўзабаве прыйдзе той час, калі Аўгустоўскі канал будзе прыносіць Беларусі не меней грошай, чым які-небудзь буйны завод, — пераканана кажа мне беластоцкі фатограф Марэк Тамашук — новы знаёмы, які з’явіўся ў мяне дзякуючы фэсту.

Марэк, дарэчы, патрапіў у гэтыя мясціны ў якасці ўдзельніка пленэру, арганізаванага легендарным гродзенскім фатографам і грамадскім дзеячам Аляксандрам Ласмінскім. Менавіта яго справядліва лічаць “адкрывальнікам” канала для нашых сучаснікаў. І паслухаўшы ягоныя аповеды пра тое, у якім стане знаходзіўся гэты аб’ект пару дзясяткаў гадоў таму, разумееш, што прагрэс, як ні круці, відавочны. Хаця і не такі хуткі, як бы таго хацелася.