Да новых сустрэч, дарагія!

№ 38 (1321) 22.09.2017 - 27.09.2017 г

З 7 па 11 верасня на Беларусі гасцявалі землякі з 19 далёкіх і блізкіх краін. Трэці фестываль мастацтваў беларусаў свету, які прысвячаўся 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, 135-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа, 950-годдзю з дня заснавання Мінска, сабраў болей за дзве сотні нашых суайчыннікаў.

/i/content/pi/cult/657/14569/2.jpg

Праграма фэсту была неверагодна насычанай: урачысты прыём гасцей фестывалю ад імя Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова, цырымонія адкрыцця памятнага знака, выставы, экскурсіі, творчая сустрэча ў музеі Янкі Купалы пісьменнікаў і паэтаў беларусаў замежжа з сябрамі Саюза пісьменнікаў Беларусі, канцэрт “Беларусы замежжа віншуюць сталіцу” на сцэнічнай пляцоўцы каля Мінскай гарадской ратушы, а таксама гастрольны тур калектываў і выканаўцаў беларусаў замежжа па рэгіёнах краіны.

Адкрыццё фестывалю ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі выявіла сапраўдны россып талентаў сярод беларусаў замежжа. Удзельнікі віталі заслужаных артыстаў Кыргызскай Рэспублікі Юлію Руцкую, Рэспублікі Малдова Маргарыту Івануш, прафесійных музыкантаў з Люксембурга цымбалістку Таццяну Ялецкую і піяністку і кампазітара Таццяну Зелянко ды многіх іншых.

Канцэрту папярэднічаў вернісаж выставы дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва беларусаў замежжа. Яе аўтарамі сталі як прафесіяналы, так і аматары. Іх узрост таксама адрозніваўся. Але ўвагу публікі прыцягнула як ювелірная апрацоўка каменя і металу заслужанага мастака з Крыма Пятра Якубука, якому на днях спаўняецца 80 гадоў, так і праца студэнткі Расійскай акадэміі жывапісу і архітэктуры Яніны Піётух з Яраслаўля, якая падаравала музею Якуба Коласа партрэт народнага паэта.

Канцэрты на мінскай плошчы Свабоды ды ў рэгіёнах таксама прынеслі багата адкрыццяў. Прасякаешся любасцю да нашых суайчыннікаў, якія з пакалення ў пакаленне перадаюць аўтэнтычныя спевы, жывучы за тысячы кіламетраў ад гістарычнай радзімы: у Сібіры, Прымор’і, Алтаі, Казахстане… Добрым узорам тут з’яўляецца фальклорны ансамбль “Вячоркі” з Цюменскай вобласці. Яго ўжо немаладыя ўдзельніцы цудоўна выконваюць песні тых беларускіх краёў, ад якіх яшчэ ў часы сталыпінскай рэформы адарваліся іх бацькі.

Уразілі і самыя маладыя ўдзельнікі фестывалю — вакальна-харэаграфічны ансамбль “Пірхэй Ашдод” (“Кветкі Ашдода”) з Ізраіля, якія па-дзіцячаму шчыра цікавяцца ўсім беларускім ды спалучаюць у рэпертуары і нашыя, і яўрэйскія матывы. Цудоўная спявачка — а таксама і дырэктар Навасібірскага цэнтра беларускай культуры — Настасся Дзяменцьева па-беларуску выканала “Белую Русь” з рускамоўнага рэпертуара Анжалікі Агурбаш. А ансамбль “Надзея” з Латвіі спявае Auga, auga ruzena як па-беларуску, гэтак і па-латгальску.

Бадай, самым прыкметным (прынамсі, паводле знешнасці) удзельнікам фестывалю можна назваць старшыню Грамадскага аб’яднання “Нацыянальна-культурная аўтаномія Барнаула” Мікалая Крысковіча, які даўно жыве на Алтаі, але не забывае пра родныя Асіповічы. З шыкоўнай барадою, у вышыванцы і шырокім брылі, ён эфектна дэкламаваў свае вершы па-беларуску.

Удзельнікі фестывалю не толькі выявілі свае творчыя здольнасці, але і са шчырай зацікаўленасцю пазнаёміліся з набыткамі культуры Беларусі. Наведванне музеяў і экскурсіі па гістарычных адметнасцях выклікалі ў іх шчырае захапленне. Менавіта з гэтым пачуццём яны выправіліся ў тыя мясціны, якія сталі іх другой радзімай, спрыяючы папулярызацыі культурных каштоўнасцей беларусаў за межамі краіны. І пры развітанні літаральна ўсе выказвалі спадзяванні на новыя сустрэчы.

Алесь ЛОЗКА,
начальнік аддзела
Рэспубліканскага цэнтра
нацыянальных культур