Як раз на гэтым тыдні — 15 жніўня — Індыя адсвяткавала Дзень незалежнасці. Менавіта пасля таго, як у 1947 годзе яна пазбавілася статусу брытанскай калоніі, пачалося адраджэнне традыцыйных рамёстваў, якія на той момант практычна перасталі існаваць. Такі гістарычны паварот мае вырашальнае значэнне і для індыйскай калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея, бо асноўную і найцікавейшую частку гэтага збору складаюць экспанаты 1940 — 1960-ых гадоў (але ёсць і тыя, што датуюцца XVIII-XIX стагоддзямі). Дарэчы, Саксэн Панкадж зрабіў той прыгожы падарунак у выглядзе сланоў з нагоды 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Індыяй і Беларуссю.
Сланы — не першы ў індыйскай калекцыі дар. Уласна, з падарункаў яе гісторыя і распачалася. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў якасці жэста салідарнасці нашаму музею перадавалі шмат рэчаў з Эрмітажа, Рускага музея, Траццякоўскай галерэі ды іншых збораў, але адны з найбольш каштоўных артэфактаў прыйшлі ў 1960-х гадах з маскоўскага Музея народаў Усходу. Знакамітаму тагачаснаму дырэктару Мастацкага Алене Аладавай удалося выбраць у яго фондах рэчы для Беларусі. Самыя “старыя” экспанаты калекцыі індыйскага мастацтва — якраз з Музея Усходу. Сярод іх — узоры ткацтва, разнастайныя выкшталцоныя аксесуары, мармуровы макет Тадж-Махала ды многае іншае.
Маю асаблівую ўвагу прыцягвае жоўтае сары, вырабленае ў 1950-ых гадах у Бамбеі (сёння Мумбаі). Прыгадваю, што жоўты колер, для якога індыйцы са старажытных часоў выкарыстоўвалі куркуму, барбарыс, амарант і іншыя натуральныя фарбавальнікі, у многіх абласцях Індыі лічыцца колерам вясны. У фондзе музея захоўваецца таксама асаблівы від сары - лунгі, зроблены ў 1950-х з шоўка эры.
— У нас сапраўды добрая калекцыя індыйскага ткацтва, — кажа ўсходазнаўца і вядучы навуковы супрацоўнік аддзела рускага і замежнага мастацтва музея Алена Сянькевіч. — Яна паказвае, як выглядаў гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на тэрыторыі — не пабаюся гэтага слова — усёй Індыі, як ён развіваўся цягам тысячагоддзяў. Таму што тэхналогія і каляровае рашэнне ў стварэнні каламкары, ткацтве шоўку, вышыўцы розных рэгіёнаў поўнасцю адпавядаюць старажытным.
Уласныя традыцыі мастацкага ткацтва ў Індыі ўласцівыя не толькі рэгіёнам, а асобным гарадам і часам нават вёскам. Ткацтва, ткані і ткачы ўзгадваюцца ў помніках ведычнай, эпічнай і палітычнай старажытнаіндыйскай літаратуры — уключаючы і небезвядомую “Камасутру”.
Сярод найбольш каштоўных узораў індыйскага ткацтва — шаўковая вясельная шаль, вышытая срэбнымі ніткамі. А храмавыя завесы каламкары — ручное ткацтва з набіванкай і роспісам — можна ўвогуле лічыць цвіком калекцыі. У цэнтры некаторых з іх — круглая альбо ў выглядзе лотасу разетка, што з’яўляецца рэдкасцю нават у самой Індыі. У тым жа Музеі мастацтва народаў Усходу ўзор каламкары мае фрызавую кампазіцыю — можна сказаць, у палоску — а такія, як у нас, разеткі можна знайсці, напрыклад, у Музеі Вікторыі і Альберта ў Лондане.
Гэтыя каламкары трапілі ў фонд з прыватнай калекцыі. У сярэдзіне 1980-ых музей, ужо зацікаўлены ў тым, каб яго зборы не выглядалі “рванымі”, набыў шмат рэчаў з прыватных рук у Маскве і Мінску. Так сюды трапіла і індыйская кераміка Заходняй Бенгаліі, жывапіс на шоўку ў стылі раджастанскай мініяцюры, вельмі распаўсюджанай у Індыі, і патачытры — палотны, пакрытыя грунтам і распісаныя мінеральнымі фарбавальнікамі. Іх аўтар Чандрыях Накаш Чытра — вядомы ў Індыі майстар, чые творы захоўваюцца ў многіх музеях свету. Для іх уласцівыя вялікі памер, прадаўгаватая форма і рэлігійныя сюжэты. На згаданай раджастанскай мініяцюры акварэллю адлюстраваны выезд Раджы і прынцэсы Рані ў крэпасць, Крышна і Радха з дзяўчатамі і іншыя сцэны.
Тады ж, у 1980-х гадах, музеем былі набытыя дэкаратыўныя драўляныя блюда і паднос 1976 года з Кашміра, дзе распаўсюджана тэхніка нанясення на дрэва неглыбокага рэльефнага арнаменту, зазвычай у выглядзе лістоў і кветак. А шчыт 1950-х гадоў са сцэнамі палявання, створаны ў традыцыйнай тэхніцы ў штаце Раджастан, выглядае як частка амуніцыі сярэднявечнага воіна.
Маючы багатыя залежы медзі, волава, золата і срэбра, Індыя развіла разнастайныя віды мастацкай апрацоўкі металаў, што ў першую чаргу выкарыстоўвалася ў вытворчасці рэчаў штодзённага побыту, даспехаў і зброі, рытуальных прадметаў і ў ювелірнай справе. Дарэчы, мужчыны на землях Індыі некалі насілі столькі ж альбо нават больш упрыгожванняў, чым жанчыны. З гэтай нагоды ўзгадаю набытае музеем у прыватнай калекцыі срэбнае калье з пятнаццацю пласцінамі ў выглядзе сланоў (у старадаўнія часы выявы жывёл, зробленыя з каштоўных металаў, маглі служыць заменай жывых ахвярапрынашэнняў). Тое адносна сучаснае індыйскае мастацтва, што захоўваецца ў фондзе Нацыянальнага мастацкага музея, апелюе да ранейшых сэнсаў і часам выглядае абсалютна як сярэднявечны выраб.
Апошнюю на сёння выставу індыйскага мастацтва музей ладзіў сумесна з пасольствам Індыі. Дары, якія перадаў тады пасол Тара Сінгх, папоўнілі калекцыю музея металічнымі і драўлянымі вырабамі, ткацтвам. Яшчэ адно папаўненне калекцыі музея адбылося некалькі гадоў таму праз мытню аэрапорта, якая канфіскавала і перадала музею індыйскія тканіны, шкатулкі, лакіраваных сланоў. Музею пашанцавала таксама набыць у прыватнай асобы некалькі індыйскіх мініяцюр XVIII стагоддзя.
Нарэшце, фонд Нацыянальнага мастацкага музея можа даць пэўнае уяўленне пра рытуальныя вырабы Індыі — тут захоўваюцца невялікія скульптуры ў выглядзе багоў Рамы альбо Шывы з Раджастану і Паўночнай Індыі.
Па словах Алены Сянькевіч музейныя калекцыі мастацтва ўсходніх краін — фрагментарныя. Што не значыць — непрывабныя. Традыцыйныя віды індыйскіх мастацкіх рамёстваў — ткацтва, вырабы з металу і дрэва — хай і не ва ўсёй паўнаце, але прысутнічаюць. Застаецца толькі дачакацца, калі шматкаляровыя тканіны, упрыгожванні і жывапіс з “краіны золата і каштоўных камянёў” можна будзе на свае вочы ўбачыць шырокаму колу наведвальнікаў.
Сафія ПАЛЯНСКАЯ