Рэвельскі Монтэ-Крыста

№ 34 (1317) 26.08.2017 - 01.09.2017 г

Брат аўтара “Пінскай шляхты” — спадчыннік Малдаўскага прастола
Безумоўна, вынесенае ў падзагаловак сцверджанне носіць правакацыйны характар. Аднак яно не такое абсурднае, як гэта можа здацца. У 2011 годзе на тэлеэкраны выйшаў расійскі серыял Уладзіміра Бартко “Пётр Першы. Запавет”. Хутчэй за ўсё, самай запамінальнай сюжэтнай лініяй гэтага серыяла з’яўляецца інтымная сувязь Пятра I і маладой княгіні Марыі Канцямір, якую сыграла Лізавета Баярская. Тата Міхаіл стаў і яе кіношным бацькам, гаспадаром Малдавіі князем Дзмітрыем Канстанцінавічам Канцямірам. Натуральна, ёсць у фільме і кадры з малодшым сынам князя — маладым Антыёхам. А ён, ні многа ні мала, — першы грамадзянскі паэт Расіі! Здавалася б, што можа быць агульнага паміж гэтай гісторыяй і галоўнай тэмай нашага серыяла “Сямейныя таямніцы Дуніна-Марцінкевіча”? Паміж першапраходцамі ў рускай паэзіі — і ў беларускай. У чытачоў “К” ёсць магчымасць даведацца пра гэта першымі.

/i/content/pi/cult/653/14504/15.jpg

Міжканфесійны шлюб

У лютым 1804 года да сябра Свяцейшага Сінода мітрапаліта Амброзія звярнуўся з прашэннем лейтэнант балтыйскага вяслярнага флоту Ігнат Іванавіч Марцінкевіч, каталіцкага веравызнання. У Расіі гэтае прозвішча часцей пісалі праз літару “т”, а не “ц”, што часам нават прымала форму “Мартынкевич” — менавіта такі варыянт чытаецца і ў асабістым подпісе Ігната. Адзінакроўны брат нашага класіка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча прасіў аб наступным: “Маю я намер злучыцца законным першым шлюбам з адстаўнога палкоўніка князя Дзмітрыя Канцяміра дачкой, дзяўчынаю Сафіяй, якая вызнае грэка-расійскую веру, без перамены закона майго”. Цікава, што ні адно з вядомых мне генеалагічных даследаванняў княжаскага роду Канцяміраў нават не згадвае пра існаванне ў Дзмітрыя дачкі, часцей за ўсё наогул абвяшчаючы яго ці нежанатым, ці бяздзетным.

27 лютага адбылося паседжанне Санкт-Пецярбургскай духоўнай кансісторыі, якое пастанавіла: “Ад роду яму 32-гі год, нарадзіўся ў горадзе Вільні, бацька ягоны Іван Марцінкевіч ротмістр, а маці Людавіка Рыкачэўская, якая ўжо памерла, а бацька знаходзіцца ў жывых і знаходзіцца ў каталіцкім законе, у якім і ён народжаны і выхаваны, жанаты не быў, і калі дазволена будзе яму спалучыцца законным першым шлюбам з дзяўчынаю Сафіяй... то ён... абавязваецца па злучэнні шлюбам ва ўсё сваё жыццё гэную сваю жонку ні спакусамі, ні ласкай, ні іншымі відамі ў свой каталіцкі закон не схіляць і за ўтрыманне праваслаўнай веры ніякай ёй знявагі і дакоры не чыніць. Калі ад іх, Ігната і Сафіі, будуць нараджацца дзеці, то гэтых хрысціць у праваслаўную веру, і ад маленства гадуючы, навучаць кожнага праваслаўнай царквы ўсходняй звычаю, а ў свой каталіцкі закон не пераводзіць, і па сямі гадах ад нараджэння для споведзі і святога прычасця прадстаўляць расійскай царквы святарам. І ўсё гэта паказаў ён як самую шчырую праўду пад страхам паказанага законам штрафу”.

28 лютага 1804 года маладыя вянчаліся ў царкве ў імя Святой Жыццепачатнай Троіцы ў Галернай гавані, якая знаходзілася на Васільеўскім востраве ў Санкт-Пецярбургу. Можам выказаць здагадку, што на гэтай знакавай падзеі прысутнічалі ўсе сваякі Марцінкевіча, якія жылі тады ў расійскай сталіцы, уключаючы мітрапаліта Станіслава Богуша-Сестранцэвіча, сястры якога Ганне Ігнат даводзіўся ўнукам. Хутчэй за ўсё, улічваючы важнасць падзеі (усё-такі, вяселле старэйшага сына!), на вяселлі гуляў і сам Ян Марцінкевіч. Але ў дадзеным выпадку нас больш цікавяць новыя сваякі гэтай сям’і па лініі нявесты.

Нашчадак Едыгея

Гісторыя роду Канцяміраў вымагае хаця б кароткага экскурсу. Ужо згаданы намі таварыш Пятра І Дзмітрый нарадзіўся ў XVII стагоддзі ў сям’і гаспадара (так называлася вышэйшая пасада) Малдаўскага княства Канстанціна. У тыя часы Малдова знаходзілася ў залежнасці ад Асманскай імперыі, і першая асоба княства выбіралася ў Стамбуле. Натуральна, па прынцыпе найбольшай адданасці. А інтрыгі ў сталіцы велізарнай дзяржавы часта прыводзілі да таго, што кіраўнікі проста з трону адпраўляліся ці ў турму, ці нават на плаху. Прыкладам, Дзмітрый, абраны гаспадаром пасля смерці бацькі, з першай спробы пратрымаўся на троне ўсяго тры тыдні, а затым апынуўся ў вязніцы разам з братам Антыёхам. Праўда, дзякуючы сваім сувязям і багатым падарункам, яны хутка адтуль выйшлі. У будучыні кожнаму было наканавана займаць гэты прастол ажно па два разы.

Разумеючы хісткасць свайго становішча на малдаўскім троне, Канцяміры сталі шукаць новых моцных саюзнікаў і ўбачылі лепшым варыянтам праваслаўную Расійскую імперыю. Доўгая падпольная разведвальная праца братоў скончылася тым, што паміж Пятром I і Канцямірамі 3 красавіка 1711 года быў заключаны сакрэтны Луцкі дагавор. Дакумент прадугледжваў вызваленне Малдавіі ад асманскага валадарства і яе пераход пад пратэктарат Расіі. Княству акрамя тэрытарыяльных набыткаў былі абяцаны самастойнасць ва ўнутраных справах і, што асабліва важна для гэтага артыкула, вечнае замацаванне малдаўскага трона за кіруючай дынастыяй Канцяміраў.

Аднак Пруцкі паход Пятра I скончыўся паразай. Расія не толькі не здабыла Малдавію, але і страціла нядаўна заваяваныя Азоў і бераг Каспійскага мора. Дзмітрый Канцямір і каля 1000 яго баяраў вымушаныя былі эміграваць у Расію. Там гаспадар быў узведзены ў княжую годнасць, надзелены маёнткамі пад Масквой і ў Харкаўскай губерні і прызначаны сенатарам. Рэшту жыцця ён правёў, робячы ўсё магчымае для ажыццяўлення сваёй мары па вяртанні на трон Малдавіі. У прыватнасці, Дзмітрый праводзіў вялікую ідэалагічную работу, прапаведуючы ідэю вызвалення хрысціянскіх народаў ад прыгнёту мусульман. Ён шмат пісаў пра гісторыю сваёй радзімы і Асманскай імперыі (яго лічаць першым расійскім усходазнаўцам), а таксама і ўласнага роду. Аднак сёе-тое яму давялося ўтаіць альбо нават сфабрыкаваць. Прынамсі, так лічаць сучасныя даследчыкі.

Князь Дзмітрый у сваіх працах сцвярджаў, што яго продкам быў ніхто іншы, як сам хан Цімур, ён жа Тамерлан — адзін з найвялікшых заваёўнікаў за ўсю гісторыю чалавецтва. І сапраўды, у самім прозвішчы Канцямір лёгка чуецца “хан Цімур”. Аднак у сваёй кнізе “Эпоха і новая трактоўка радаводу Канцяміраў: канец XIV — першая палова XVII стст.” малдаўскі навуковец і дыпламат Фёдар Ангелі, вывучыўшы турэцкія архівы, прыйшоў да высновы, што карані Канцяміраў вядуць не да Тамерлана, а да эміра Едыгея з племя Мансураў Вялікай Нагайскай арды. Ён кіраваў Залатой Ардой больш за 20 гадоў. У сваю чаргу, карані Едыгея ўзыходзяць да Нагая, праўнука хана Джучы, старэйшага сына Чынгізхана. “Канцямір” з нагайскай мовы перакладаецца як “Жалезны хан”. Насуперак сцверджанням некаторых гісторыкаў, ніякіх славянскіх ці грэчаскіх каранёў у Канцяміраў не было.

Дзед Дзмітрыя Канцямір Арасланоглу або Канцямір-мурза — намеснік асманскай правінцыі Сілістра, заснавальнік і першы кіраўнік Буджацкай (Акерманскай альбо Белгарадскай) арды, вядомая ў гісторыі асоба. У 1637 годзе ён скончыў сваё бурлівае жыццё на шыбеніцы, апынуўшыся там па загадзе султана Мурада IV. Менавіта гэты факт мог паслужыць штуршком да пераходу яго сына ў праваслаўе.

Бацька Сафіі быў унучатым пляменнікам персанажа Міхаіла Баярскага. Адстаўны палкоўнік, які таксама меў імя Дзмітрый, і сам мог бы стаць персанажам рамана або фільма. Баявы афіцэр, герой некалькіх руска-турэцкіх войнаў — і шматгадовы вязень Рэвельскай крэпасці (Рэвель — цяпер горад Талін). Прынамсі, пра 17 гадоў яго няволі сцвярджаецца ва ўсіх артыкулах пра Канцяміраў.

Апошняя агаворка невыпадковая: яго жыццё поўнае загадак і блытаніны. Прывяду толькі асноўныя спрэчныя моманты:

1. Дзмітрый — сын а) Канстанціна Дзмітрыевіча і б) Канстанціна Антыёхавіча Канцяміра.

2. Дзмітрый — а) апошні з роду Канцяміраў, не жанаты, б) быў жанаты, але бяздзетны і в) быў жанаты, і ў яго быў сын Антыёх.

3. Дзмітрый быў а) вар’ятам і б) ён быў абвешчаны вар’ятам за прэтэнзіі на малдаўскі трон.

4. Дзмітрый а) правёў у крэпасці 17 гадоў і выйшаў на свабоду і б) памёр у турме.

На некаторыя пытанні я ўжо магу даць адказ, а некаторыя патрабуюць дадатковага вывучэння.

Нарадзіўся Дзмітрый Канцямір у 1747 годзе ў сям’і князя Канстанціна Антыёхавіча і яго трэцяй жонкі Сафіі Багданаўны Пасек. Канстанцін у 1738 годзе прыбыў у Расію і стаў на чале малдаўскага корпуса — дабравольніцкага падраздзялення, якое мела свае сцягі і форму ды налічвала каля 1000 байцоў. Корпус прыняў актыўны ўдзел у руска-турэцкай вайне 1735 — 1739 гадоў. 1 верасня 1739 году князь Канстанцін уступіў у Ясы, дзе яго сустракалі як гаспадара — з ключамі ад краіны. Ужо 12 верасня ў рускім лагеры святкавалі вызваленне Малдавіі ад валадарства Асманскай імперыі, аднак з-за міжнароднай абстаноўкі канчатковы захоп гэтай краіны тады адсунуўся ў будучыню.

Ваенныя подзвігі Канстанціна былі ацэненыя па заслугах — ён даслужыўся да чыну генерала-паручніка і парадніўся з самымі зорнымі фаміліямі імперыі. У Кіеве Канстанцін Антыёхавіч каля 1741 года ўступіў у другі шлюб — з Наталляй Іванаўнай Галавіной, дачкой адмірала і паплечніка Пятра I Івана Міхайлавіча Галавіна. Аднак, хутчэй за ўсё, яна неўзабаве памерла, і Канцямір ажаніўся ў трэці раз. Нявесту выбраў не менш зайздросную — сястру генерал-аншэфа Пятра Багданавіча Пасека Соф’ю. Яе пляменніцы былі замужам за аднымі з самых уплывовых людзей свайго часу: Ганна — за Захарам Чарнышовым, а Марыя — за Пятром Паніным. Аднак да галоўнай сваёй мары — вяртання на трон Малдавіі — Канстанцін так і не дажыў: ён памёр у 1776 годзе і пахаваны ў сямейным некропалі роду Канцямір пад Харкавам у вёсцы Рогань, дзе знаходзілася частка іх багатых уладанняў.

У сям’і Канцяміраў памяталі ўмовы дагавора з Пятром I і верылі, што як толькі Малдавія будзе вызвалена і стане дзяржавай пад пратэктаратам Расіі, хто-небудзь з роду Канцяміраў будзе кіраўніком гэтай краіны. Так, у 1736 годзе, калі падчас чарговай руска-турэцкай вайны быў зноў заваяваны Азоў, Марыя Канцямір пісала брату Антыёху, які ўжо на той час быў вядомым рускім паэтам: “...Калі Вам наканавана будзе зрабіцца гаспадаром нашай радзімы, Вы павінны будзеце развітацца з адасобленым жыццём філосафа”. Зрэшты, перасцярогі былі марнымі.

Нядзіўна, што многія Канцяміры выбіралі сабе ваенную кар’еру і праявілі свой гераізм менавіта ў руска-турэцкіх войнах. Падобна на тое, што менавіта гэтая вера слову Пятра I і сыграла злы жарт з Дзмітрыем Канстанцінавічам Канцямірам. Пагатоў, былі абставіны, якія маглі сур’ёзна закружыць яго галаву: усе іншыя нашчадкі двух прызнаных Расіяй гаспадароў Малдавіі князёў Антыёха і Дзмітрыя памерлі яшчэ да сталення будучага цесця Ігната Марцінкевіча.

Такім чынам, у 1780 годзе адзіным прэтэндэнтам на трон Малдавіі стаў палкоўнік князь Дзмітрый Канстанцінавіч Канцямір, якому на той момант быў 31 год. Падобна на тое, што як толькі перспектывы заваёвы Малдавіі сталі рэальнымі, ён заявіў пра свае прэтэнзіі на трон. Аднак у Кацярыны ІІ былі на гэты конт зусім іншыя планы.

Зміцер ДРОЗД,
гісторык, архівіст

Працяг — у наступных нумарах "К".