Скарб са “Скарбніцы” па Кісялёва, 40

№ 35 (1318) 02.09.2017 - 08.09.2017 г

Тут працуюць заканадаўцы нашай сувенірнай моды
Менавіта па сталічнай вуліцы Кісялёва, 40, у зграбным двухпавярховым дамку, знаходзіцца навукова-вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства беларускіх народных рамёстваў “Скарбніца”. Побач — царква Святой Раўнаапостальнай Марыі Магдаліны. Такое суседства дырэктар “Скарбніцы” Марыя Тарайковіч лічыць невыпадковым. Святая Марыя падтрымлівае Марыю, якая разам са сваім калектывам працуе на “Векавыя традыцыі Беларусі”. Менавіта такі слоган упрыгожвае фасад не зусім звычайнага прадпрыемства.

/i/content/pi/cult/652/14482/35 kultura 13 copy.jpg

Незвычайнасць “Скарбніцы” відаць адразу. Канцэнтрацыя творчых жанчын-прыгажунь тут такая, што непадрыхтаваныя мужчыны імгненна забываюцца на прычыну свайго прыходу. Але гэта далёка не ўсё. Сем мастакоў, шэсць ткачых і пяць вышывальшчыц — людзі абсалютна невыпадковыя. “Такіх, — сцвярджае Марыя Тарайковіч, — вы нідзе больш не сустрэнеце. А ткачыхі дык увогуле — лепшыя ў свеце, пра што нам не раз казалі шматлікія кампетэнтныя замежныя спецыялісты”. У гэтым — унікальнасць “Скарбніцы”. Летась прадпрыемства адзначыла саракагоддзе. Яно здолела захавацца пасля вірлівых перабудовачных гадоў, развіцца і стварыць рэнамэ арганізацыі, якая не проста вырабляе якасны нацыянальны прадукт, але і атрымлівае ад гэтага прыбытак.

“Атэлье па індпашыве”

Марыя Тарайковіч — віртуозны дырыжор “маленькага аркестрыка любові” да беларускай традыцыі. Па яе меркаванні, наш нацыянальны сувенір — гэта беларускі сувенір, вынік колішніх рамесніцкіх захадаў, стылізаваны ці рэканструяваны сучаснымі майстрамі. Дарэчы, абодва гэтыя працэсы асвоены тут “на выдатна”. Экспедыцыі па Беларусі — аснова даследчай дзейнасці “Скарбніцы”. Рэканструкцыі строяў, маляванак, ручнікоў — абавязковы элемент навуковага даследавання. Іх прадпрыемству замаўляюць вядучыя музейныя ўстановы краіны. У стылізаваных нацыянальных касцюмах ад “Скарбніцы” выступаюць дзясяткі прафесійных і самадзейных калектываў.

Кожны сувенір — ручной працы, кожны мае індывідуальныя рысы. Таму сваё прадпрыемства жанчыны-прыгажуні называюць “атэлье па індпашыве”. Ніякай паточнай вытворчасці! Гэта вам не безаблічны шырспажыў, які запаланяе нашы кірмашы і рынкі. Супрацьпаставіць гэтаму можна толькі цеплыню рук і душ неабыякавых майстрых, а выключна такія і працуюць у “Скарбніцы”. Яны хочуць найперш, каб Беларусь пазіцыянавала сябе як адметная краіна з непаўторнымі традыцыямі, а не як сярэднестатыстычная шараговая тэрытарыяльная адзінка. Чым не нацыянальная ідэя?!

Тэхналогія і асартымент прыгажосці

Колькі трэба часу, каб адрадзіць спадчынны скарб продкаў і матэрыялізаваць яго ў стылізаваны (рэканструяваны) сучасны сувенір? Ад дваццаці гадзін да трох месяцаў карпатлівых намаганняў. Такі выраб, гарантаванай якасці ды ручной працы, не можна каштаваць танна. Гэта не кітайская падробка, а бездакорнае перастварэнне ўзору высокага беларускага народнага мастацтва.

Давайце прасочым, як усё робіцца. Ды прыкладу, ёсць замова на канкрэтную рэч, скажам, — народны касцюм. Мастак рыхтуе эскіз. Пасля зацвярджэння заказчыкам канструктар распрацоўвае крой вырабу, на якім вышывальшчыца выконвае потым вышыўку. Гатовы крой перадаецца на пашыў. А ёсць яшчэ ўчастак мастацкага ткацтва і роспісу. Менавіта тут, памятаеце, працуюць лепшыя ў свеце ткачыхі? І гэта тэхналагічны ланцужок, па якім праходзіць толькі народны касцюм. Між тым, у асартыменце яшчэ — і сталовыя камплекты, вышываныя ўручную карціны, роспіс па шкле і дрэве, саломкапляценне, рэканструкцыя слуцкіх паясоў і іх элементаў, інкрустацыя саломкай. Усё якаснае, вытанчанае, блізкае сэрцу і беларускай душы.

Вы ведаеце, што такое роспіс па шкле? Малюнак тут наносіцца з адваротнага шклянога боку, слой за слоем. Спачатку прапісваюцца галоўныя дэталі, потым — другарадныя. Мастак-жывапісец, які працуе з палатном, наносіць фарбы ў адваротным парадку, і першы мазок пэндзля тут не з’яўляецца галоўным. Шкло ж патрабуе іншага падыходу. Ці яшчэ адна тэхналагічная цікавостка, уласцівая “Скарбніцы”. Маляванкі, створаныя на прадпрыемстве паводле вырабаў Алены Кіш, Язэпа Драздовіча, распісваюцца не алейнымі фарбамі, а акрылавымі, якія не маюць паху. Але пасля высыхання такія фарбы трошкі мяняюць колер, што трэба абавязкова ўлічваць. Робяць на прадпрыемстве і куфры. Не такія вялікія і не на колах (у такіх захоўваўся пасаг нявесты, які перавозіўся ў хату маладога). Роспіс можа быць паліхромным огаўскім (традыцыя вёскі Огава, што на Брэстчыне), дзе — спрэс неверагоднай прыгажосці кветкі. А могуць быць і куфры, упрыгожаныя элементамі традыцыйных арнаментаў слуцкіх паясоў. Такія робяць толькі ў “Скарбніцы”.

Да слова, любую ўпадабаную рэч можна прыдбаць непасрэдна ў “Скарбніцы”: тут ёсць цудоўная сувенірная крама.

/i/content/pi/cult/652/14482/35 kultura 13.jpg

118 раёнаў — 118 заказчыкаў

Шэсцьдзясят працэнтаў усіх вырабаў “Скарбніцы” — заказныя. З прыватнікам “Скарбніца” канкурыраваць можа не колькасцю, а якасцю. А цяпер давайце паразважаем вось пра што. Якасны нацыянальны сувенір (вышыванка, касцюм — у тым ліку) — гэта брэнд краіны. Усялякая падробка ў такім выпадку выклікае, мякка кажучы, сорам. Так, мы яшчэ не да канца ўсвядомілі, што нацыянальным варта ганарыцца і што мець ва ўласным хатнім інтэр’еры беларускі арыгінал — урэшце, модна, а любая лічбавая копія, скажам, жывапіснага замежнага твора (якая, дарэчы, каштуе таксама не танна) — пазнака духоўнага, так бы мовіць, банкруцтва.

Так, мы толькі вучымся гэта ўсведамляць. Тычыцца гэта не толькі фізічных асобаў, але і аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Далёка не ўсе з іх супрацоўнічаюць са “Скарбніцай”. Зразумела, дорага. Але і нацыянальная годнасць у лік танных маральных катэгорый ніяк не трапляе. Гэта павінны ўсведамляць і нашы спонсары. У “Скарбніцы”, да прыкладу, ёсць такі — кіраўнік адной з інавацыйных кампаній Генадзь Гецольд. У свой час ён выдаткаваў немалую грашовую суму на рамонт будынка “Скарбніцы” і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Словам, Генадзь Гецольд ведае, што такое нацыянальны гонар.

Вы яшчэ не былі ў “Скарбніцы”? Спяшайцеся! Там чакаюць кожнага з вас.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"