Форум, 95-годдзе Нацыяналкі і лічбавы Скарына

№ 31 (1314) 05.08.2017 - 10.08.2017 г

14 і 15 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудзецца Міжнародны кангрэс “500 гадоў беларускага кнігадрукавання”. Яго арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і галоўная “кніжніца” краіны.

Сярод суарганізатараў форума — Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва (CEI), Бібліятэчная асамблея Еўразіі, аб’яднанне “Бібліятэка Балтыка”, Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД.

Як паведаміў “К” намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Алесь Суша, гэты прадстаўнічы форум (на які, дарэчы, ужо зарэгістраваліся больш за 400 удзельнікаў з розных краін свету) пройдзе сёлета пад эгідай UNESCO. І гэта невыпадкова, бо 500-годдзе беларускага кнігадрукавання ўключана ў каляндар памятных дат UNESCO і шырока адзначаецца як у Беларусі, так і ў многіх іншых краінах свету.

Сярод тэм, якія абмяркуюць даследчыкі падчас кангрэсу, будуць і такія як “Гісторыя беларускага кнігадрукавання ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры”, “Кніжная спадчына Францыска Скарыны і яго пераемнікаў”, “Уплыў кнігадрукавання на станаўленне беларускай літаратуры” ды многія іншыя. Таксама падчас работы форума плануецца арганізацыя міжнароднага круглага стала “Дакументальная спадчына ў Цэнтральна-Еўрапейскім рэгіёне: шляхі захавання, вывучэння і папулярызацыі”, XX Агульны сход Некамерцыйнага партнёрства “Бібліятэчная асамблея Еўразіі”, прымеркаваны да 25-годдзя гэтай арганізацыі, ды пасяджэнне аб’яднання “Бібліятэка Балтыка” — еўрапейскай арганізацыі для бібліятэк краін Балтыйскага рэгіёна.

У гэтыя ж дні адбудзецца ўрачыстае адкрыццё міжнароднага выставачнага праекта “Францыск Скарына і яго эпоха” ды святкаванне 95-годдзя з дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Як паведаміў Алесь Суша, таксама на 14 верасня запланавана афіцыйная перадача сканаў трох алічбаваных кніг Францыска Скарыны са збораў Брытанскай бібліятэкі.

Нагадаем, што для ўдзелу ў кангрэсе запрашаюцца спецыялісты бібліятэк, музеяў, архіваў, навукова-даследчых арганізацый, адукацыйных устаноў, прадстаўнікі заканадаўчай сферы, распрацоўшчыкі і вытворцы праграмнага забеспячэння, тэхнічных сродкаў і інфармацыйнай прадукцыі. Для таго, каб стаць удзельнікам прадстаўнічага міжнароднага форуму, неабходна не пазней за 15 жніўня 2017 года зарэгістравацца на партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі www.nlb.by.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"