Этнаграфічная цікавостка, надрукаваная выдавецкім цэнтрам БДУ, пабачыла свет дзякуючы фінансавай падтрымцы Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь. Як зазначыў ва ўступе выдання сам Леанід Гуляка, “у Беларусі склаліся і захоўваюцца векавыя традыцыі добрасуседства, узаемапавагі да людзей розных нацыянальнасцяў. Выданне альбома — прыклад падтрымкі творчых ініцыятыў таленавітых прадстаўнікоў нацыянальных аб’яднанняў у рэспубліцы, сярод якіх украінская вышыўка займае адно з ганаровых месцаў, узбагачае агульную культурную спадчыну народаў Беларусі”.
Зазначым, што падобны праект — ужо другі за апошнія шаснаццаць гадоў. Яго аўтарам і кіраўніком ізноў выступіла заслужаны работнік культуры Украіны, старшыня Мінскага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Заповіт” Галіна Калюжная. Яна ўпэўнена, што сёння нацыянальная вышыўка з’яўляецца не толькі адным з сімвалаў краіны, але і духоўным абярэгам культурнай спадчыны. Як вядома, пры арганізацыі здавён дзейнічае сектар па працы з вышыўкай. Сур’ёзны падыход да прасоўвання народнай творчасці відавочна працуе: тэматычныя выставы стала ладзяцца ў Мінску, штораз выязджаюць у Гродна на Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Дадзены альбом — чаканы ўнёсак у захаванне народнай спадчыны.
Майстрыхі, чые працы сабраліся пад адной вокладкай, нарадзіліся і раслі ў Тэрнопальскай, Кіеўскай, Ровенскай, Івана-Франкоўскай, Сумскай, Валынскай абласцях. Таму на трох дзясятках старонак можна пабачыць усю разнастайнасць дадзенага віда мастацтва розных рэгіёнаў паўднёвай суседкі. Падаецца, яркасць фарбаў, шчодрая арнаментальная палітра, разнастайнасць варыянтаў сапраўды не пакіне ў спакоі этнографаў, мастацтвазнаўцаў ды аматараў народнай творчасці.