Пачатак лета, аказалася, быў для мясцовых бібліятэкараў багатым на падзеі. Першая навіна такая: цэнтральную раённую бібліятэку ўзначаліла наша даўняя аўтарка Алена Капыток. Галіна Слесарэнка, сябра рэдакцыі з неменшым стажам, стала намесніцай дырэктара гэтай установы. Нагадаю чытачам, што абедзве шаноўныя кабеты былі і застаюцца вядучымі экспертамі “К” у пытаннях бібліятэчнай справы.
Навіна другая: пры ЦРБ з 3 мая працуе інтэрактыўны дзіцячы цэнтр адукацыі і дасугу “Расток”. Вядучы метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Святлана Шчэрба абяцала напісаць нам пра гэта грунтоўны артыкул.
Навіна трэцяя: пры гарадской бібліятэцы № 1 з мая працуе музейна-выставачная экспазіцыя “Рарытэт-вінтаж”. Колькасць чытачоў з гэтай прычыны павялічылася. Вось яна, прынада для журналіста! Закарцела пабачыць на ўласныя вочы, якім чынам мясцовыя бібліятэкары прывабліваюць чытачоў у доўгачаканыя дні пляжнага і ягадна-грыбнога адпачынку.
…Бібліятэка № 1 знаходзіцца па вуліцы Нармандыя — Нёман, 157. Вельмі далёка ад цэнтра, можна сказаць, на выселках. Але блукаць давялося нядоўга. Кожны з сустрэтых мінакоў дакладна і з вялікай ахвотай падказваў маршрут (гл. пачатак артыкула). Так што выселкі выселкамі не аказаліся. На ганку ўстановы (будынак былога дзіцячага садка) пазнаёміўся з маленькай чытачкай Машай з вялізнай ды яркай кніжкай пад пахай — нібы шчаслівы Бураціна з азбукай. “Па кніжкі і на мерапрыемства!” — зазначыла важна. Такім чынам на мерапрыемства патрапіў і я.
Але спачатку кіраўнік установы Ірына Іванова патлумачыла, што тут і да чаго. У 13.00 бібліятэку, разлічаную і на дзіцячага, і на дарослага карыстальніка, ужо наведалі тры дзясяткі чытачоў. З’ява нармальная. У “дарослай” частцы ўстановы адзін з аматараў кніг “завіс” надоўга, нават на крэсла прысеў. Крэсла паміж стэлажоў — рэч, аказваецца, вельмі патрэбная. Да слова, нідзе такога больш не бычыў. Плюс! Яшчэ адзін плюсік на розум прыйшоў у кутку здаровага ладу жыцця. Тут можна не толькі адпаведнае “гаючае” выданне падабраць, але і… памераць ціск, нават кроў на аналіз здаць. Шчыра кажучы, далей я плюсы не падлічваў, бо яны тут — ці не за кожнай кніжнай паліцай.
Вось, да прыкладу, Машына мерапрыемства, у гульнявым кутку абанементу для пачатковых класаў (установа абслугоўвае тры школы і два дзіцячыя садкі): дзеці сабраліся на чарговую гульню “Поле цудаў”. Як кажа бібліятэкар Алена Токарава, усё будзе азартна, з гумарам і бязмежнымі дзіцячымі эмоцыямі.
Чарговы пакой — чарговыя станоўчыя ўражанні. Гэтым разам — ад музейна-выставачнай экспазіцыі “Рарытэт-вінтаж”. Яе стварылі і працягваюць ствараць і бібліятэкары, і чытачы. Атрымліваецца гульнявы пакой для дарослых, куды і дзеці ідуць з вялікай ахвотай. Сабраны тут старыя тэхнічныя прылады. Радыёлы, прайгравальнікі, маленькія тэлевізары, відэакамеры. Многае ў спраўным стане. Можна паслухаць музыку ці аўдыякнігу. А ёсць яшчэ і архаічныя электрагульні. Да прыкладу, тамагочы, тэтрыс. Памятаеце ваўка, які нястомна ловіць у кошык яйкі? Ён ёсць таксама. А яшчэ бінокль чытача Юльяна Аляшкевіча, які мае фармуляр № 1, бо без чытання сябе не ўяўляе. Бінокль — ваенны, належаў дзеду спадара Юльяна. У яго акулярах той разглядаў калісьці Рэйхстаг у скораным падчас апошняй вайны Берліне. Шкада, але рарытэтны экспанат на той момант адсутнічаў: гаспадар забраў яго на часовую летнюю “прафілактыку”…
Высновы ад убачанага, пачутага і адчутага наступныя: у гэтую бібліятэку можна прыходзіць на дзень і ўсёй сям’ёй. Памяшканняў хапае, каб адчуць сябе не ў каморцы таты Карла, а ў дзіўнай бязмежнай краіне нечаканых адкрыццяў, мар і летуценняў. Для гэтага сапраўдныя бібліятэкі і існуюць. У вашым раёне такія ёсць?