Сёлета выстава "Арт-астравы" прымеркаваная да 950-годдзя сталіцы. Мастакі зманціравалі 11 інсталяцый.
— Думаю, гэта будзе зразумела ўсім — коні-вершнікі, залатое-срэбранае, — кажа Павел Вайніцкі пра сваю з Вадзімам Мацкевічам работу (яна на 1 паласе гэтага нумара "К"). — Няхай сабе чатырохметровыя статуі з жалеза змагаюцца пасярод маста. Гістарычную тэму не абавязкова адлюстроўваць класічна і рэалістычна. Можна і ў такой сучаснай форме. Не чакаў, што нашу працу паставяць у самым пачатку, але мне падабаецца, як ідзе інтэрактыў з людзьмі.
“Можа, гняздо?” — абмяркоўваюць паміж сабой першыя наведвальнікі працу Паліны Піраговай і Васіля Цімашова, як і летась, сплеценую з лазы. Аўтары падпісалі, што “Лакатар”.
— Форма скульптуры Аляксандра Сакалова цалкам адпавядае назве “Унутраная прастора” — скручаная, няроўная, — пачынае імправізаваную экскурсію па выставе намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Дзяніс Барсукоў. — Яшчэ адна скульптура непадалёк — “Формы жыцця” Дзяніса Трапашкі.
— Гэта праца закранае тэму кахання і творчасці Марка Шагала, — працягвае Дзяніс, калі група мінакоў спыняецца ля працы Уладзіслава Стальмахава “Людзі ў горадзе”. — Мужчына і жанчына, старае жалеза — цалкам адпавядае духу “Арт-астравоў”.
“Напэўна, зробленыя са старой печкі з вясковага дома”, — абмяркоўваюць паміж сабой людзі.
Піўная кружка памерам з добрае дрэва — праца дэбютанта “Арт-астравоў” Андрэя Шыловіча.
— Майстар зрабіць з мухі слана, — жартуе Барсукоў пра Ігара Лявонцьева, які падрыхтаваў да выставы велізарныя драўляныя акуляры.
Жанна Марозава працірае шкельцы на маленькіх бетонных калодзежах. Каля Камсамольскага возера яна разам з Аленай Чэпелевай схавала “Гарадскія сакрэцікі”.
— Думаю, шмат хто рабіў такія сховішчы ў дзяцінстве, — кажа Жанна. — Пад шклом ляжаць розныя шасцярэнькі, гумавая качачка маіх дзяцей, гузікі, якія ляпіла Лена.
На вачах першых наведвальнікаў завяршае садзіць “Клумбу” з пластыкавых дзьмухаўцоў Таццяна Гомза.
— Гэта ж у вас коканы на дрэвах віселі ў мінулым годзе, — вітаюцца з ёй мінакі.
— Шмат знаёмых твараў, нас тут ужо ведаюць, — смяецца мастачка. — У першы год я і мае калегі не ўяўлялі, што атрымаецца з прапанаванага нам эксперымента, а зараз для нас “Арт-астравы” — гэта працоўныя будні. Мы зманціравалі інсталяцыю і паехалі, а горад жыве сваім жыццём. Тут кожны дзень гуляюць мінакі, адпачываюць мамы і таты з дзецьмі. Здаецца, усім падабаецца.
Наступны аб’ект здалёк выглядае так, быццам па траве коціцца велізарны шар. Падыходзіш бліжэй і бачыш — ён і яна ў абдымках. Праца Анатоля і Івана Арцімовічаў.
— Вы можаце ўбачыць тут шмат маладых і перспектыўных скульптараў, якія выкарыстоўваюць новыя матэрыялы, шукаюць новыя формы, а я тут амаль выпадкова, — кажа заслужаны дзеяч мастацтваў краіны Анатоль Арцімовіч. — Сын вырашыў выкарыстаць маю задуму яшчэ з мінулага стагоддзя, прапанаваў: “Што калі зрабіць тваю “Планету кахання” ў вялікім памеры?” Гэта яго тэхналогія, ён працаваў з матэрыялам. Мне падабаецца тое, што атрымалася.
Да ўсіх экспанатаў можна дакранацца, як і фатаграфавацца з імі. “Арт-астравы” адкрытыя і ўдзень, і ўначы, бясплатна, у любое надвор’е да верасня.
— Пасля першай выставы адзін аб’ект — “Крылы” Канстанціна Касцючэнкі — пераехаў у Верхні горад, значная частка ўсталяваная цяпер каля нашага цэнтра на вуліцы Някрасава, але ўладальнікі — гэта мастакі, таму яны вырашаюць, што будзе з іх працамі потым, — распавядае дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Наталля Шаранговіч пра далейшы лёс праекта. — Сёлета ў экспазіцыі нагадваем пра юбілей Мінска і акцэнтуем увагу на тэме горада. Мы зразумелі, што абавязкова трэба задаваць усім удзельнікам агульную тэматыку, бо яна дыктуе больш дакладную і цікавую форму, аб’ядноўвае. Фармат “Арт-астравоў” мяняць пакуль не збіраемся, ён усім падабаецца, але ў наступным годзе хацелася б бачыць у нас больш замежных мастакоў.
На трэція “Арт-астравы” запрасілі прадстаўнікоў нямецкага праекта Tape That — калектыву мастакоў з Берліна, якія ствараюць свае працы з дапамогай скотча і аздабляюць імі, да прыкладу, офісы Adidas ці Google. У Мінск прыехалі Штэфан Буш і Мі Лан Нгуен і першымі прадэманстравалі мінскай публіцы сучасны від мастацтва, які атрымаў назву тэйп-арт.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ