Яркая, з малюнкамі
Не сакрэт, што дзеці ў першую чаргу звяртаюць увагу на нешта яркае, прывабнае, незвычайнае, і кнігі тут не выключэнне. Таму першае, што павінна зрабіць кніга — звярнуць на сябе ўвагу, пачынаючы з вокладкі, каб ручкі дзіцяці самі пацягнуліся да яе. Пажадана, каб такую ж самую рэакцыю зведалі і дарослыя. Напрыклад, кніга “Беларуская азбука ў малюнках” — яркая аранжавая вокладка адразу кідаецца ў вочы і вабіць да сябе. А яшчэ яе можна даваць самым маленькім дзеткам, не баючыся, што яны парвуць старонкі, бо яны кардонныя.
Другое — колькасць малюнкаў. Іх у беларускіх (і асабліва беларускамоўных) дзіцячых кнігах страшна бракуе. Сустракаюцца кнігі для малых дзяцей, дзе на працягу сямі-дзесяці лістоў няма ніводнага малюнка, нават маленечкага. Такая кніга, якая б цікавая яна ні была, не прывабіць ні дзіця, ні яго бацькоў. “Малюнкаў няма — не будзе слухаць”, — выраз, які я чую па некалькі разоў на тыдзень. Намаляваныя героі павінны суправаджаць чытача на працягу ўсёй гісторыі, а не зрэдку, нібы гуляючы ў хованкі, нясмела выглядаць з-за радкоў.
Да ўсяго, на паліцах бібліятэк пыліцца шмат цікавых кніг з захапляльнымі сюжэтамі і незвычайнымі героямі, з вострымі момантамі і жартамі, але — без ілюстрацый. Колькі бібліятэкар ні даводзіў бы, што кніга цікавая, чытаецца лёгка, яна застаецца ў бібліятэцы, а дадому бяруцца зусім іншыя. Апошнім часам нават знакамітыя Нязнайка, Карандаш і Самадзелкін, Карлсан, Баранкін застаюцца ў бібліятэцы, бо выданні старыя, непрыгожыя і амаль што без малюнкаў. Прычым сучасны наведвальнік бібліятэкі, і маленькі, і дарослы, патрабуе ілюстрацый менавіта рознакаляровых, а не шэра-чорных, якія менавіта для дзіцячых кніг асабліва ўпадабалі некаторыя нашы выдаўцы.
Менш тэксту — больш малюнкаў
Урэшце, маленькае дзіця яшчэ можна зацікавіць зместам, няхай кніга і не надта прывабная вонкава. “Ён малюе, канструктар складае ці ў ложку ляжыць — засынае”, — дзеляцца досведам маладыя мамы, калі чытаюць кнігу без малюнкаў. А вось што рабіць з чытачамі-пачаткоўцамі? Кніга без малюнкаў іх не проста пужае — яна адштурхоўвае ад сябе. Але ж і аднымі малюнкамі такога чытача кніга не прывабіць. Тут паўстае шмат нюансаў знешняга афармлення.
Па-першае, памер літар і інтэрвал паміж радкамі. Што, дарэчы, актуальна для любога чытача, незалежна ад веку. Яркім прыкладам папулярнасці кніг з вялікім шрыфтам з’яўляецца серыя кніг Холі Вэб пра кацянят і шчанят. Кранальная выява звярка на вокладцы, вялікія літары і інтэрвалы паміж радкамі (плюс тыя ж самыя малюнкі, няхай і некаляровыя) робяць кнігі мегапапулярнымі сярод малодшых школьнікаў, хоць па змесце яны падобныя адна да адной і не вылучаюцца асаблівай арыгінальнасцю. Тое ж самае датычыцца і кніг з серыі “Лес дружбы” Дэйзі Медоус.
Далей — аб’ём тэксту на старонцы. Пытанне вельмі спрэчнае. Адны выступаюць за поўнатэкставыя кнігі, іншыя ж нават падручнікі па гісторыі, алгебры, хіміі, астраноміі пішуць у коміксах. (Дарэчы, новая кніга “Грашовая азбука” ў форме комікса адразу выклікала цікавасць з боку нашых чытачоў, а яе “калегі”, хоць яны і з малюнкамі, не вельмі запатрабаваныя.) Да ўсяго, расійскія выдавецтвы апошнім часам усё часцей прапануюць кнігі для дзяцей амаль без тэксту — старонкі запоўнены адным вялікім ці некалькімі маленькімі малюнкамі плюс два-тры сказы на старонцы. Кошт выданняў не меншы, чым у поўнатэкставых кнігах, а то і большы. “За што тут плаціць? Навошта выдаваць такія кнігі? Выдавецтвы проста грошы з нас выцягваюць?” — чулася раней ад бацькоў. Але, як паказала практыка, менавіта такія кнігі найбольш папулярны сярод і маленькіх слухачоў, і маленькіх чытачоў, прычым не толькі пачынаючых. Серыі кніг “Кацяня Шмяк”, “Мімба-Джымба”, “Жылі-былі трусы”, “Міка і Міміка” і іншыя ніколі не затрымліваюцца на палічках у бібліятэцы.
А што з падобнымі выданнямі на беларускай мове? Ёсць яны і ў нас, толькі вельмі мала. Гэта серыі кніг “У свеце казак” (выдавецтва “Харвест”) і “Казка за казкай” (“Мастацкая літаратура”). Маленькія, зручныя, кнігі выдадзены па прынцыпе адна беларуская ці руская народная казка — адна кніга, што даспадобы чытачам-пачаткоўцам.
Летась “Мастацкая літаратура” парадавала выданнем серыі кніг балгарскай пісьменніцы Галіны Злацінай “Прыгоды на Сонечнай ферме”. Яркія, маляўнічыя тоненькія кніжкі з фігурна выразанымі старонкамі, дзе ўсю прастору займаюць цудоўныя малюнкі і крышачку тэксту, не залежваюцца на паліцах стэлажоў. Увесь час вандруюць па дамах чытачоў і кнігі Сяргея Давідовіча “Залаты буліт” і “Баявая нічыя”, выдадзеныя таксама ў “Мастацкай літаратуры”. Крыху раней з малой колькасцю тэксту ў “Галіяфах” у падсерыі “Каляровы ровар” выйшла кніга цудоўных казак “Сумны суп” Вольгі Гапеевай (іншыя кнігі для дзяцей з гэтай падсерыі таксама вартыя ўвагі). Зусім новая цудоўна аформленая кніга Надзеі Бука “Бася і Піглас”. Вельмі парадавала серыя “Бібліятэка часопіса “Вясёлка” — прыгожыя, яркія, выдадзеныя на белай шчыльнай паперы з цудоўнымі малюнкамі на кожнай старонцы, зручнага аб’ёму і фармату.
Але, на жаль, падобных кніг у беларускамоўнай літаратуры бракуе. Кнігі, якія адпавядаюць прынцыпу “менш тэксту — больш яркіх малюнкаў”, якія так запатрабаваны ў дзяцей, не папулярныя ў беларускіх кнігавыдаўцоў.
Затое, відаць, танныя…
Яшчэ адной неад’емнай рысай добрай дзіцячай кнігі з’яўляецца шчыльная белая папера. Адно мінскае выдавецтва выпусціла ў свет серыю кніг для пазакласнага чытання для малодшых школьнікаў, у якіх тэкст можна чытаць адначасова і з аднаго, і з другога боку ліста. Літары зліваюцца, чытаць цяжка, зрок псуецца. Затое, відаць, танныя.
І скрозь усе крытэрыі чырвонай стужкай праходзіць аб’ём і памер кнігі. Вялікія, у памер аркуша А4, але не тоўстыя кнігі ў пашане сярод малых дзетак і малодшых школьнікаў. Папулярныя і кнігі нестандартнага памеру — квадратныя, круглыя, выцягнутыя ў даўжыню ці вышыню. Толькі не тоўстыя. Такія пужаюць малога сваімі аб’ёмамі, да таго ж яна яшчэ і цяжкая, яе нават нязручна трымаць у руках. А бывае і такое, што тоўсты зборнік у дзвесце-трыста старонак, ды яшчэ фармату А4, другакласніку трэба несці ў школу, каб там пачытаць маленечкае апавяданне ці вершык. Яшчэ Францыск Скарына ўсвядоміў, што кніга павінна быць невялікая і нятоўстая, так яна больш зручная ў выкарыстанні.
Вядома, ёсць дзеці, якія ў другім-трэцім класе ўжо чытаюць Гары Потара альбо раманы Жуля Верна. Яны не звяртаюць увагу ні на памер літар, ні на адсутнасць малюнкаў, а вяртаючы падобныя кнігі ў бібліятэку з захапленнем расказваюць, як ім было цікава і як яны чыталі кожную вольную хвіліну. Але ж гэта ўсяго толькі выключэнне з агульнага правіла.
У суме вялікія літары, малая колькасць тэксту на старонках і невялікі аб’ём кнігі дазваляюць хутчэй яе прачытаць. Тое асабліва важна для дзяцей, якія толькі пачынаюць авалодваць гэтым навыкам. Чым хутчэй дзіця прачытае кнігу, тым больш задавальнення і асалоды атрымае ад усведамлення: гэта зроблена самастойна. Тады малеча хутчэй пачне чытаць чарговы твор, каб зноў сказаць: “Я прачытаў сам!” Балазе калі бачны канец, любая справа робіцца хутчэй. Паступова дзіця пяройдзе на больш змястоўныя і тоўстыя кнігі, а з цягам часу з яго атрымаецца выдатны чытаючы падлетак.
Пацверджаннем гэтаму з’яўляюцца папулярныя і ўлюбёныя малодшымі школьнікамі серыі пра Ката да Вінчы, Алёшу Папова, неандэртальскага хлопчыка, Агату Містэры, “Тайну кватэры № 8”... Пералічаныя кнігі не надта і маленькія, аб’ём некаторых з іх каля двухсот старонак, але ж палову іх займаюць ілюстрацыі. А вялікія літары дазваляюць хутчэй перагортваць прачытаныя старонкі. Такім чынам, дзіця паступова прывыкае да аб’ёмных кніг і вялікіх гісторый. З часам неабходнасць у малюнках знікне, а любоў да чытання захаваецца.
Мова кніг — беларуская ці руская — пры выбары стаіць на апошнім месцы. Упадабаныя кнігі малыя дзеці будуць слухаць і чытаць на любой з іх. Яскравым прыкладам таму з’яўляюцца перакладныя беларускамоўныя кнігі пра Маму Му Юі Вісландэр і Фінудса ды Пэтсана Свэна Нурдквіста. У нашай бібліятэцы іх бяруць нават тыя, хто ніколі ніводнай кнігі на беларускай мове не ўзяў.
Ну а калі кнігі выбраныя, дома іх пачнуць чытаць. Калі гісторыя захопіць з першых старонак, яе дачытаюць да канца. Але ж гэта залежыць ад майстэрства пісьменніка. Каб кнігу ўзялі ў бібліятэцы ці набылі ў кнігарні, існуе шмат крытэрыяў, а вось каб дачыталі да канца — толькі адзін.
Марына ПЕТРАШКЕВІЧ, бібліятэкар Дзіцячай бібліятэкі № 8 горада Мінска