Наш курс быў другім выпускам кафедры. На першых курсах мы, будучыя аб’ёмшчыкі і графікі, вучыліся па адзінай праграме, спасцігаючы асновы і прынцыпы дызайну ўвогуле, а далей была спецыялізацыя. Вызначальным у ёй было жаданне студэнта. Ён мог выбіраць — працаваць у перспектыве на вытворчасці з матэрыяльнымі аб’ектамі або засяродзіцца на тым, што тады называлі “раскруткай” (маючы на ўвазе не толькі рэчы на продаж, але і сацыяльныя праекты), а сёння вызначаецца як маркетынг. Наведаўшы юбілейную выставу, я нібыта і да гісторыі прычыніўся, і маладосць прыгадаў.
Выстава разгорнута на двух пляцоўках — у Музеі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (чацвёрты паверх корпуса, дзе месціцца факультэт дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва) і ў “хатняй” галэрэі БДАМ. Гэта фактычна гатовая экспазіцыя аднаго з раздзелаў будучага музея беларускага дызайну.
Сярод выпускнікоў кафедры ёсць асобы легендарныя. Іх імёны на слыху, а творы — класіка. Але, зразумела, большасць тых, плён чыёй працы не такі бачны. Аднак без іх дызайн у Беларусі не паўстаў бы як культурная з’ява і творчая спецыялізацыя. Бо дызайн, у адрозненне ад выяўленчага мастацтва, дзе творца ў значнай ступені сам сабе гаспадар, — “камандная гульня”. Тут вынік — часцей за ўсё не ўнікальная аўтарская рэч, а ўзор для тыражавання. Грунтоўна распрацаваная канцэпцыя тут часта важыць больш, чым творчае азарэнне. Ідэя, годная калі не для ўніверсальнага, дык хаця б шырокага скарыстання, тут больш каштоўная, чым тая, што прышпілена да канкрэтнага месца і часу.
Прыкладам можа служыць дыплом Уладзіміра Цэслэра (1980 год) “Рэкламная кампанія сезона “Музычная восень”. Адзін з сегментаў задумваўся як сродак папулярызацыі творчасці ансамбля “Песняры”. Гэта мастацкая кампазіцыя, якая магла б упрыгожваць канверт вінілавага дыска і быць плакатам. Праз адкрытыя дзверы майстэрні, запоўненай карыснымі ў вясковай гаспадарцы прыладамі, бачны краявід — некранутая прыгода. Пагадзіцеся, цікавая (і галоўнае, не наўпроставая) асацыяцыя з рэпертуарам славутага ансамбля. На жаль, тады ідэя не сталася рэалізаванай. Але ў 2004 годзе тая ж выява ў дапрацаваным, стылістычна даведзеным выглядзе стала паліграфічным укладышам у кампакт-дыск — сольны “Беларускі альбом” колішняга саліста таго ансамбля Валерыя Дайнэкі, дзе глядзіцца як родная. Вынікае, што творчая распрацоўка спадара Уладзіміра адштурхоўвалася ад канкрэтыкі, вырашала задачу дадзенага моманту, але была скіраваная ў перспектыву. Гэта і ёсць якасны дызайн.
Хочацца верыць, што будзе калі-небудзь рэалізаваны і дыпломны праект Святланы Нечунаевай “Гістарычныя асобы Беларусі на паштовых марках” (1997). Сярод прафесіяналаў праца над паштовымі маркамі — гэта найвышэйшы пілатаж. Каб рабіць гэтыя мініацюры патрэбны мастацкі талент, пачуццё маштабу, цярплівасць. Ды і тэхналогію паліграфіі трэба ведаць. Усе гэтыя якасці ў спадарыні Святланы ёсць. Нездарма на дадзены момант яна з’яўляецца аўтарам шэрагу памятных манет Нацыянальнага банка Беларусі. Для паштовых жа марак у свой час яна абрала знакавых постацей беларускай гісторыі — Рагвалод, Рагнеда, Еўфрасіння, Гедымін, Альгерд, Кейстут, Ягайла… Стылістыка выяў блізкая да сецэсіі (інакш — мадэрн, югендстыль, лібэрці), міжнароднага стылю з шырокай гамай сродкаў. Гэта падкрэсленая дэкаратыўнасць і рамантычная абвостранасць. Такая стылістыка была вельмі папулярнай у 1920-я ў краінах, што паўсталі на карце Еўропы пасля развалу імперый. Яна адпавядала рамантызаванаму погляду народаў і эліты гэтых краін на гісторыю. Думаю, ён пасаваў бы і беларускай прапагандысцка-асветніцкай графіцы 1990-х, бо задачы яна мела аналагічныя. Зрэшты, і зараз нам не пашкодзіць крыху рамантызму ў кантэксце нацыянальнай ідэі.
Яшчэ адзін праект, курсавы, на якім бы я хацеў засяродзіць сваю ўвагу з прычыны яго актуальнасці, — Дзмітрый Краўчанка, “Стваральнікі гісторыі. Дызайн штодзённасці” (2012). Гэта выявы гістарычных асоб, якія больш-менш вядомыя кожнаму адукаванаму беларусу. Але не кожны ведае, што канкрэтна яны зрабілі для бацькаўшчыны і свету, чым вызначаны іхні лёс. Аўтар уводзіць у кананізаваныя партрэты элементы, якія ствараюць візуальны дысананс, парушаюць вонкавую лагічнасць вобраза, але выяўляюць ягоную сутнасць. Чым, зразумела, прыцягваюць увагу. Такія “крэатызаваныя” партрэты спадар Дзмітрый хацеў бы бачыць на грамадскім транспарце. І сапраўды, чаму метро, тралейбусам і аўтобусам, якія сёння актыўна выкарыстоўваюцца для рэкламы тавараў і паслуг, не папрацаваць на культуру і асветніцтва?
Зачапіў увагу і курсавы праект Дар’і Лебедзевай “Рэдызайн газеты “Культура” (2012). Наўрад ці ў бачнай перспектыве газета зможа дазволіць сабе такую паліграфічную раскошу. Але памарыць хочацца.
Эмоцыі ад выставы збольшага станоўчыя. Але крыху засмучае тое, што для рэалізацыі актуальных для Беларусі ідэй і ўвасаблення арыгінальных вобразаў студэнты кафедры, замест таго каб вынаходзіць сваё, адметнае і непаўторнае, карыстаюцца прыёмамі выразнасці, запазычанымі ў іншых мастацкіх школ. Я кажу менавіта пра нацыянальныя школы, а не пра міжнародны стыль, які ўвасабляе глабалісцкія тэндэнцыі ў мастацтве, — ён адначасова агульны і нічый канкрэтна. На выставе ж зашкальваюць звароты да стылістыкі і ладу польскай школы плаката. Мо так здарылася таму, што польскі плакат у сваю залатую пару быў іконай для сённяшніх выкладчыкаў?
Спецыяльнасці “фотаграфіка” і “тэлерэклама” прадстаўлены асобнай экспазіцыяй у галерэі “Акадэмія”. Тэхнічны патэнцыял, якім валодаюць студэнты кафедры, уражвае. Ёсць і надзвычай цікавыя творчыя напрацоўкі. У сэнсе навучальнага працэсу кафедра на правільным шляху. За гэтымі тэхналогіямі будучыня. Нездарма на гэтыя спецыялізацыі такі вялікі конкурс абітурыентаў. Прынцыповым я лічу тое, што ў час навучання студэнт мусіць не толькі навучыцца рамяству, але і засвоіць прынцыпы журналісцкай этыкі. Фотааб’ектывам можна зафіксаваць усё, і ўжо сам творца вызначае, што з гэтага (і ў якім кантэксце) можна паказваць грамадзе.
Падводзячы вынікі, скажу, што сорак гадоў — гісторыя, але для нашага дызайну (у дадзеным выпадку — графічнага) не ўзрост. Ёсць на што азірнуцца, але галоўнае, што вектар развіцця слушны.