Аўтары і выканаўцы — бібліёграф навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Ірына Юдзіна і загадчык сектара міжнароднай дзейнасці Інстытута культуры Беларусі Аксана Жукава. Яны знайшлі адну з аптымальных форм папулярызацыі нацыянальнай культурнай спадчыны. Дызайнерскае афармленне лагатыпа праграмы, афіш і дадатковых матэрыялаў зрабіла Наталля Каралёва.
У фондах Нацыянальнай бібліятэкі захоўваецца дастатковая колькасць як твораў славутага пісьменніка і яго выданняў навуковага характару, так і навукова-папулярнай літаратуры аб творчасці і жыцці Коласа.
Урэшце, знаёмства з літаратурнай спадчынай народнага паэта, вывучэнне роднай мовы, папулярызацыя дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі як арганізацыі, дзе захоўваюцца веды і спадчына (у тым ліку літаратурная), выхаванне кніжнай культуры, павышэнне цікавасці да працэсу чытання з’яўляецца асновай праграмы “Якуб Колас — за навуку!”.
Праграма, якая складаецца з чатырох заняткаў, рэалізуецца пры непасрэдным удзеле Інстытута культуры Беларусі і пры падтрымцы выдавецкага дома “Молпрэс”. Заняткі ж праводзяцца ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Тэматыка, насычанасць і інтэрактыўныя тэхналогіі даюць магчымасць кожны раз актывізаваць увагу ўдзельнікаў праграмы і гасцей. На кожным занятку вырашаюцца свае канкрэтныя мэты і задачы, але ўсе чатыры звязаны адным ланцужком — імем і творамі Якуба Коласа, а таксама навуковымі метадамі аналізу, параўнання, назірання.
“Першы дзень навукі” — гэта назва першага з чатырох заняткаў, на якім прысутнічалі настаўнікі, бацькі і вучні Бараўлянскай сярэдняй школы № 2. Удзельнікі праекта пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам Якуба Коласа, прачыталі верш “За навуку”, з цікавасцю параўналі школьнае жыццё на пачатку мінулага стагоддзя з сучасным, актыўна папоўнілі свой слоўнікавы запас новымі і старымі беларускімі словамі. Дарэчы, толькі настаўнікі ды бацькі яшчэ памятаюць сэнс і значэнне такіх, здавалася б, нескладаных тэрмінаў, як “красёнцы”, “пуня”, “вырай”, згаданых у вершы.
Аўтары праекта і супрацоўнікі Музея кнігі шчыра запрашаюць усіх зацікаўленых і неабыякавых — бацькоў з дзецьмі, настаўнікаў і чытачоў — на чарговую сустрэчу, падчас якой будуць выкарыстаны элементы арт-тэрапіі. А сама праграма “Якуб Колас — за навуку!” з’яўляецца складнікам праекта Нацыянальнай бібліятэкі “У госці да кніг”, які шырока разглядае вынікі справы кнігадрукавання. А гэта асабліва сімвалічна ў год паўтысячагоддзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.
Галіна СУША, супрацоўнік аддзела традыцыйнай культуры Інстытута культуры Беларусі