Людзі — розныя, народ — адзіны
Хоць неперадузяты “разбор палётаў” — рэч абсалютна неабходная, калі не хочаш у перспектыве паўтарэння ўжо зробленых за пэўны перыяд глупстваў, у Новы год няма жадання згадваць адмоўнае. Хочацца засяродзіцца на станоўчых момантах жыцця.
А такіх у мінулым годзе было нямала як у маім прыватным жыцці, дык, на маю думку, і ў справах грамадскіх. Зразумела, на апошнія я і скірую сваю ўвагу. Выходзілі кнігі, вартыя таго, каб іх прачытаць. Ставіліся спектаклі і ладзіліся выставы, наведанне якіх не было змарнаваным часам. Калі-нікалі на беларускім тэлебачанні рабіліся праграмы і праекты, не горшыя за тыя, на якіх трымаецца імідж тэлебачання той жа Расіі. Год культуры ў нашай краіне сапраўды адпавядаў свайму найменню. А з гэтага вынікае, нягледзячы ні на што — для Беларусі 2016-ы быў, самае малое, не горшым за іншыя гады суверэннага развіцця.
Гэта ўсё важна, але як галоўнае я пазначыў іншае. Чамусьці менавіта сёлета з мноства назіранняў і разваг, з пачутага і прачытанага, з аналітыкі з’яў і падзей, што маюць шырокі розгалас і не надта кідаюцца ў вочы, што адбываюцца ў сталіцы і ў глыбінцы, я зразумеў, а хутчэй — адчуў, што драматычны канфлікт пакаленняў, справакаваны 25 гадоў назад дэмантажом Савецкага Саюза, у Беларусі пераадолены. Людзі ў нас, як і мае быць, розныя, але народ ужо адзіны. І яднае найперш усведамленне каштоўнасці суверэнітэту, магчымасці жыць на сваёй зямлі паводле сваіх законаў. Магчыма, гэта гучыць крыху пафасна, але сутнасна яно так.
Менавіта гэта сярод іншага я адчуў у кнігах і спектаклях, карцінах і скульптурах, журналісцкіх публікацыях і тэлепраграмах 2016-га.
Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
Эмацыйнасць як шкала вымярэння
Для тэатраў Год культуры выдаўся эмацыйным. У фінансавых умовах, далёкіх ад ідэальных, яны імкнуліся захаваць традыцыйныя фестывалі, зладзіць абласныя абмены і міжнародныя гастролі ды вытрымліваць баланс паміж выкананнем планаў напаўняльнасці залы і стварэннем сур’ёзнай размовы са сваёй публікай пра вечнае.
Адной з рэзанансных падзей, што ўпершыню прагучалі менавіта ў Год культуры, стала адкрыццё “І Беларускіх тэатральных сезонаў у Францыі”. Пасля былі хваляванні наконт чарговага Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек у Мінску. Форум выстаяў — і адарыў прафесіяналаў і аматараў узрушэннем ад сустрэчы з лепшымі ўзорамі лялечнага мастацтва. Эмацыйнымі навінамі інфармацыйную прастору насычала тэатральная талака Гомеля. Спачатку Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр атрымаў новага дырэктара з вядомых бардаў рэгіёна, папоўніў рэпертуар гучнымі прэм’ерамі і зладзіў эфектныя гастролі ў сталіцы. Пасля ўлада ў “Маладзёжцы” змянілася, аднак абласны цэнтр папоўніўся новым прафесійным тэатрам, ад чаго гамяльчане ў любым выпадку выйграюць.
Нямала эмоцый палала вакол сёлетняй Нацыянальнай тэатральнай прэміі. На працягу года тэатральная грамадскасць выказвалася наконт адмены намінацый за лепшую працу рэжысёра, мастака-пастаноўшчыка і па іншых неадназначных пытаннях. Пры ўсіх акалічнасцях конкурс адбыўся, узнагароды знайшлі сваіх герояў, а ў аматараў Мельпамены ўзнікла спадзяванне, што праходзячы праз спробы і памылкі, Нацыянальная тэатральная прэмія ў рэшце рэшт набудзе доўгачаканы эталонны фармат.
Адной з самых цікавых ініцыятыў з ліку тых, што ўпершыню прагучалі ў Год культуры, стаўся конкурс на стварэнне твораў для драматычнага тэатра “Францыск Скарына і сучаснасць”. Атрымалася імпрэза, якая сапраўды разварушыла тэатральную грамадскасць: журналісты неаднойчы звярталіся да цудоўнай інфармацыйнай нагоды, драматургі адчулі запатрабаванасць у сваёй працы, тэатры цікавіліся новым матэрыялам — у выніку адна п’еса з ліку фіналістаў з’явілася на падмостках Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, другую абяцалі паставіць налета ў тэатры-арганізатары — РТБД.
Вось і думаецца: калі нашы тэатры атрымаюць упэўненасць у тым, што змогуць без хваляванняў зладзіць запланаваныя прэм’еры і традыцыйныя падзеі, дык колькі шыкоўных ініцыятыў зможа з’явіцца на тэатральнай ніве! Нават у рамках звычайнага, а не адмыслова-культурнага года.
Настасся ПАНКРАТАВА
Агульна пра канкрэтнае
Для мяне як для вядучага рубрыкі “Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком” (думаю, і для многіх, датычных да маіх паездак па краіне) Год культуры чымсьці асаблівым, ужо выбачайце за шчырасць, не выдаўся. Гэта быў звычайны працоўны сезон, калі я ўсё гэтак жа з вядомымі беларускімі персонамі са свету культуры наведваў населеныя пункты, у якіх яны нарадзіліся, дзе правялі свае дзяцінства, юнацтва.
Мы зазіралі ў тыя ўстановы культуры, што яны наведвалі. “Віпы” дзяліліся ўспамінамі пра іх, мы гутарылі з іх кіраўнікамі. У выніку стасункаў атрымлівалі нейкае ўяўленне пра сённяшняе жыццё такіх устаноў. Ніякіх гонак, ніякага аўралу там не назіралася, маўляў, калі 2016-ы быў пазначаны “культурным”, то і застацца ў памяці ён павінен быў чымсьці для гэтай сферы неверагодным.
Так, нейкія буйныя здзяйсненні ў галіне культуры ў маштабах усёй краіны адбыліся. Гэта правільна, так і мусіць. Але добра, што на месцах не было, мяркую, ніякай паказухі “з нагоды”, у справаздачы не ўпісваліся, спадзяюся, ударныя выдуманыя лічбы, не здаралася, напэўна, высмактаных з пальца “значных” мерапрыемстваў. Прынамсі, падчас нашых візітаў я ні з чым такім не сутыкаўся.
Паўтаруся яшчэ раз: ішла звычайная руцінная праца ў канкрэтным грамадскім сегменце. Але вельмі патрэбная і важная. На змену замшэлым формам стала прыходзяць формы новыя — дзесьці яны ўкараняюцца хутчэй ды з большай выдумкай, дзесьці з імі яшчэ “тармозяць”. Моладзь, нягледзячы на зарплату, на змену ім прыходзіць, і ў лепшых сваіх праявах з ідэямі крэатыўнымі. Спадчына, народныя рамёствы ды аўтэнтычнае мастацтва захоўваюцца. Усё нармальна.
А ў папулярнай ды альтэрнатыўнай музыцы, пра якія я таксама перыядычна пішу, таксама ўсё ў парадку. Хіты ў меру іх лакальнай хітовасці ствараюцца, артысты ў сiлу іх артыстычнасці на “Славянскі базар у Віцебску” ды “Еўрабачанне” адбіраюцца, таленты рознай ступені таленавітасці па тэлевізары паказваюцца. Сяргей Міхалок, зноў жа, вярнуўся з “адпачынку” па канцэртах на радзіме.
Увогуле, з пачуццём выкананага абавязку Год культуры перадае сцяг у рукі Года навукі!
Алег КЛІМАЎ
Толькі тры падзеі
У кожнай вобласці — свае адметныя творчыя зрухі, свае яркія дасягненні ў клубнай, бібліятэчнай, музейнай справах. Мы звязаліся днямі з экспертамі “К” і папрасілі распавесці пра гэта. Вось што атрымалася.
Начальнік інфармацыйна-аналітычнага і рэпертуарна-выдавецкага аддзела Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Валянціна Валчкова згадала ў першую чаргу пра творчы праект “Абласны фестываль народных талентаў Магілёўшчыны”. Яго арганізатарамі сталі аблвыканкам, галоўнае ўпраўленне ІРКСМ, абласны метадцэнтр і тэлекампанія “Магілёў”. Праект доўжыўся з сакавіка па снежань. Кожны з 21-го раёна вобласці па чарзе прэзентаваў у МАМЦНТіКАР не толькі клубныя цікавосткі, але і дасягненні рамеснікаў, выкладчыкаў ДШМ, аматарскіх тэатральных калектываў. Дарэчы, Краснапольскаму народнаму тэатру ў 2018 годзе спаўняецца сто гадоў.
А вось уражанне Галіны Слесарэнка — дырэктара Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Каладзеева. Яна доўга вагалася, які з 27 інфармацыйна-асветніцкіх праектаў вылучыць. Усе яны рэалізоўваліся не толькі сіламі бібліятэк раёна. Падтрымлівалі іх самыя разнастайныя арганізацыі і прадпрыемствы. Але самай важкай усё ж падалася гісторыка-краязнаўчая канферэнцыя, прысвечаная 75-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Грунтавалася падзея на мясцовым матэрыяле, збольшага — на невядомых раней фактах. Таму і стала падзеяй не толькі ў культурным жыцці раёна.
Кіраўнік Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава Галіна Нячаева лічыць, што выстаўкі выстаўкамі, але важным з’яўляецца і выраб сувенірнай прадукцыі па макетах, падрыхтаваных музеем. Рэалізоўваліся два камплекты паштовак з выявамі мясцовых абразоў: мужчынскіх і гаючых багародзічных. Сярод сувеніраў — і кубкі з адлюстраваннем веткаўскіх буквіц, неглюбскіх ручнікоў. Прададзена і з сотню саміх ручнікоў.
Яўген РАГІН
Каб былі “ў тонусе”
Год культуры выдаўся плённым. Парадавалі новыя, спецыяльна падрыхтаваныя менавіта для гэтага года мерапрыемствы ды акцыі. Згадаю найбольш яскравыя моманты, на маю думку.
Адразу прыгадаю падзеі ў культурнай сталіцы — Маладзечне. Заўжды радуе не толькі лік праведзеных выстаў ды пленэраў, а выданне каталогаў. Яны ілюструюць сітуацыю як сучаснага стану развіцця мастацтва, паказваюць ягоны зрэз у гістарычным кантэксце. Так, адносна культурнай сталіцы-2016 быў выдадзены каталог “Мастакі Маладзечанскага краю”.
Што да выстаў ды фестываляў, дык мне найбольш запомніўся сваёй прадуманасцю, як у адборы аўтараў, так і ў прэзентацыі твораў (фатаграфія, інсталяцыя, відэаарт і гэтак далей) выставачны праект Таццяны Кандраценка “Усё было па-іншаму” ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў і “Вішнёвы фестываль” у Глыбокім, арганізатары якога сапраўды змаглі прапіярыць свой брэнд. Немагчыма не адзначыць і “Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам”, які адбыўся ў другі раз, аднак, асабліва, як кажуць, “не закрануў”. Але парадавала тое, што яго ўдзельнікі Максім Макарэвіч і Паліна Амельяновіч, сёлетнія выпускнікі БДАМ, атрымалі Гран-пры. Запомнілася нестандартная выстава-маніфест Паўла Вайніцкага “Плюха”, прынятая аўдыторыяй, магчыма, 50 / 50. Мне, напрыклад, свабодныя, смелыя, месцамі правакацыйныя выказванні аўтараў падабаюцца. Думаю, робяцца такога кшталту праекты дзеля таго, каб людзі былі “ў тонусе”.
Хочацца адзначыць сумесны праект “ПаКаласімся!” “К” і Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа (“К” № 38). Дадам, ён — прыклад актыўнага ўзаемадзеяння нашай газеты з установамі культуры, спосаб прыцягнуць увагу грамадства.
Для нашай газеты сярод значных падзей Года культуры, лічу, і 25-годдзе “К”. А наогул, хочацца, каб 2017-ты стаў для журналістаў “К”, супрацоўнікаў культурных інстытуцый, мастакоў, пісьменнікаў, людзей іншых творчых прафесій і тых, хто звязаны з сферай культуры, самым лепшым. Арыгінальным і шчырым.
Вольга РОПАТ
Краўд ад слова “крута”
Гадоў пяць таму “К” толькі пачынала ўжываць на сваіх старонках новае слова “краўдфандынг”. Памятаю, нават даводзілася ў дужках расшыфроўваць, што тое слова азначае. Але, мяркую, сёння гэтае паняцце “на слыху” і вядомае кожнаму супрацоўніку сферы культуры Беларусі.
Лічу так таму, што мінулы год можна без перабольшання назваць годам культурнага краўдфандынгу. На розных інтэрнэт-платформах — “Талака”, “Мае сэнс”, “Улей” — дзясяткі людзей выкладвалі свае праекты і зацікаўлівалі імі беларусаў, якія пасля станавіліся спонсарамі і мецэнатамі самых розных культурных ініцыятыў. Хтосьці збіраў грошы на выданне кніг, іншыя прасілі фінансаў на запіс дыска ці паездку з гастролямі за мяжу, а нехта спрабаваў зняць кароткаметражную стужку ці зладзіць спектакль за кошт сродкаў ахвярадаўцаў…
Самае галоўнае, што многія з гэтых праектаў былі паспяхова рэалізаваны — пра тое цягам года неаднойчы пісала “К”. Мяркую, у наступным годзе гэты, яскрава абазначаны трэнд Года Культуры, абавязкова працягнецца, а названыя інтэрнэт-платформы займеюць яшчэ большую колькасць цікавых праектаў, сярод якіх, натуральна, будуць і на культурную тэматыку.
І тут вельмі важна, каб да гэтага трэнду падключыліся як установы культуры Беларусі, так і асобныя супрацоўнікі сферы. Крэатыву ў айчынных бібліятэкараў, клубнікаў, музейшчыкаў заўсёды было даволі. На жаль, многія цікавыя задумы часцяком заставаліся “пыліцца” ў шафах ці на антрэсолях — не заўсёды на іх рэалізацыю ставала бюджэтнага фінансавання. А вось цяпер з’явілася рэальная магчымасць не толькі спланаваць, але і ажыццявіць задуманае. Так што ўсім зацікаўленым варта пацікавіцца вопытам тых, хто сабраў грошы на свой праект з дапамогай краўдфандынгу, улічыць іх заўвагі і выходзіць са сваімі культурнымі ініцыятывамі “ў народ”. Цікава, хто з культработнікаў Беларусі “засвеціцца” ў 2017-м годзе на краўдплатформах першым?
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
Ау, мастацтвазнаўцы!..
Год 2016-ы, Год Культуры — адбыўся, на мой погляд, вельмі разнастайным у сэнсе выяўленчага мастацтва, асабліва што тычыцца выставачнай дзейнасці. У Мінску і рэгіёнах працавалі шматлікія буйныя і маленькія мастацкія выстаўкі, біенале і трыенале, пленэры, арт-праекты; арганізоўваліся экспазіцыі і ў замежных краінах.
Наша газета, па магчымасці, імкнулася найбольш яркія падзеі ў гэтай галіне асвятляць на сваіх старонках. Зразумела, што нельга ахапіць неабсяжнае, але, тым не менш, штосьці рабілася дастаткова прафесійна і цікава. Праўда, можна было пачуць ад чытачоў: чаму некаторыя экспазіцыі і наогул мастацкія падзеі атрымалі права быць на старонках “К”, а іншыя на погляд “апанентаў”, не менш важныя, — не. Чаму так, маўляў, мала глыбокіх і прафесійна-пераканаўчых даследаванняў у глыбінных ацэнках сацыяльна-культурных праблем, якія пастаянна ўзнікаюць у сучасным выяўленчым свеце.
Тым не менш газета “Культура” — дастаткова сур’ёзна, у меру сваёй магчымасці, нясе прызначаную ёй функцыю прапагандыста лепшых узораў таго, што адбываецца ў мастацтве не толькі Беларусі. Іншая справа, што, на жаль, вельмі вузкае кола мастацтвазнаўцаў і арт-крытыкаў — сяброў нашай газеты, нягледзячы на тое, што творчая секцыя мастацтвазнаўства і крытыкі БСМ па колькасці пераваліла за 40 чалавек. А колькі з іх друкуюцца ў “К”? Не больш за пяць-шэсць… Але галоўнае нават не ў гэтым. Галоўнае ў тым, як на нашых старонках разабрацца, што сёння ёсць добра ў нашым выяўленчым каралеўстве, а што — дрэнна. Бо якасныя крытэрыі, на жаль, адсутнічаюць, а яны патрэбныя ў сучаснай рэчаіснасці як ніколі. У гэтым сэнсе хацелася б адчуць рэальна ініцыятыву маіх калег па мастацтвазнаўчым цэху, пачуць “крытычны” голас маладых, няхай нават і “зялёных” сябраў секцый, якія будуць інфармаваць чытача не толькі пра чарговыя выстаўкі, але і ставіць праблемы, зыходзячы з трансфармацыі сацыяльных і культурных кантэкстаў новага часу. Зразумела, што сёння мастацкае жыццё Беларусі раздзялілася на два крылы — “класічнае” і “актуальнае”. Такая сітуацыя ўяўляе з сябе ўстойлівую тэндэнцыю развіцця выяўленчага мастацтва не толькі ў нашай краіне, але і ў Еўрасаюзе, ЗША, краінах СНД, Балтыі. А вось у чым асаблівасць гэтай з’явы — пакуль дастаткова не прааналізавана…
А яшчэ, мне здаецца, важна звярнуцца і да такога “старамоднага” сюжэта, як пазіцыя беларускага крытыка. Гаворка не пра “пазіцыянаванне” — гэта маркетынгавы, рынкавы тэрмін — але пра асобасную актуалізацыю зыходнага значэння лацінскага positio: маё (месца) становішча, мой тэзіс, мая тэма. Па-за гэтым першасным самавызначэннем метадалогія бясплодная. Чаму б не зрабіць дыскусію пра гэта на старонках “К”? І наогул — чаму адсутнічае сацыяльная запатрабаванасць мастацтва? Чаму знікаюць вялікія мастацкія падзеі апошніх гадоў? І гэтак далей. Пытанні, пытанні, пытанні… А хто ж на іх будзе адказваць, ці хаця б спрабаваць адказаць, як не “Культура”?
Барыс КРЭПАК
Без “перніка” не абысціся
“Год Культуры” чакаўся ў нашай краіне даўно. На яго спадзяваліся не толькі работнікі культуры, але і многія іншыя жыхары нашай краіны, жадаючы ўбачыць у сваіх гарадах і вёсках адмысловыя арт-мерапрыемствы. Так склалася, што мінулы год вызначыўся не столькі ў падзеях, канцэртах, колькасных паказчыках, колькі ў звернутасці да сферы культуры шырокай грамадскасці.
Але можна смела сказаць, што ў рэгіёнах культура сапраўды становіцца брэндам, а гарады ды аграгарадкі славяцца не толькі сваімі прадпрыемствамі, але і музеямі, фестывалямі, святамі, дамамі рамёстваў, арыгінальнымі культурнымі праектамі. У той жа час “Год культуры” выявіў шэраг болевых кропак развіцця рэгіянальнай культуры. Паспрабуем акрэсліць некаторыя. Ці не самая галоўная з іх палягае ў тым, што ў работніка культуры павінен быць стымул для крэатыўнасці. Неаднаразова ў час мінулагодніх паездак па рэгіёнах краіны ад раённага кіраўніцтва даводзілася чуць, што супрацоўнікі ўстаноў культуры руплівыя, ды вось толькі не могуць прапанаваць якасна новы прадукт, аднолькава цікавы і для мясцовага жыхара, і для турыста. Не ведаюць (і асабліва ведаць не жадаюць) яны і як павялічыць план па аказанні платных паслуг. Без “перніка” ў гэтай справе не абысціся. Вось толькі чым стымуляваць работнікаў культуры — пытанне хутчэй да законатворцаў і мясцовай улады.
Маецца і другі варыянт вырашэння праблемы развіцця. У набыцці ўстановамі культуры адметнага (брэндавага) праекта, свята. Некалькі гадоў таму такую ініцыятыву вылучыў тагачасны начальнік Гомельскага абласнога ўпраўлення культуры Алег Рыжкоў, абавязаўшы кожны музей у рэгіёне займець сваё ўнікальнае аблічча, пачынаючы з арыгінальнай назвы. Прыемна здзівіліся, калі даведаліся, што з Гродзенскага аблвыканкама летась выйшла ініцыятыва па брэндзіраванні сельскіх устаноў культуры, пра што вядзецца гаворка ў матэрыяле чарговага аўтатура (с. 10). Да слова, ужо не адзін год сельскія бібліятэкі ў многіх раёнах краіны маюць свой профіль, на жаль, збольшага фармальна.
Яшчэ адна болевая кропка — віртуалізацыя. Да прыкладу, Нацыянальная бібліятэка Беларусі даўно зразумела, што пры зніжэнні рэальных наведвальнікаў, каб не згубіць чытача, трэба павялічваць колькасць віртуальных. Некаторыя могуць запярэчыць: маўляў, не пойдуць людзі на старонку нейкай сельскай бібліятэкі ці клуба. Перакананы, што пойдуць, вядома, пры цікавым напаўненні, арыгінальных і рэгулярных допісах, звернутых не да абстрактнага, а да канкрэтнага мясцовага жыхара. Або чаму не зрабіць у сацсетках апытанне адносна напаўнення ці фармату вясковага свята? Пры такім падыходзе і людзі будуць часцей хадзіць на мерапрыемствы, і супольнасць — вясковая ды гарадская — будзе больш трывалай.
Кастусь АНТАНОВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА, Кастуся АНТАНОВІЧА, Таццяны МАТУСЕВІЧ і з архіва "К"