“Славянскі базар…” “вырас” з фестывалю польскай песні. Як адзначылі на прэс-канферэнцыі, публіку чакае гістарычная падзея: удзельніца таго фэсту знакамітая польская спявачка Марыля Радовіч прыедзе на “Славянскі базар…” і сумесна з народным артыстам Расіі Валерыем Лявонцьевым выканае сумесны нумар.
Наогул жа, на цырымоніі адкрыцця якраз і звернуцца да ўспамінаў: з чаго пачынаўся фестываль, хто ўнёс свой уклад у тое, каб фестываль не проста існаваў, а паўнавартасна жыў і развіваўся.
Сёлета і наогул шмат юбілеяў. Адзін з іх асаблівы для “Славянскага базара” — 75 гадоў са дня нараджэння народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна, таму цырымонія адкрыцця будзе прысвечана памяці гэтага творцы. Скажам, песню “Белавежская пушча” выканае па-новаму замежны выканаўца. У Віцебскай абласной філармоніі ў рамках “Славянскага базару…” пройдзе канцэрт, у якім будзе прадстаўлена адроджаная дырыжорам, заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Крамко рок-опера “Песня пра долю”: яна прагучыць у першым аддзяленні, а ў другім — песенныя творы Мулявіна.
Як адзначалася раней, усяго ў праграме больш за 100 мерапрыемстваў. Шмат заявак паступала як ад калектываў аматарскіх, так і ад прафесійных, таму быў сур’ёзны адбор. У гэтым годзе, як абяцаюць арганізатары, будзе шырокая выставачная праграма — 11 праектаў на любы густ: Марк Шагал, фотавыставы, сумесная беларуска-кітайская экспазіцыя… Пройдуць таксама гала-канцэрты майстроў мастацтваў Чэхіі і Ізраіля. Акрамя эстраднага жанру прадставяць шансон, маладзёжную папулярную музыку…
Ужо атрымаў папулярнасць сярод гледачоў у папярэднія гады праект “Europa Plus TV. Hit Non Stop у Віцебску”. У праекце “25 імгненняў лета” выступяць 25 уладальнікаў Гран-пры і лаўрэатаў конкурсу віцебскага фестывалю.
Упершыню сёлета адбудзецца цырымонія ўзняцця сцяга “Славянскага базару…”. Плануецца, што традыцыйную прэмію “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення” ўручыць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, а на плошчы зорак з’явіцца яшчэ адна пліта з іменем таго, хто яе атрымае. А яшчэ юбілейны фестываль паб’е рэкорды: летась сюды прыехалі 42 краіны, а ў 2016-м чакаюць 44. Ну а гледачоў па папарэдніх падліках будзе больш на 5 тысяч у параўнанні з мінулым годам.