Пад мантыяй безразважнага Арлекіна

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

Кіназорка з Крывеля: спроба аб’ектыўнага аналізу біяграфіі Пятра Алейнікава
Сёння "К" завяршае расповед пра знакамітага савецкага кінаартыста — беларуса Пятра Алейнікава.

/i/content/pi/cult/588/13058/15-1.jpg(Заканчэнне. Пачатак у №№ 15, 16, 18, 20.)

А вось яшчэ меркаванне на гэты конт. Драматург Якаў Касцюкоўскі, аўтар сцэнарыяў лепшых камедый Леаніда Гайдая, цвёрда запэўніваў, што алкаголікам Алейнікаў не быў. Як і ўсе: бываў трошкі нападпітку, калі браў на грудзі чарку. На жаль, у гэта паверыць цяжка. Напрыклад, як тады зразумець выпадак, які адбыўся з акцёрам усяго за два гады да смерці? На Украіне Алег Барысаў у якасці рэжысёра здымаў свой першы (і апошні) фільм “Сцежкі-дарожкі”, і на ролю паштальёна Гаўрылы Дудкі запрасіў Алейнікава. У галоўных ролях — сам рэжысёр і Яўген Веснік, сябра і “апякун” Алейнікава ў сэнсе “каб той не сарваўся”. І жылі яны ў адной хаце. Здымкі праходзілі ў вёсцы Сялішча пад Вінніцай. Спачатку Пётр Мартынавіч вёў абсалютна цвярозы лад жыцця. Але так здарылася, што Весніку патрэбна было на чатыры дні вылецець у Маскву. І тут жа мясцовы кінамеханік ласкава “падкаціў” да Алейнікава. Вось і пачаліся штодзённыя выпіўкі, якія ледзь не скончыліся трагедыяй. Пасля адной такой бурнай “сяброўскай сустрэчы”, “трошкі падпіўшы” Алейнікаў зайшоў у лес і там, вобразна кажучы, “от литра выпитого” (паводле Уладзіміра Высоцкага) зваліўся ў глыбокі яр. З вялікай цяжкасцю яго адшукалі і — самалётам адправілі ў Маскву. А ўсе эпізоды фільма з яго ўдзелам перазнялі: ролю паштальёна сыграў Павел Шпрынгфельд.

З іншага боку, Алейнікаў мог браць сябе ў рукі і быць у “завязцы”. У сярэдзіне 1950-х малады рэжысёр Станіслаў Растоцкі пачаў здымаць фільм “Зямля і людзі”. Хтосьці прапанаваў яму зняць і Пятра Алейнікава, маўляў, без работы той зусім сап’ецца. Растоцкі сустрэўся з Алейнікавым, спытаў, ці можна спадзявацца на тое, што ён не падвядзе. Акцёр даў цвёрдае слова не браць у рот ні кроплі. І абяцанне сваё стрымаў.

Знакамітая актрыса Таццяна Акунеўская, адразу пасля вызвалення з ГУЛАГу, восенню 1954-га выпадкова сустрэла Пятра Мартынавіча на маскоўскім Арбаце: “Пеця зусім аслупянеў, калі ўбачыў мяне, а з цудоўных, невытлумачальных яго вачэй — калі б такія вочы былі на адлюстраванні Хрыста, то веруючых стала б на шмат мільёнаў больш, — паліліся слёзы. Потым ачомаўся, пацягнуў мяне ў суседнюю шашлычную. “Мне, кажа, зараз піць нельга, а ты, Танюша мілая мая, можаш піць і есці. Што ты хочаш?” Кліча афіцыянта і замаўляе ўсё меню…” Таццяна Кірылаўна здымалася разам з Алейнікавым у фільме “Аляксандр Пархоменка” (роля Веры Быкавай)…

Аднак прынцыпова змяніць што-небудзь у лепшы бок у лёсе Алейнікава ўжо нішто не магло. Хвароба зайшла занадта далёка. Давялося нават аднойчы пакінуць сям’ю і жыць у чужых людзей. І так здарылася, што ў канцы 1950-х Алейнікаў аказаўся зусім выкінутым за борт вялікага кінематографа. А гледачы здзіўляліся: куды знік з экранаў іх улюбёнец? Нікуды ён не знік, проста так склаліся абставіны, што яго перасталі запрашаць у свае карціны асцярожныя рэжысёры. А калі хто і запрашаў, то хутка вымушаны быў замяняць яго на іншых акцёраў. Праз захапленне алкаголем акцёр страціў ролі ў фільмах “Адмірал Нахімаў”, “У квадраце 45” … Мала таго, усё часцей адольвалі артыста хваробы: ён перанёс аперацыю на назе, у пачатку 1960-х яго “дагнаў” мокры пляўрыт. Але знаходзячыся ў бальнічнай палаце, ён мог з сябрамі выпіць і нават, парушаючы строгі рэжым, сплясаць “Лявоніху” з прыпеўкамі: “А Лявоніха не ладна была, / Нямытую мне кашульку дала, / Нямытую, не качаную, / У суседа пазычаную…”

Арына Алейнікава, актрыса (Віктар Тураў здымаў яе ў ролі Веры ў фільме “Я родам з дзяцінства”): “Тата быў вельмі прыгожым. Аднойчы на здымках фільма ў Крыму штосьці адбылося ў яго са страўнікам. Аперацыя прайшла ўдала. Маці расказала, што хірург захапляўся: “Перада мной ляжыць Апалон!” Настолькі ідэальным было тачонае цела! Такім ён быў ад прыроды. Сам машыну не вадзіў і не хацеў вадзіць, ездзіў толькі на таксі. Тата любіў сябе падаць, не без таго. Касцюмы яму шылі ў краўца па фігуры, ніколі не насіў купленых. Вельмі любіў бываць сярод простага люду. Але людзі ў чымсьці і жорсткія — пачынаюць, нават ведаючы яго згубную звычку: “Пётр Мартынавіч, ну што, ці не вып’еце з намі?” А той не мог адмовіць…”

І далей згадвае Арына Пятроўна: “Тата быў вольным чалавекам. Любіў заходзіць у аддзяленне міліцыі. Травіў там байкі, і міліцыя яго вельмі паважала. Хадзіў чамусьці ў французскае пасольства ў Маскве — яго туды спакойна пускалі. Бацька там гуляў па двары. Шчыра кажучы, не вельмі любіў савецкую ўладу. Падвыпіўшы, мог публічна лаяць Хрушчова. Пасля такіх нападак на правадыра супрацоўнікі органаў ветліва бралі яго пад локаць, праводзілі дадому і аддавалі маці: “Валянціна Іванаўна, беражыце яго…”

Аднак, нягледзячы ні на што, сваю малую радзіму Пётр Мартынавіч ніколі не забываў, час ад часу наведваў маці, якая дажыла да 1962 года. Аднойчы нават прыехаў у Крывель з Барысам Андрэевым на блакітнай “Победе” і з задавальненнем правёў разам з сябрам своеасаблівыя акцёрскія “майстар-класы” з жыхарамі і школьнікамі.

Аб’ектыўна кажучы, з Алейнікава не здзекваліся, не таскалі на “гутаркі” ў высокія інстанцыі, імкнуліся “перавыхоўваць”. Напрыклад, з дапамогай міністра культуры СССР Кацярыны Фурцавай акцёр атрымаў добрую двухпакаёвую кватэру (каля 65 “квадратаў” у самым прэстыжным месцы Масквы — у высотным доме на Кацельніцкай набярэжнай, 1/15. Тут у розныя часы жылі яго калегі, з якімі Алейнікаў працаваў у кіно: Фаіна Ранеўская, Нона Мардзюкова, Лідзія Смірнова, Міхаіл Жараў, Клара Лучко, Мікіта Багаслоўскі, а таксама Галіна Уланава, Аляксандр Твардоўскі, Людміла Зыкіна, Андрэй Вазнясенскі, Барыс Новікаў… Іншая справа, што многія з тых буйных дзеячаў культуры і чыноўнікаў высокага рангу, ад каго хоць штосьці залежала ў лёсе Алейнікава, на ўсялякі выпадак перастрахоўваліся, каб чаго не выйшла — і ў выпадку “надзвычайнай сітуацыі”, як кажуць, хаваліся ў кусты.

Аднойчы адбылася такая гісторыя. У пачатку вайны ў рэстаране “Масква” сябра Алейнікава Барыс Андрэеў апынуўся за адным столікам з двума незнаёмымі мужчынамі ў цывільнай вопратцы. Спачатку гаворка ішла спакойна, але потым Барысу Фёдаравічу штосьці не спадабалася ў тым чалавеку, які, па ўсім відаць, быў начальнікам над сваім таварышам: паводзіў сябе занадта нахабна. Узнікла сварка, у выніку якой Андрэеў не ўтрымаўся і ўрэзаў сваім кулачышчам па ілбе начальніку. Той зваліўся на падлогу разам з абрусам з закускай і спіртнымі напоямі. На падмогу кінуўся падначалены, але і ён ад андрэеўскага ўдару апынуўся побач з калегам. Словам, Барыс Фёдаравіч раз’юшыўся не на жарт. А людзі гэтыя, аказваецца, былі няпростыя — старшы маёр дзяржаўнай бяспекі НКУС са сваім ад’ютантам. Тады гэта званне адпавядала званню камдыва ў сухапутных войсках, пазней — генерал-маёра. Зразумела, выклікалі падмогу, на артыста надзелі кайданкі і пасадзілі ў “варанок”. (Калісьці я спрабаваў выявіць імя гэтага чэкіста, але не ўдалося: да верасня 1941 года, пачынаючы з 1935-га, такое званне меў 141 чалавек.) Ну а Андрэеву хутка прышылі контррэвалюцыйную агітацыю і прапаганду, выказванні тэрарэстычных намераў і падрыхтоўку замаху на таварыша Сталіна. Прысуд па артыкуле 58-10 КК РСФСР мог быць па-ваеннаму сціслым і акрэсленым: расстрэл! І практычна ўсе калегі акцёра і кіраўнікі кіно, зразумелая рэч, імгненна зніклі “як сон, як ранішні туман”. І толькі адзін Пётр Алейнікаў некалькі разоў імкнуўся трапіць на прыём да наркама ўнутраных спраў СССР Лаўрэнція Берыі, каб хоць неяк абараніць свайго сябра. Але вышэй за яго намесніка — камісара дзяржбяспекі 3-га рангу Васіля Чарнышова дабрацца не ўдалося. Тут адказ быў адзін: канчатковая справа арыштаванага Андрэева разглядаецца на самым-самым “версе”. Аднак, як сведчыць легенда, Сталін, які паважаў Андрэева-акцёра, дараваў яго “правіннасць”: “Не чапаць! Хай жыве!” Мала таго, пасля фільмаў “Сказанне пра зямлю Сібірскую” і “Падзенне Берліна” правадыр даў яму, адну за адной, дзве Сталінскія прэміі (абедзве І ступені) за ролі, адпаведна, Якава Бурмака і Аляксея Іванова…

Унікальнае сяброўства

Пасля здымак у пясках Каракума фільма “Спаталенне смагі” хворага акцёра (яго дабіла і неймаверная спякота, і цяжкія здымкі ў час купання ў арыку, і наогул хранічнае аслабленне арганізма) з Ашхабада даставілі ў Маскву на самалёце “Іл-18” і вынеслі па трапу на медыцынскіх насілках. Ніхто з пасажыраў не пазнаў Алейнікава: настолькі ён быў змарнелы і знясілены хваробай.

Пётр Мартынавіч памёр 9 чэрвеня 1965 года ў адным з карпусоў 4-га Упраўлення Крамлёўскай бальніцы па Граноўскім завулку. Лячыў яго хірург Іван Глотаў, той самы, які “даглядаў” Андрэя Грамыку, балерын Галіну Уланаву і Іолу Тарнагі, Аляксея Тупалева, Паліну Жамчужнікаву, жонку Вячаслава Молатава, і многіх міністраў, пазней — Віктара Чарнамырдзіна, ды іншых знакамітасцяў. У сваіх успамінах ён расказваў: “Спачатку мы выразалі Алейнікаву адно лёгкае, але потым пухліна перакінулася на другое. Акцёр яшчэ ўжываў спіртнога шмат… Зазірнуў неяк да яго ў палату, куды павінны былі прыйсці наведаць свайго сябра Андрэеў з Кручковым, а нікога ў палаце няма. Усю бальніцу на вушы паставіў і знайшоў яго ў падвале, а ён там напіўся з шафярнёй і на стале танчыць...”

…Узнікла пытанне: на якіх могілках трэба пахаваць славутага артыста? На Ваганькаўскіх? Ці Траекураўскіх? Або Кунцаўскіх? Пакуль родныя думалі-мазгавалі, Барыс Фёдаравіч Андрэеў, адзіны яго сябра на ўсё жыццё, ні з кім не раячыся, моўчкі надзеў на грудзі “іканастас” сваіх узнагарод: знакі двойчы лаўрэта Сталінскай прэміі І ступені, народнага артыста СССР і РСФСР, ордэны Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Чырвонай Зоркі, шмат медалёў — і пайшоў да тагачаснага старшыні выканаўчага камітэта Массавета Уладзіміра Промыслава. Вось, кажа яму, такая справа: “Пеця Алейнікаў перад смерцю мне казаў, што марыць ляжаць на Навадзевічых могілках. Дык ці нельга…” — “Ніяк нельга, — перапыніў “гаспадар” Масквы, — таму што на гэтых могілках па рашэнні ЦВК РСФСР ад 1927 года належыць хаваць толькі “людзей з грамадскім становішчам”, у дадзеным выпадку толькі народных артыстаў СССР, Герояў Сацыялістычнай працы, членаў ЦК і гэтак далей. А ваш Алейнікаў не быў нават заслужаным артыстам…” — “А любоў народная, па-вашаму, нічога не значыць? А што, вы не ведаеце, якім ён быў акцёрышчам?” — нізкім сваім голасам грукатаў Андрэеў. “Ніяк не магу, — стаяў на “варце парадку” Промыслаў. — Нельга, Барыс Фёдаравіч, пры ўсёй да вас павазе…” І тады Андрэеў, адкінуўшы цырымоніі, грукнуў па сталу сваім вялізным кулачышчам: “А я памру — мяне куды знясуць?” — “Ну з Вамі будзе ўсё па законе: Вас па ўсталяваным разрадзе пахаваюць на Навадзевічых як народнага СССР…” — “Значыць, так, — прагрымеў Андрэеў. — Афіцыйна патрабую: пакладзіце Пецьку ў маю магілу, на Навадзевічым. А мяне — хоць пад агароджай…”

І дамогся свайго гэты дзіўны чалавек. І ляжыць сёння Пётр Мартынавіч Алейнікаў пад шэрай гранітнай плітой на маскоўскіх галоўных “дзяржаўных” могілках на ўчастку № 6 (19 рад) побач з жонкай Валянцінай Іванаўнай Лебедзевай, якая перажыла мужа на 28 гадоў. А Барыс Андрэеў — на 2-м участку Ваганькаўскіх могілак. Таксама побач з жонкай Галінай Васільеўнай Андрэевай, якая вельмі хутка пайшла ўслед за мужам у 1984 годзе. Калі я пабачыў гэту прамавугольную вертыкальную гранітную стэлу з фатаграфіяй акцёра і адпаведным надпісам, чамусьці ўзгадаў яго трапныя афарызмы, дакладней, “ахрэнізмы”, “афанарызмы”, як называў іх сам аўтар. Мала хто ведае, але Андрэеў быў вельмі адукаваным чалавекам сапраўднага філасофскага мыслення. Мне, напрыклад, падабаюцца такія яго афарызмы: “Мастацтва жыве паўсюль, акрамя казённага дома”; “Ні грама болей, ні глытка,” — сказаў я сабе замагільным голасам”; “Бадзяга Байкал пераехаў” — усцешная гістарычная падзея, якая паслужыла прычынай радаснай весялосці для мноства пакаленняў рускага народа”; “Лішняй чаркай аказалася першая”; “Дзве асобы з захапленнем глядзяць на дубовы гай: адна бачыць у ім дошкі і бочкі для выканання вытворчага плана, другая — прыроду творчага натхнення”. “Змяя хоць і сімвал мудрасці, а па параду да яе хадзіць не рэкамендуецца”. І, нарэшце: “Певень без стомы разграбаў гнойную кучу, а ўся дваровая птушка нервавалася: а раптам па-сапраўднаму адшукае жамчужнае зерне”. Вельмі сучасная думка… Упэўнены, Пятру Мартынавічу такія “афанарызмы” сябра прыйшліся б па сэрцы.

І самы апошні перадсмяротны запіс у дзённікавым сшытку Андрэева (1982): “З першага чалавечага кроку пачынаецца вялікі шлях, да асэнсавання якога ты павінен прыйсці ў канцы сваёй біяграфіі”. Барыс Андрэеў — прыйшоў. Петр Алейнікаў асэнсаваць свой фінал жыццёвай дарогі, магчыма, не паспеў. Але дзіўна, што яны, беларус Алейнікаў і валжанін Андрэеў, гэтыя самабытныя зоркі савецкага кіно, чароўныя, непараўнальныя, непаўторныя, своеасаблівыя, нягледзячы на рознасць характараў, былі такімі падобнымі ў галоўным — у сваёй арганічнай чалавечай непаказушнай любові да Яго Вялікасці Мастацтва, якое па-сапраўднаму любілі мільёны людзей. Дзеля яго, гэтага Мастацтва, яны і былі народжаны на гэты свет…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"