Са статусам і без

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

Па колькасці элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, узятых пад ахову дзяржавы як гісторыка-культурная каштоўнасць, Лельчыцкі раён саступае толькі Гродзенскаму. У Лельчыцкім раёне ахоўваюцца тры элементы, у Гродзенскім — пяць.

/i/content/pi/cult/587/13004/12-2.jpgАкрамя згаданай тройкі, гаворка пра якую пойдзе найперш, у раёне шмат фальклорных гуртоў і майстроў, творчасць якіх таксама магла б прэтэндаваць на статус каштоўнасці, аднак гэта патрабуе афармлення пакета дакументаў, што не заўсёды проста. Багацце традыцыйнай культуры раёна можна было б паспрабаваць “спісаць” на тое, што ён найбольшы ў краіне па плошчы, але хутчэй справа ў тым, што тут — унікальны рэгіён, на мяжы беларускага Усходняга ды Заходняга Палесся і Украіны. Не спыняюцца абрады, не сціхаюць песні, нягледзячы на тое, што раён — у зоне з правам на адсяленне: тры вёскі спазналі гэткі лёс адразу пасля чарнобыльскай катастрофы.

Новапалескія спевы

У Новым Палессі спачатку хацелі падаць на статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці абрад “Грамніцы”. Ён складаецца з карагоду, падчас якога жанчыны-ўдзельніцы гукаюць вясну, трымаючы ў руках асвечаныя ў царкве свечкі. Пасля на санках вязуць да прыдарожнага крыжа ўпрыгожаную ёлку. Звычайна да моманту, калі прыходзяць удзельніцы гурта “Палескія напевы”, на крыжы ўжо вісіць адна ёлка. У Новым Палессі вераць, што спраўдзіцца жаданне таго, хто павесіць дрэўца на крыж першым — гэта своеасаблівы аброк. Таму людзі імкнуцца зрабіць тое яшчэ да ўзыходу сонца. Хаця новапалескія Грамніцы і не былі ўзятыя пад ахову, свята застаецца ў вёсцы самым папулярным. Менавіта на Стрэчанне сюды едуць госці. Між тым, у Новым Палессі святкуюць яшчэ Каляды. Гурт “Палескія напевы” звычайна адкрывае раённае каляднае свята ў Лельчыцах. Гэта не замінае ім калядаваць у роднай вёсцы: па Новым Палессі гурт ходзіць увечары 6 студзеня, а раённае свята звычайна ладзіцца 7-га ці 14-га. Яшчэ ў Новым Палессі святкуюць Дабравешчанне, Юр’я, водзяць Маю на першы дзень Троіцы, робяць Засеўкі, Зажынкі, Дажынкі. Адноўлены па расповедах старажылаў вясельны абрад. Летась нават у сапраўдным вяселлі паўдзельнічалі, усё зрабілі, як належыць. Гурт запрасіла на вяселле ўнукаў былая культработніца. Спадзяемся, традыцыйныя вяселлі набудуць папулярнасць і сярод не звязаных з культурай.

Дакументы на абрад “Грамніцы” не прайшлі экспертызу навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, таму было вырашана засяродзіцца не на свяце, а на стылі выканання традыцыйных песень. “Палескія напевы” не маюць дзіцячага гурта-спадарожніка, таму паўстае пытанне пераемнасці элемента НКС. Арганізоўваюцца паездкі спявачак у школу вёскі Ударнае (з’яўляецца цэнтрам сельсавета і знаходзіцца за 10 км), дзе яны выступаюць, расказваюць дзецям пра традыцыі, удзельнічаюць у сумесных мерапрыемствах. Дзеці часам наведваюць бабуль: школа выдзяляе аўтобус.

Тонежская Чырка

Падобная да новапалескай сітуацыя і ў Тонежы: шмат людзей наведвае вёску на Масленіцу, калі адбываецца абрад гукання вясны “Чырачка” (кажуць таксама “Чырка”). Мала хто ведае, што гурт “Таняжанка” — таксама носьбіт мясцовага стылю выканання. Гурты Лельчыцкага раёна выступаюць у Мінску, Маскве, Любліне. “Таняжанку” неяк віталі авацыямі некалькі хвілін на польскай сцэне. Тады бабулі нават выступілі ў начным клубе з танцавальнай праграмай.

“Таняжанка” мае дзіцячы гурт-спадарожнік, які ўдзельнічае ва ўсіх святах і абрадах. У Тонежы святкуюць Каляды, Засеўкі, Троіцу (завіваюць бярозкі, водзяць карагоды), Зажынкі, Дажынкі. Калядуюць 7 студзеня, бо 6-га падчас вайны вёска была спалена. Лёс Тонежа лёг у аснову сюжэта фільма “Ідзі і глядзі”. Загінуўшым аднавяскоўцам быў пастаўлены помнік, пасля вайны на 9 мая жанчыны збіраліся ля яго і галасілі. Традыцыя затухала са смерцю жанчын, чые родныя тады загінулі, і зусім спынілася са смерцю Ганны Вянгуры, выдатнай песенніцы. Фактычна гэта традыцыя аднаго пасляваеннага пакалення. Так, галашэнні сыходзяць з побыту. Тым не менш, у вёсцы Дзяржынск Лельчычыны дасюль галосяць на пахаваннях.

“Каменныя дзевачкі”

Шанаванне “каменных дзевачак” у Баравым і Данілевічах аб’яднана ў адну гісторыка-культурную каштоўнасць. Між тым, традыцыі ў гэтых вёсках розняцца. Падобная сітуацыя назіраецца з мясцовым стылем выканання традыцыйных песень у Любанскім раёне, прадстаўленым гуртамі “Журавушка“ (Ямінск), “Глыбокія крыніцы” (Закальное), “Павалякі“ (Обчын). Па-першае, манера выканання ў кожным гурце адметная. Па-другое, у раёне дзейнічае яшчэ 8 аўтэнтычных гуртоў, якія спяваюць не горш за тыя, што “са статусам”. Таму, падаецца, ці браць пад ахову ўсіх разам, ці выбіраць па адным. Але па якім прынцыпе? Кожны элемент нематэрыяльнай спадчыны каштоўны.

Разам з “каменнымі дзевачкамі” на Вялікдзень мяняюць ці дадаюць новы тэкстыль на драўляныя прыдарожныя крыжы. Акрамя Данілевічаў і Баравога каменныя і драўляныя крыжы “апранаюць” у вёсках Тонеж, Іванава Слабада, Ліпляны, Мілашэвічы таго ж Лельчыцкага раёна.

У Баравым святкуюць Саракі з карагодамі і песнямі. За славай “дзевачак” гэты абрад губляецца. Узяцце пад ахову паўплывала на большую інфармаванасць пра лельчыцкіх “дзевачак” і ў межах раёна, і па ўсёй Беларусі, і ў іншых краінах. Праўда, крыж у Баравым апынуўся трохі “ў ценю” данілевіцкага. Гэта і праз большую наведвальнасць “дзевачкі” ў Данілевічах, і з-за таго, што распаўсюджваюцца практыкі, раней нехарактэрныя для Баравога. Некаторыя мясцовыя жыхары кажуць, што раней, прыкладна да 1970-х, “дзевачку” ў Баравым увогуле не апраналі. Не звалі яе Еўкай, як у Данілевічах. Імя з’явілася толькі апошнім часам. Не палілі старыя “аброкі”, а павязвалі на дрэва побач. Пасля ўзяцця элемента пад ахову вакол камяня ў Баравым з’явіліся плот і драўляны крыж з абразом унутры агароджы.

У Данілевічах галоўнымі захавальніцамі абраду з’яўляюцца жанчыны, якія раней спявалі ў фальклорным гурце пры клубе. Яны сёлета палілі старыя аброкі з “дзевачкі” і драўляных крыжоў у Красную суботу. Цяпер клуб ператвораны ў Дом сацыяльных паслуг (па графіку адчыняецца раз на месяц), але жанчыны працягваюць збірацца, спяваць. Як і ў Галавенчыцах Чавускага раёна, наяўнасць у вёсцы гісторыка-культурнай каштоўнасці не ўратавала клуб ад аптымізацыі: установа зачыняецца, калі ў населеным пункце менш за 100 жыхароў…

Аптымізавалі і ўстановы культуры ў саміх Лельчыцах: цяпер адной структурай (Раённым цэнтрам культуры і народнай творчасці) сталі ранейшыя раённы метадычны цэнтр, гарадскі цэнтр культуры і аўтаклуб. Дырэктар установы, Тамара Некрашэвіч адзначае, што нагрузка ўзрасла. Сярод станоўчых момантаў аптымізацыі кажа пра магчымасць захаваць вопытныя кадры, якія займаюцца ў тым ліку аховай і папулярызацыяй нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Дырэктар Лельчыцкага раённага краязнаўчага музея Таццяна Мазур распавяла, што папулярызацыяй нематэрыяльнай культурнай спадчыны займаецца і яе ўстанова. Распрацавана праграма для дзяцей, сярод іншых мерапрыемстваў запланаваны выезды ў Новае Палессе, Тонеж.

Наогул, усе гурты раёна сутыкаюцца з прыкладна аднолькавымі складанасцямі. Хочацца больш выступаць, паказваць сябе. Арганізатары замежных фестываляў не могуць высылаць запрашэнні за год, калі складаецца фінансавы план аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Таму аддзел дапамагае гуртам па меры наяўнасці сродкаў, скажам, дае транспарт. У раёне захоўваецца ў жывым бытаванні культура бортніцтва: борці можна пабачыць і ля сядзіб, і ў лесе, і на могілках. У адным Баравым тры бортнікі. Аднак промысел паступова занепадае ці замяшчаецца прысядзібным пчалярствам.

Багацце і жывасць традыцый Лельчыцкага краю ўражвае. Пакуль афіцыйны статус прынёс нематэрыяльным гісторыка-культурным каштоўнасцям вядомасць, некаторую спарадкаванасць. Застаецца спадзявацца, што “нястатусныя” элементы не застануцца без увагі.

Мінск — Лельчыччына — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"